Сэрца на далонi, частка 3
- Праходзь на карму. Але да мяне не дакранайся, а то будзеш за бартом. Пасунулася на лавачцы, адхiлiлася ўбок. Але калi лодка, якую круцiла плынь, хiснулася, схапiла яго за руку, падтрымала. Яна скiравала не ўнiз, а таксама ўверх i веславала лёгка, роўна, спорна. Славiк, зразумеўшы, што яна знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусiм сур"ёзна думаючы, як бы ёй адпомсцiць. Але яна сказала проста, па-сяброўску: - Ты, дурань, траха не сапсаваў мне настрой. А ў мяне сёння такi настрой! - Ад чаго гэта? - Не ведаю. Быў кансiлiум у Савiч. Сэрца яе ўсе прафесары прызналi нармальным. Цудоўная аперацыя! Антона Кузьмiча вiншавалi. - А хто гэты Савiч? - Гэты! Соф"я Савiч! Няўжо ты нiчога не ведаеш? - вельмi здзiвiлася Маша. - Табе Яраш не расказваў? - Ты думаеш, я з Ярашам штодня п"ю чай? - А бацька твой? - Бацька заклапочаны, каб перавыхаваць мяне. - О, я табе раскажу. Яна павярнула лодку назад, унiз па плынi, i, амаль не вяслуючы, толькi накiроўваючы, каб не круцiла, пачала расказваць, што ведала, пра Зосю, пра яе бацьку, пра Яраша, Тараса. Славiк слухаў, як казку, без скептыцызму, удумлiва, забыўшыся на сваю крыўду i ўсе iншыя пачуццi. Калi яна дайшла да аперацыi, ён недаверлiва спытаў: - Ты сама бачыла, як ён дабраўся да сэрца? - Дзiвак! Я аперацыйная сястра. Ты ведаеш, што робiць аперацыйная сястра? Ён засаромеўся свайго пытання. Дзiўна, яе расказ не проста зацiкавiў хлопца. Ён неяк зусiм з iншага боку адкрыў яму самую Машу. Пры першай сустрэчы i цяпер ён глядзеў на яе як на незвычайную, па-свойму цiкавую i прыгожую, дасцiпную i вясёлую дзяўчыну, з якой прыемна правесцi час. Ён не ўнiкаў у сутнасць яе прафесii i ў самую сутнасць як чалавека, якi трохi больш пажыў i, безумоўна, значна больш пабачыў. Цяпер ён адчуў гэта, i ў яго з"явiлася павага да яе - такая, як да Яраша, да Тараса, да Галыгi, да ўсiх, хто меў цiкавую i карысную, на яго думку, для людзей прафесiю i цвёрдыя погляды на жыццё. Машу здзiвiла, крыху спалохала i нават расчаравала, калi пасля катання Славiка быццам падмянiлi. Пакуль яна разлiчвалася i забiрала дакумент, ён стаў сур"ёзны да паважнасцi, рахмана-сцiшаны i ветлiвы. Можа, таму позна ўвечары, каля яе кватэры, яна не вырвала сваёй рукi i не абурылася, калi ён раптам на развiтанне сцiснуў яе тонкiя пальцы, нахiлiўся i пацалаваў iх. Ёй упершыню быў прыемны такi пацалунак. А на другi дзень ёй пазванiў Тарас. У бальнiцу. Яна толькi скончыла з хiрургам Лапацiнай аперацыю. Дзяжурная па аддзяленню сястра паклiкала яе да тэлефона, амаль таямнiча паведамiўшы: - Трэцi раз звонiць. Маша падумала, што гэта Славiк, i пайшла незадаволеная, сярдзiтая, збiраючыся добранька прабраць яго. Ды раптам зусiм другi голас, усхваляваны да невыразнасцi: - Маша? Маша! Я прашу прабачыць. Можа, адарваў вас ад работы? Прабачце. Гэта Тарас... Маша... Помнiце? Ну, Ганчароў. Яна павiталася сур"ёзна, стрымана: - Добры дзень, Тарас. Ён ажно засмяяўся ад радасцi, што яна помнiць яго. - Добры дзень, добры дзень... Маша! Вы прабачце. - I раптам выпалiў на адным дыханнi: - Я запрашаю вас на канцэрт Дзяржаўнай капэлы ў клуб Ленiна. Сёння ў восем. Яна анямела ад нечаканасцi. Успомнiла, што паабяцала Славiку сустрэцца з iм. Яна нiколi не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцалiся. I раптам два такiя хлопцы, розныя i цiкавыя! Каго ж выбраць? Адмовiцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на якi немагчыма дастаць бiлетаў? Не, не, не. Пра Тараса яна думала больш, чым пра каго другога. Падвесцi Славiка? Яму можна пазванiць. Не, не трэба i званiць. Няхай паблукае па парку. У яго залiшне самаўпэўненасцi, хоць учора пад канец ён i быў сур"ёзны. Няхай не думае. Ёй зрабiлася смешна, калi яна ўмiг уявiла, як Славiк будзе шукаць яе. Два днi, учора i сёння, быццам нейкi вясёлы чорцiк штурхаў яе на гарэзлiвыя ўчынкi. Пакуль мiльгалi гэтыя думкi, яна чула, як цяжка дыхаў у слухаўку Тарас.