Сэрца на далонi, частка 3

Вельмi можа быць, што яна ўсё-такi стамiлася, а таму спяшалася як можна хутчэй скончыць свой расказ. Маша гэта адчула першая i шумна пляснула ў далонi, як бы ставячы кропку: - Таварышы, астывае кава. Завод абавязаўся выканаць дзесяцiмесячны план да адкрыцця з"езда. Цэхi, змены, брыгады неслi перадз"ездаўскую вахту. Знешне як бы нiчога не змянiлася. Хiба толькi абнавiлiся лозунгi i заклiкi. I больш iх стала ўсюды - на прахадной, у заводскiм двары, у цэхах, у сталоўцы, у канторы. Але нават Славiк з яго двухмесячным стажам адчуў новы рытм у рабоце. Менавiта рытм, бо раней нямала было i аўралаў. Добрыя i шчырыя працаўнiкi мусiлi часам прастойваць праз тое, што недзе нехта нешта недарабляў - цi забеспячэнцы, цi транспартнiкi, канструктары, цi лiцейшчыкi, механiкi, цi планавiкi. Зборшчыкам, якiя, па сутнасцi, завяршалi працэс вырабу станка, гэтае "нешта недзе" больш, чым каму, давалася ў знакi. Славiк неаднойчы ўжо чуў, як хлопцы з яго брыгады скланялi механiкаў. А тыя ў сваю чаргу валiлi вiну на каго-небудзь другога. Але вось ужо колькi дзён усё iдзе як па масле. Без запiначкi. Хлопцы працавалi з вясёлым уздымам. Гэты ўздым захапiў i Славiка. Яго менш вучылi, больш даручалi работу, якую ён мог ужо выконваць самастойна. Гэта яму падабалася, i ён рабiў даволi старанна. Работа зборшчыка такiх унiкальных, несерыйных станкоў тым i цiкавая, што яна рэдка паўтараецца, што кожны дзень i кожную гадзiну прыходзiцца рабiць нешта новае. Славiк заўсёды ставiўся скептычна да розных лозунгаў i заклiкаў. А цяпер хадзiў i ўважлiва перачытваў цытаты з праекта Праграмы, як бы хочучы знайсцi тыя словы, якiя прымусiлi ўсiх, ад вахцёра да Галыгi, вось так працаваць па-новаму. Нават у сталоўцы сталi лепш кармiць. Славiк неяк сказаў у часе абеду сваiм хлопцам: - Архiмеды, растлумачце мне, чаму ў вас не могуць увесь час вось так працаваць - роўна, рытмiчна, каб не псаваць людзям нерваў. - Пачынае думаць хлопчык, - кiнуў Косця, калi Славiк, выслухаўшы супярэчлiвыя адказы, пайшоў у буфет купляць папяросы. - Толькi ўсё ў яго вось так, - Ходас дастаў правай рукой, цераз галаву, сваё левае вуха. Генрых далiкатна, двума пальцамi, паправiў пазалочаныя акуляры. Хмыкнуў: - Але ж i артадокс ты, Iван. Быць табе прафсаюзным лiдэрам, бо ад усяго складанага ты ўмееш адмахнуцца. А Славiк задаў пытанне, на якое не так проста адказаць. - Адзiн дурань можа спытаць такое, што не адкажуць сто разумных. - Але няхай яны паварушаць мазгамi, разумныя, - нечакана i чамусьцi злосна сказаў Тарас. - А то ў нас, сапраўды, некаторыя толькi перад святамi запускаюць вось гэтую "кiбернетычную машыну", - ён пастукаў пальцам па лбе, на поўны ход. Ходас не адразу зразумеў, каго падтрымлiвае брыгадзiр. А Генрых пускаў з акуляраў вясёлых зайчыкаў на твары сяброў. - Прычын арытмiчнай работы завода - адна тысяча дзвесце сорак чатыры i шэсць дзесятых. Каб мы з табой, Iван, iх выявiлi, раскрылi i апiсалi, нам можна было б прысвойваць дактароў навук. - У тым i бяда, што мы iх не выяўляем, - сказаў Тарас ужо лагодна, без злосцi. - А давайце зробiм пачатак! - Косця любiў выказваць самыя нечаканыя прапановы i сам жартаваў з гэтага: "З сотнi хоць адна ды будзе разумная". - А каб не выяўляць усiх тысячы двухсот Генрыхавых прычын, выявiм адну: чаму цяпер усё пайшло нармальна? - Вахта, - коратка i вычарпальна растлумачыў Васiль Лапацiн, вымакваючы хлебам рэшткi соўсу на талерцы. - А Косця мае зерне... - Адно? Я маю мяшок.