Сэрца на далонi, частка 3
Лежачы пасля на сенавале, слухаючы, як унiзе цяжка ўздыхае карова, Шыковiч доўга думаў i пра гэтую начную размову, i пра расказ Клаўдзi, i пра энтузiязм моладзi, i пра самаўпэўненасць старшынi. Як усё пераплялося - старое i новае, вялiкае i малое, гераiчнае i буднiчнае, коснае i перадавое! Што ж галоўнае для яго - услаўляць цi выкрываць? Пiсаць пра мiнулае цi пра заўтрашнi дзень? У галаве складаўся план артыкула пра Савiча. I тут жа побач - аб гэтым калгасе, аб яго перспектывах, аб людзях, з якiмi сустрэўся за адзiн толькi дзень. Дзякуючы за вячэру, ён сказаў Кацярыне: - А пра Клаўдзю Сiдараўну я зусiм не збiраюся пiсаць фельетон. Напроцiў... - Я ведаю, - усмiхнулася яна. Яна ўжо даведалася, а таму, магчыма, i запрасiла на начлег, частавала сярод ночы вячэрай. Але чаму тады нiхто пра Сухадол нiчога не ведаў дагэтуль? Жыла жанчына трохi не дваццаць год - i нiкому нi слова. Пра ўсё хочацца напiсаць. Учора ён устаў разам з сонцам. Ехаў цягнiком, аўтобусам, грузавiком. Працаваў. Аднак спаць не хацелася. Прачнулiся ластаўкi. Хутка iм збiрацца ў вырай. Шыковiч прыслухаўся да iх шчабятання. Праз шчылiну ў страсе цадзiўся досвiтак. Заскрыпеў першы журавель. Недзе далёка на балоце заржаў конь. Карова ў хляве цяжка паднялася i пацягнулася, ажно застагнала па-каровiнаму. Вось-вось зазвонiць аб дно дайнiцы струмень малака. Ён чамусьцi чакаў гэтага моманту амаль з нецярплiвасцю. Усё такое ж, як i тады, калi ён, юнаком, на свiтаннi вяртаўся з гулянкi i цiшком, каб не чуў бацька, залазiў на сенавал. Усе тыя ж гукi. Ад гэтага было i радасна i чамусьцi трохi сумна. Неяк ён сустрэў тую, да якой гадоў трыццаць назад бегаў на спатканне, - цяпер ужо даволi пажылую сялянку. Яму вось гэтак жа зрабiлася радасна i сумна. Няўжо i ўчора ён сустрэўся са сваёй маладосцю? Калi зазвонiць малако аб дайнiцу - не дачакаўся, заснуў пад спеў пеўняў. Артыкул называўся: "Хто ж такi доктар Савiч?" Ён пачынаўся цытатай з кнiгi Гукана ў яго, Шыковiча, лiтаратурным запiсе i з некаторых iншых дакументаў, афiцыйных i неафiцыйных. Гэтыя выказваннi аўтар падмацаваў вытрымкамi з заявы самога Савiча на iмя фельдкаменданта. Можа, гэтага даволi, каб нашчадкi праклялi i забылi iмя гэтага чалавека? Але ёсць людзi, якiя, нягледзячы нi на што, думаюць iнакш пра Савiча. "Кандыдат медыцынскiх навук хiрург Яраш, добра вядомы ў нашым горадзе..." Шыковiч коратка пераказваў, як пасля дзёрзка-смелага забойства начальнiка палiцыi малады падпольшчык Яраш апынуўся ў доме доктара. "Могуць сказаць, што Савiч не выдаў падпольшчыка, баючыся за дачку. Не было б другiх фактаў - адзiн гэты, безумоўна, не мог бы служыць доказам патрыятычнай дзейнасцi доктара". Шыковiч пераказаў дакументы, якiя знайшоў у архiве, - запiскi Варавы. Была ў артыкуле i запiска, якую паказаў Сербаноўскi... Але чэкiст чамусьцi папрасiў пра яе пакуль што не ўспамiнаць. Шыковiч не стаў спрачацца. З яго даволi было таго, што расказала Сухадол. Расказ яе займаў большую палову артыкула. Прыводзiў яго Шыковiч амаль цалкам, так, як запiсаў на другi дзень свайго прабывання ў Загаллi. Там ён прачытаў гэты запiс Клаўдзi Сiдараўне, выправiў па яе заўвагах. Вось тая частка артыкула. "...У той дзень, калi ўступiлi немцы, у бальнiцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевiч, ды я. Усе разбеглiся. Нават хворыя паўцякалi, хто мог хадзiць. Але ў нас было чалавек дваццаць дызентэрыйных дзяцей. Доктар стараўся, каб эвакуiраваць iх. Ды каму хацелася браць у эшалон хворых з заразнай бальнiцы?! Сцяпан Андрэевiч сказаў мне тады: