Сэрца на далонi, частка 3

З нейкай прычыны яна спытала: - Гэта ўся ваша брыгада, Тарас? - Не. Яшчэ Славiк. - Якi Славiк? Той? - вельмi здзiвiлася яна. - Ён хiба ў вас? - Мы ўзялi яго вучнем. Хочам зрабiць чалавекам, - адказаў Ходас. - А дзе ён цяпер? - Нешта мацi пазванiла. Паехаў на дачу. Маша незнарок пралiла на стол шампанскае i зарагатала. Яны не ведалi, чаму яна смяецца, i таксама смяялiся. На iх звярталi ўвагу. Гукан амаль спалохаўся, калi сакратарка паведамiла, што да яго хочуць зайсцi Яраш i Шыковiч. Хутка падняўся з крэсла, перабiраючы паперы, як бы шукаючы самую патрэбную. - Скажы, што я заняты. Гэта была праўда: пiльныя справы, нарады падганялi ў той дзень адна адну. Але ён тут жа сцямiў, што не прыняць Яраша, дэпутата гарсавета, старшыню камiсii, i Шыковiча, таксама дэпутата, было б больш чым неразумна. Можна адкласцi размову, калi яна ў iх доўгая, але не пусцiць у кабiнет... Ён спынiў дзяўчыну, здзiвiўшы яе парушэннем сваёй звычайнай паважнасцi, памяркоўнасцi. - Не, не... Няхай заходзяць. Калi ласка, - сказаў мiтуслiва, разгублена, а сам думаў: "Абодва. Без званка. Не папярэдзiўшы. Што iм трэба?" Намеснiк яго, Кушнер, з якiм яны працавалi над пiсьмом у Дзяржплан, падняўся, каб пайсцi. Гукан i яго спынiў: - Не, не... Застанься. Пайшоў да дзвярэй, шырока i прыветлiва расставiўшы рукi, нiбы хочучы абняць яшчэ нябачных гасцей. - Ну, ну!.. Каго я бачу! - выгукнуў ён, калi ў дзвярах з"явiлася мажная постаць Яраша. - Прашу, прашу. А то вы, Антон Кузьмiч, старшыня камiсii, а ў гарсавет заглядваеце рэдка. Дый ты, Кiрыла, даўно ўжо не быў, - пацiскаючы руку Шыковiчу, усмiхнуўся Гукан. - Усё ездзiш? Шукаеш герояў? - Шукаю, - адчуўшы хiтра схаваную iронiю ў Гуканавых словах, сур"ёзна i цвёрда адказаў Шыковiч. - Прашу, прашу, - паказваў на мяккiя крэслы каля рабочага стала Гукан. Калi яны прывiталiся з Кушнерам i селi насупраць адзiн аднаго, Гукан зiрнуў на вялiкi гадзiннiк, што стаяў у куце, даючы зразумець, што на доўгiя размовы ў яго часу няма. Спытаў напалову з жартам: - Якi клопат звёў разам медыцыну i лiтаратуру? Яраш сказаў проста, без дыпламатыi: - Сямён Парфёнавiч, трэба памагчы аднаму чалавеку. - Трэба - паможам. Калi хадайнiчаюць два дэпутаты... - Жанчыне, - сказаў Шыковiч, зазiраючы старшынi ў вочы. Гукан увесь час, з самага парога, адчуваў, што Шыковiч не зводзiць з яго вачэй, i гэтыя дапытлiвыя позiркi - "Што ён хоча ўбачыць?" - нервавалi яго. - Тым больш неабходна памагчы. - Трэба невялiчкая, на адзiн пакой, але асобная кватэрка. Гукан цiха свiснуў: - Таварышы дарагiя, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў. - Жанчына ў бальнiцы. Пасля цяжкай аперацыi. - На сэрцы, - падказаў Шыковiч, разглядаючы на гэты раз Гуканавы рукi, у якiх ён круцiў тоўсты зялёны аловак. - Яшчэ адна аперацыя на сэрцы? - зацiкаўлена спытаў Кушнер, падняўся з крэсла каля стала для пасяджэнняў, дзе было прымасцiўся, каб не перашкаджаць размове, падышоў да Яраша. - Што ў яе - нiкога няма родных? - Няма. - А дзе яна жыла да аперацыi? - Наймала прыватны куток. На ўскраiне. А ёй цяпер неабходны меднагляд. - Безумоўна, - згадзiўся Кушнер i пакiваў галавой. - Выпадак цяжкi. Трэба нам падумаць, Сямён Парфёныч. Гукан падсунуў да сябе вялiкi настольны каляндар, нацэлiўся ў яго алоўкам: - Як яе прозвiшча? - Савiч, Соф"я Сцяпанаўна, - хутка адказаў Кiрыла, ва ўпор гледзячы на старшыню. Аловак уздрыгнуў. Расшырыўся вузкi твар каля вачэй i тут жа звузiўся шчокi аплылi ўнiз. Абяскровiлiся глыбокiя залысiны. Гукан залiшне доўга не ўзнiмаў вачэй. А потым схамянуўся, хутка глянуў, i нешта накшталт сумнай усмешкi скрывiла яго вусны: