Сэрца на далонi, частка 3
- Не блазнуй. - Ён у Славiка вучыцца. - Я ў тым сэнсе, - Тарас звяртаўся да Генрыха, ён быў iх "галоўны тэарэтык", - што прычыны арытмiчнай работы, можа, яны i выяўляюцца... А калi работа наладзiцца так, як у нас цяпер, усялякi аналiз канчаецца. Пачынаем славасловiць, раздаваць прэмii... - Любiм "ура" крычаць, - азваўся Славiк, пачуўшы апошнiя Тарасавы словы. Кiнуў на стол пачак папярос. - "У нас не паляць", - прачытаў шыльдачку на сцяне i чыркнуў запалку. - "Ура" вядзе на штурм, - сказаў Лапацiн, адстаўляючы нарэшце талерку. Не, Вера смачней гатуе. - Таму, вiдаць, i крычым, што часта прыходзiцца штурмаваць, - засмяяўся Генрых. - Вера гатуе смачней? - усумнiўся Косця, гарэзлiва падмiргнуўшы Генрыху. Той прыняў "эстафету", сказаў сур"ёзна, амаль трагiчным голасам, звяртаючыся да Тараса: - Няшчасная. Я ёй не зайздрошчу. Лапацiн, якi не адчуваў гумару гэтак жа тонка, здзiвiўся: - Каму? Веры? Чаму? - Паспрабуй нагатаваць на такога абжору, - блiснуў зубамi Косця. - Ну i пустабрэхi! - Трэба будзе пагаварыць на парткоме... Славiку падабалася, што ў брыгадзе ўмеюць i пажартаваць i пагаварыць сур"ёзна, глыбока, i пераходы гэтыя ад жарту да сур"ёзнага i наадварот заўсёды нечаканыя, раптоўныя. Увогуле яму ўсё больш i больш падабалiся хлопцы. Нават з Ходасам стала менш сутычак. Вось толькi з Тарасам... ...На другi дзень пасля "дуэлi" ён не пайшоў на работу. З такiм вокам сорамна было на вулiцу высунуцца, не толькi на завод. Усю ранiцу сварыўся з Iрай, якая даволi-такi злосна кпiла з яго "лiхтара", не верачы, што ён звалiўся з матацыкла. Пайшла Iра ў iнстытут - шукаў, куды мацi схавала каньяк. Перавярнуў усю кватэру. У шуфлядзе Iрынага стала, пад старымi канспектамi знайшоў яе дзённiк. З цiкавасцю чытаў. Дзяўчына пiсала пра сваё каханне, пра сваё жаданне адкрыцца яму i пра сваю боязь i сарамлiвасць зрабiць гэта першай. Славiк доўга не мог уцямiць, хто "Ён". Займеннiкi, што замянялi яго iмя, Iра пiсала з вялiкай лiтары. "Звяртаецца, як да Бога", - смяяўся Славiк, пацiраючы рукi i каленi ад злараднасцi. Вось цяпер ён жыцця не дасць сваёй дарагой сястрыцы. Не, ён прымусiць яе служыць, як вернага сабачку, калi яна не хоча, каб ён выдаў яе тайну. Каб толькi яшчэ расшыфраваць яго iмя! Нарэшце ён дайшоў да апiсання таго дня, калi ўся брыгада i Маша абедалi на дачы. Iра больш не хавала яго iмя. Адкрыццё ашаламiла Славiка. Знiкла жаданне помсцiць сястры, кпiць з яе. Наадварот, стала шкада дзяўчыну. Уразiла Iрынiна празорлiвасць: "Я адразу адчула ў гэтай рудой сапернiцу. Маё няшчаснае каханне! Ты яшчэ не засвяцiлася для Яго i для ўсiх, а на цябе ўжо насоўваецца хмара". Не, ён, Славiк, адпомсцiць яму - за сябе, за сястру! Але прачытаўшы, ужо без асаблiвай цiкавасцi, яшчэ пару старонак дзённiка, ён разважаў iнакш. А можа, лепш зрабiць так, каб Iрына адкрылася яму? Памагчы ёй. Тады можа здарыцца, што ён адмовiцца ад Машы. Славiк лаяў сястру: "Авечка! Да дваццацi двух год дажыла, iнстытут канчае, а паводзiць сябе, як сямiкласнiца. Уздыхае, дзённiчак пiша!.. Дурнiца!" Узлаваўшыся, шыбануў тоўсты сшытак на ложак. Але праз хвiлiну з пэўнай павагай палажыў дзённiк назад у шуфляду. "Усё пераблыталася. Сам чорт нагу зломiць. А "стары конь" скардзiцца, што няма цiкавых сюжэтаў. Залез у нейкiя архiвы i нi храна не бачыць вакол сябе. А тут такiя трыкутнiчкi будуюцца! Пра любоў трэба пiсаць, стары, калi хочаш, каб цябе чыталi", - глыбакадумна параiў бацьку. Дакараў мацi: "А гэтая маралiстка, як гусыня, толькi асцерагае: каб лiшняе з"елi дзеткi i лiшняе не выпiлi. Жратвы поўны халадзiльнiк, а каб хоць на кампрэс дзе стаяла - дык не. Куды яна дзявала каньяк? Няўжо вылiла? Бутэлькi няма", - злаваўся ён, не перастаючы шукаць.