Сэрца на далонi, частка 3
- Па тваiм выглядзе бачу, што ўсё добра. Вiншую. - Не трэба вiншаваць, Галка. Не трэба. Ты ведаеш, я не люблю вiншаванняў, калi размова iдзе аб жыццi чалавека. Ды i не ўсё яшчэ добра. Але калi прыбегла з лугу Наташка i павiсла на шыi, спытала таямнiчым шэптам: "Ну, як там, тата? Што?", то ён адказаў: - Добра, Наталка. Мы з табой перамаглi яшчэ раз. - Раскажы. Яна адна любiла слухаць, як бацька расказваў пра сваю работу, i даволi добра ўжо для свайго ўзросту разбiралася ў хiрургiчнай тэрмiналогii. А таму Яраш ахвотна пачаў перадаваць увесь ход аперацыi, амаль гэтак жа падрабязна, як расказваў бы студэнтам, трохi хiба больш спрошчана, з меншым ужываннем спецыфiчна медыцынскiх слоў. Мацi не падабалася гэтае дзiўнае, не па ўзросту, захапленне дачкi хiрургiяй, але яна маўчала, рабiла выгляд, што таксама слухае з цiкавасцю. Неяк раней яна аднойчы сказала: - Антон, я зусiм не хачу, каб Наташа была лекарам. Даволi ў хаце медыцыны! Наташа горача запярэчыла: - Хiба дрэнна быць такiм лекарам, як тата? - Такiх нямнога... А быць такiм, як я... Вырываць гнiлыя зубы... Антон тады абурыўся, закрычаў, што ён катэгарычна забараняе ёй гаварыць гэтак пры дзецях аб сваёй прафесii, ды i наогул аб любой прафесii. Дзецi павiнны паважаць кожную карысную працу! З таго часу яна не перашкаджала iх медыцынскiм размовам. Толькi радавалася, што медыцына зусiм не цiкавiць сына. Але не радавалася, што ён, як бацька, галубятнiк. Вiктар дапамагаў мацi ставiць на стол з паважнасцю дарослага. Але ў душы раўнаваў да сястры, што яна захапiла бацьку. Яму таксама хацелася пахвалiцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёмiўся з галубятнiкам з суседняй вёскi, тутэйшым настаўнiкам, i выменяў у яго пару рэдкiх паштавiкоў. Але не можа ж ён вось так з бухты-барахты, як тая Наташка, кiнуцца бацьку на шыю i прапанаваць: "Хутчэй лезем на гарышча!" У самым пачатку сустрэчы з бацькам Вiця паведамiў толькi адну навiну: - Учора, ведаеш, якая навальнiца шуганула. Франтальная. За Студзёнкай на тры кiламетры лес палажыла. Максiм Рыгоравiч кажа - тысячы дзве кубаметраў буралому. Пра галубоў сказаў пасля полудня, калi выйшлi на двор. Сказаў стрымана, мiж iншым. Яраш усё зразумеў. Выгукнуў, нiбы нават з крыўдай: - Што ж ты маўчаў? - i адразу палез на веранду. Праз колькi хвiлiн вясёлы, пранiзлiвы свiст абудзiў адвячоркавую цiшыню лесу i лугу. Увечары, калi прыехаў з горада Шыковiч, яны палiлi свой касцёр i на агнi варылi юшку; Яраш з сынам паспелi налавiць рыбы. Мокрае яшчэ ад учарашняга лiўня ламачча гарэла роўна i нягорача. Юшка варылася доўга. Елi яе ўжо ўпрыцемку. Накармiлi дзяцей. - Наташа i Вiця! Спаць! - Мама! - Спаць. Спаць. Дзецi неахвотна рушылi да дачы. - Ты бязлiтасная, Галя. Вiктар збiраў дровы i лавiў рыбу. - Галя - лепшы педагог, чым мы з табой. - Правiльна, жонка. Педагогi мы з табой - дрэнь. - Як там Уладзiслаў? - спытаў Яраш. - Працуе. - Ты яго бачыў? - Хiба яму да сына! Ён увесь - у падполлi. - Не iранiзуй з сур"ёзнай справы. Сын пазбягае сустракацца са мной. Яму сорамна. Прыязджаў Тарас. Жанчыны сядзелi на лавачцы, мужчыны - па-турэцку, на вiльготнай зямлi, насупраць адзiн аднаго. Яраш адпачываў. Яму не хацелася нi гаварыць, нi думаць. Ён глядзеў у агонь, любаваўся водблiскам полымя, жарам, бурштынавымi кроплямi смалы, што выступiлi на тоўстым суку. Прыгожыя кроплi. Шкада было, што яны згараць. I ў гэты мiг упершыню пасля таго, як паехаў з бальнiцы, варухнулася ў душы трывога за Зосю. Ды ён прагнаў яе. Нiчога не здарыцца. Яшчэ ўчора хворая апрытомнела. Сёння глядзела на яго з удзячнасцю яснымi вачамi. Спрабавала ўсмiхнуцца. Прашаптала: "Мне лёгка дыхаецца!" Але, цяпер ёй будзе лёгка дыхацца i лёгка хадзiцца па зямлi! Ярашу было радасна. Аднак выказваць сваю радасць усiм не хацелася. Ён выдаў яе Наташы. Мог бы яшчэ прызнацца Шыковiчу, каб яны былi адзiн на адзiн.