Сэрца на далонi, частка 3

Шыковiч убачыў, што Сербаноўскi непрыкметна прытулiў руку да левай стараны грудзей i задумлiва паўтарыў: - Маленькае... - А ведаеце, што за суткi сэрца пераганяе дзесяць тон крывi? - Дзесяць тон?! - Я вас пазнаёмлю з Ярашам. Ён можа цэлую ноч расказваць пра сэрца. Прыязджайце да нас на дачу. Вы не рыбак? Чэкiст раптам цяжка ўздыхнуў: - У мяне хворая жонка. Таксама сэрца. Стэнакардыя. Ледзь-ледзь падняў чалавек заслону над сваiм асабiстым жыццём i адразу ўвесь раскрыўся. Цяпер Шыковiчу ўсё стала зразумела: i яго стомлены выгляд, i загрубелыя рукi, i смутак у вачах. Нялёгкая ў яго праца - нялёгкае i жыццё. Кiрыла адчуў яшчэ большую прыязь, давер, добрую сiмпатыю. I пачаў падрабязна расказваць, як Зося ратавала Яраша, як пасля шукала сына Ганчарова. Гадзiны дзве гаварыў. Факты i свае здагадкi. Сербаноўскi слухаў уважлiва, не перапынiў нiводным пытаннем цi заўвагай. А потым раптам глянуў на гадзiннiк i сказаў: - Вы амаль пераканалi мяне, што Савiч - наш чалавек. Але скажу вам шчыра: даказаць гэта будзе нялёгка. Нам прыслалi з спецархiва яго справу, - ён кiўнуў на сейф. - Там - нiводнага дакумента ў яго карысць. - Можна паглядзець справу? - Не! - катэгарычна адмовiў чэкiст i ў той жа мiг быццам замкнуўся на сто замкоў. Куды дзяваўся просты, стомлены чалавек, якi дома абiрае бульбу, мые бялiзну, даглядае хворую жонку! - Чаму? - Вы для нас пакуль што прыватная асоба. Хто вас упаўнаважваў? - Маё партыйнае сумленне. Хiба не аўтарытэтны орган? - Таварыш Шыковiч, парадак ёсць парадак. Дакументы, якiя з"яўляюцца дзяржаўнай тайнай... - А па-мойму, нiякi гэта не парадак, а ўсё тая ж бюракратыя. Не веру я ў сакрэтнасць гэтай справы! Праз дваццаць год вы ўсё яшчэ лiчыце такiя дакументы дзяржаўнай тайнай? Што там ёсць, чаго нельга паказаць камунiсту? Капiтан не адказаў. Ён зноў разглядваў свае натруджаныя рукi. - Нiчога там няма! Калi вы кажаце, што нiводнага дакумента ў карысць Савiча. - Шыковiч падняўся. - Пайду да Вагiна. - Дарэмна. - Што трэба? - Адносiна партыйных органаў. Зайдзiце ў гарком - вас там добра ведаюць. - Значыцца, трэба паперка - i ўсяго? Капiтан развёў на стале рукi i, падняўшы вочы, усмiхнуўся па-сяброўску шчыра: - Што зробiш. Але ўсмешка гэтая ўжо больш не падзейнiчала на Шыковiча. Ён не меў злосцi на Сербаноўскага - радавы работнiк, дзейнiчае па iнструкцыi. Аднак развiтаўся холадна, расчараваны i ўзлаваны ўвогуле. У думках лаяўся: "Не можаце паказаць дзве паперкi без гаркома". Яму страшэнна хацелася хутчэй заглянуць у справу - што i як там iнкрымiнуюць мёртваму Савiчу? Але не хацелася iсцi ў гарком. Пасля ўчарашняга. Каб не падумалi, што ён выстаўляе сябе, iграе гэткага дзеяча, якога цiкавяць матэрыi больш высокiя, чым клопаты пра сына. У рэдакцыi iшла лятучка. Калi Шыковiч з"явiўся ў кабiнеце рэдактара, выступаў Рагойша - разносiў яго фельетон. Прамоўца сумеўся на нейкi момант. Але "адбою" не даў, наадварот, пачаў крытыкаваць яшчэ больш бязлiтасна i зласлiва. Журналiсты заварушылiся ў прадчуваннi бойкi. Фельетон Шыковiча - не самы лепшы, гэта так. Але ў тым жа нумары надрукаваны артыкул самога Рагойшы. Калi Рагойша гаворыць, што фельетон сумны, то ад яго артыкула, напэўна, "падохлi мухi". Многiм карцела сказаць пра гэта, ды нiкому не хацелася заядацца з такiм iнтрыганам. Лепш далей ад яго, а то ён знойдзе выпадак сапсаваць табе кроў. Цяпер спадзявалiся на Шыковiча: ён не стрывае. Але Кiрыла праявiў поўную абыякавасць да крытыкi. Нават слухаў няўважлiва - думаў пра сваё. Некаторыя палiчылi, што гэта своеасаблiвая форма адказу - поўная знявага да крытыка. Нецярплiвы, гарачы Васiль Парэчка, загадчык аддзела культуры, шаптаў ззаду: