Сэрца на далонi, частка 3
А ён зусiм не крыўляўся. Яму сапраўды ў той мiг нясцерпна хацелася падхапiць яе на рукi i панесцi ў невядомую даль, ад людскiх вачэй, дзе б яны маглi застацца адны. Нарэшце яны атрымалi лодку... Славiк, паказваючы сваю радасць i сiлу, адразу ад мастка так шырока замахаў вёсламi, што ледзь не ўрэзаўся ў другую лодку. - Асцярожна! - упiкнула Маша, яна сядзела на карме. - I не туды. Туды, паказала ўверх па цячэнню. - Я ж сказала, што буду эксплуатаваць. - А я хацеў да Чорнага мора. - Не, лепш ужо да Балтыйскага. Вёрст трыста правалачэш па сушы. Так рабiлi нашы продкi. Яны былi сапраўднымi рыцарамi. Не тое што ў наш час. Славiк, не дужа натрэнiраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасцi даволi моцнай плынi ракi. Павольна праплылi зарослыя кустамi чаромхi i калiны абрывы парку, няхiтрыя збудаваннi i дэбаркадэры прыстанi з закапцелымi стомленымi параходзiкамi каля прычалаў. На высокай кручы над прыстанню, за старымi таполямi, бялелi новыя дамы. Маша не толькi любiла горад знутры, яна любiла глядзець на яго адгэтуль, з ракi, а яшчэ лепш здалёк, з насыпу акружной дарогi, i з таго вунь гаю, да якога ёй хочацца даплыць. Няхай папацее гэты шукальнiк лёгкiх прыгод! Яна, задумлiва чэрпаючы ў жменю ваду, глядзела на горад. Модная Славiкава сарочка змокла ад поту i пакамячылася. Пот залiваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасцi, хлопец не кiдаў вёслаў. Расла злосць на сябе: нiколi яшчэ ён так па-дурному не выстаўляў сябе перад дзяўчатамi. На нейкi момант з"явiлася тое ж пачуццё, што i да Нiны: адпомсцiць гэтай рыжай чарадзейцы за такое сваё ўнiжэнне. "Вытры пот, дурань!" - весела i лагодна думала Маша. Настрой яе яшчэ больш харашэў. Не марна згiне вечар. Будзе што ўспомнiць. I расказаць. Каму? Цi не расказаць заўтра Соф"i Сцяпанаўне? - Слава, заспявай што-небудзь. Гэта быў амаль ужо здзек: як ён мог спяваць, так вяслуючы! - Я пяю толькi п"яны, - прахрыпеў хлопец без усмешкi. Яна зразумела, што даволi, бо цярпенне яго вычэрпваецца, i закамандавала: - Права руля. Да тых кустоў. Адпачнём. Славiк азiрнуўся i "высушыў" левае вясло. Лодка крута павярнула да берага, уткнулася носам у травянiстую купiну. Ён, закiнуўшы вёслы, выскачыў першы, выцягнуў нос лодкi на бераг. Яна, сыходзячы, падала яму руку. Ён рэзка пацягнуў яе да сябе, схапiў на рукi, лёгка падняў, цяжка дыхаючы; паспрабаваў цалаваць, нягледзячы на тое, што мiма праплывалi другiя лодкi. Маша далонямi ўперлася яму ў твар, у вусны. Ён пацалаваў халодную ад частага мыцця спiртамi i эфiрамi далоню. Дзяўчына спрытна, як рыбiна, выслiзнула з яго абдымкаў. Адскочыла. З нядобрымi вачамi Славiк ступiў да яе. Яна не адступала. Стаяла ў ваяўнiчай позе, залажыўшы рукi за спiну. - Ну!.. Паспрабуй! Атрымаеш такую аплявуху, што апынешся ў рацэ. Не лезь са сваiмi пацалункамi... пакуль што... Гэтае "пакуль што" неяк адразу астудзiла разгарачанага i ўзлаванага цяжкiм веславаннем хлопца. - Пакуль што? А калi можна будзе? - Нiколi! Ён весела засмяяўся. - Нiколi? Тады дазволь цяпер пацалаваць хоць край сукенкi. Цi твой пальчык. Адзiн. Любы з дваццацi. Яна таксама не стрымала ўсмешку: - Блазен! Калi-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкi. Яна з апаскай абышла яго, ускочыла ў лодку, села за вёслы: - Адпiхнi. Лодка захiсталася. Славiк стаяў ззаду, трымаючы раўнавагу, дыхаў ёй у патылiцу, у залатыя косы. Як яму хацелася пацалаваць iх. Што за лiха! Нiколi яшчэ яму не хацелася так пацалаваць нiводную дзяўчыну, хоць цалаваўся ён з многiмi. Яна як бы адгадала яго намер.