Сэрца на далонi, частка 3
- З уловам, Антон Кузьмiч, - праспявала яна. - Я не ведаю, як кажуць... Шыковiч! Як вiншуюць грыбавiкоў? Са зборам? З падборам? З уловам? Смяялiся яе сакавiтыя вусны, выпешчаныя шчокi - то з"яўлялiся, то знiкалi сiмпатычныя ямачкi на iх. А вочы... вочы, халодныя i злосныя, разглядалi Зосю. Ды так нахабна, бесцырымонна, што Зосi здалося - раздзяюць. I яна, зусiм разгубленая, спалоханая i абураная, не пазнаёмiўшыся, не прывiтаўшыся, амаль уподбег кiнулася да Машы, якая сядзела на ганку i перабiрала грыбы. - Глядзi, колькi я знайшла баравiкоў! А ты? О, з табой нi ў чым нельга зраўняцца! - Твая пацыентка? - спытала Гаецкая ў Яраша. Гэта можна спытаць па-чалавечаму, прафесiйна, як лекар у лекара. Яна хацела зрабiць выгляд, што пытае iменна так. Але Яраш бачыў, як яна працягвае глядзець у спiну Зосi, i адчуў, што пачынае закiпаць. Ён сам баяўся свайго гневу, бо ведаў, што "сарвацца" яму, ды яшчэ перад жанчынамi, нельга, непрыстойна. Гаецкая працягнула яму руку, падвяла да лавачкi, пазнаёмiла са сваёй сяброўкай. Гаварылi нейкiя пустыя словы. Смяялiся. - Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, - сказала Тамара Аляксандраўна. Шыковiч сумеўся, паглядзеў на свайго хмурага сябра - можа, ён што прапануе? - i з жалем уздыхнуў: - Калi я працую, у мяне - "сухi закон". I каб быць далей ад спакусы... Гаецкая зразумела. - А мы ў лес ездзiм са сваiм вiном. - О, тады iншая размова! Калi ласка! Прашу, - галантна пакланiўся Кiрыла, паказваючы на сваю палавiну дачы. Яраш падумаў, што Зося не сядзе за адзiн стол з гэтай жанчынай. Ды i не жадае, каб яны сядзелi разам. Ды i ўвогуле: не хапала яму яшчэ пiць вiно з Гаецкай у лесе, на дачы! Ён сказаў, як адсек: - Мяне чакаюць дома. - У Антона Кузьмiча раўнiвая жонка, - як бы ў жарт, сказала Тамара Аляксандраўна, але знарок так, каб пачулi Зося i Маша. Нiчога не адказаўшы i не развiтаўшыся, Яраш рушыў да "Масквiча". Завёў, рыўком пад"ехаў пад самы ганак, узняўшы пыл, быццам стварыўшы дымавую заслону. Зося першая хуценька ўскочыла на задняе сядзенне. З ветлiвасцi Яраш махнуў доктаркам рукой, спытаў у Кiрылы: - Што перадаць тваiм? - Прывязi заўтра масла i хлеба. Гаецкая, закусiўшы губу, злосна прыжмурыўшыся, доўга глядзела ўслед сiняму "Масквiчу". Яе сяброўка спытала: - Ён заўсёды такi... нелюдзiмы?