Сэрца на далонi, частка 3

- А кукуруза? - Кукуруза якраз добрая. На круг цэнтнераў па трыста. - Лепшая, чым летась? - Лепшая! - А летась у вас, здаецца, было па шэсцьсот? Беразоўскi засмяяўся: - Гэта твой друг Раманаў у кабiнеце на паперы вырошчваў па гэтулькi. - Ты ў яго быў трэцiм. Маеш вопыт. - Цяпер за такi вопыт будзеш глядзець на неба вось праз што, - сакратар склаў пальцы ў выглядзе крат. - А не здаецца табе, Барыс Пятровiч, што нежаданне пусцiць журналiста ў слабы калгас - гэта сцэна з той жа оперы "Паказуха"? Беразоўскi пакрыўдзiўся: - Я хацеў памагчы табе напiсаць такi нарыс, за якi цябе, пiсаку, пахвалiлi б, а ты вунь як вытлумачыў... Ну дык кацiся ты ў сваё Загалле. - А як туды дакацiцца? - Добра. Не будзем крыўдзiцца адзiн на аднаго, а то яшчэ пасварымся. Пачакай гадзiны дзве, я правяду нараду дырэктараў школ i пасля завязу цябе сам. Але, блукаючы па райцэнтры, Шыковiч падышоў да склада, дзе стаяла чарга машын са збажыной, i натрапiў у канторы на загальскага старшыню. Грак, калi Шыковiч звярнуўся да яго, акiнуў падазроным позiркам, спытаў коратка: - Хто? - Лектар. Шыковiч не хлусiў: кожны раз, выязджаючы ў раён, ён браў у абкоме партыi лектарскую пуцёўку. Часцей за ўсё рабiў даклады пра лiтаратуру. Але цяпер яму хацелася расказаць сялянам аб праекце Праграмы, пачуць iх думкi. - Лектар - рэч патрэбная, - паблажлiва дазволiў пад"ехаць супакоены старшыня. Але, пераканаўшыся, што едзе ў калгас птушка невялiчкая, нiякi не рэвiзор, ён тут жа страцiў усялякую цiкавасць да гэтай "рэчы патрэбнай". Шыковiча такое вызначэнне лектара спачатку абурыла, пасля рассмяшыла. Прыгадаўшы ў машыне, што ён - "рэч патрэбная", не стрымаўся - усмiхнуўся, пакруцiў галавой. Дзяўчаты глядзелi на яго як на дзiвака. Зноў лес. Зноў балота, не асушанае, з дзедаўскiмi грэблямi. I вось яно Загалле, вялiкае сяло ў падкове дубовых гаёў. Не вызначаюцца яшчэ асаблiвай навiзной нашы вёскi. Пра гэта многа гаварылi i пiсалi. Пiсаў i Шыковiч. Але амаль усюды, дзе ён нi ездзiў, то бачыў побач са старымi хатамi новыя збудаваннi: цi то тыповая школа, бальнiца, клуб, цi новыя дамы, светлыя, прасторныя, хоць i нетыповыя (кожны будаваў па ўласнаму праекту), шмат дзе цагляныя, пад гонтай i шыферам, i бадай што ва ўсiх калгасах новыя гаспадарчыя пабудовы: кароўнiкi, свiнарнiкi, над якiмi ўзвышаюцца воданапорныя вежы, ветраныя рухавiкi. Усё гэта надае вёскам новы выгляд. Нiчога новага не было ў Загаллi. Сяло ў вайну не гарэла. I ўсё тут было старое. Хаты бадай што дарэвалюцыйныя, прыплюснутыя, з нiзкiмi i маленькiмi акенцамi, з замшэлымi стрэхамi. Быццам i не раслi тут людзi, не жанiлiся, не аддзялялiся ад бацькоў, не заводзiлi свой куток, не дбалi, каб ён быў больш прыгожы, чым дзедаўскi. Калгасныя патрэбы, вiдаць, задавальнялi тыя хлявы i свiрны, якiя злеплены былi пасля калектывiзацыi з абагуленых гумнаў. На доўгай травянiстай вулiцы гуляла многа малых, пасвiлiся шматлiкiя чароды гусей. Вiдаць, праз гэта шафёр вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знiк той лiхач, якi ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Больш, чым выгляд хат, Шыковiча ўразiлi андаракi на старых жанчынах. Даўно ўжо ён не бачыў андаракаў! Сапраўды, этнаграфiчны куток. Кiрыла чамусьцi падумаў пра адзенне старшынi i яго пацёртую кiрзавую сумку. Андаракi хоць прыгожыя - квяцiстыя. Трэба купiць адзiн - для экзотыкi. Машына спынiлася насупраць дома, якi стаяў у глыбiнi старога i, пэўна, здзiчэлага саду: пладоў на яблынях i грушах не было. У суседнiх сялянскiх садках чырванабокiя яблыкi былi вiдны здалёк.