Сэрца на далонi, частка 3
"Гэта вам, Зося. Ад мяне". У каробачцы былi мятныя цукеркi. На чацвёрты дзень усё было, як звычайна. Ранiцаю бацька i Грот пiлi кофе i хвалiлi нейкае новае нямецкае лякарства, не помню якое. Першы пахвалiў бацька. Гроту гэта вельмi спадабалася. Яны разам выйшлi з дому. Я кармiла снеданнем дзядзьку Сажаня. Перад абедам бацька зноў гутарыў з iм. У часе абеду Сажань быў заклапочаны i раптам вельмi даверлiва паведамiў мне, што яму нiяк не могуць дастаць надзейнага дакумента i ён не можа выйсцi з горада, бо ўсюды заставы, а ў горадзе ўсё яшчэ iдуць арышты. Сумна пажартаваў: "Ем хлеб дарэмна. Мала што ў гэты раз зрабiў. I хлопцы недзе непакояцца, што са мною". Бацька ўвечары прыехаў раней, чым звычайна. На той жа санiтарнай машыне. У нашым цесным завулку машына доўга паварочвалася, буксавала ў гразi, i тата доўга не заходзiў у дом. Я чула, як ён перамаўляўся з шафёрам. Нарэшце машына пайшла. Тата ўвайшоў устрывожаны, нават спалоханы. Такi ён не быў яшчэ нiколi. Я спытала, што здарылася. Ён заспакоiў: "Нiчога, нiчога, дачка". А сам адразу пайшоў да яго. Праз колькi хвiлiн яны выйшлi, i Сажань упершыню агледзеў увесь дом, нават падняўся ў пакоi Грота. Неўзабаве зноў прыехаў Вася. Бацька адчынiў вароты. Ён заехаў пад самы ганак. Зноў звалiў мяшок бульбы. Сказаў бацьку: "Аглядалi. Двойчы. Адсюль i сюды. Злосныя, як сабакi". "Падымi хлопцаў. Калi да ночы нiчога не здарыцца, мы выведзем яго на Элеватарную". Яшчэ пра нешта яны шапталiся. Калi Вася паехаў, я зноў спытала ў бацькi, што ж усё-такi iх устрывожыла. "Арыштавалi нашых людзей. Каля дома шнырае тайны агент палiцыi. На Пушкiнскай правяраюць дакументы. Тройчы агледзелi нашу машыну". Сажань перамясцiўся ў пограб. Пад домам у нас вялiкi пограб. Лазiлi ў пограб з кухнi. Але на двары каля сцяны быў люк - для вентыляцыi, i бульбу ўвосень праз яго ссыпалi. Ён быў яшчэ закрыты з зiмы, люк. Бацька адкрыў яго. Потым сказаў мне разведаць сцежку. Была ў мяне патаемная сцежка, па якой я бегала яшчэ да вайны да адной сваёй сяброўкi-аднакласнiцы. Адстаўляла дошку ў паркане, пралазiла ў суседнi сад, такiм жа чынам з таго саду - у Вiшнёвы завулак, потым - на Клiмаўскую. I сюды на Элеватарную, да ракi. Але прыехаў Грот. Ён часам прыходзiў пехатой, пакiдаючы машыну ў шпiталi. Часам прыязджаў, i машына начавала ў двары. У той вечар, як на злосць, ён доўга корпаўся ў ёй, нешта рамантаваў, мыў. Шыковiч заўважыў, што, забываючыся, Зося пачынае расказваць для аднаго Антона Кузьмiча. На яго аднаго глядзiць, да яго аднаго звяртаецца, але так, быццам ён той адзiны сведка, якi можа пацвердзiць праўдзiвасць яе слоў. Схамянуўшыся, яна вiнавата ўсмiхнецца ўсiм iм i пэўны час расказвае яму, Шыковiчу, з нейкай дзiўнай насцярожанасцю сочачы, як ён запiсвае: то пiша доўга, нiбы стэнаграфуе, то ўзмахам пяра ставiць нейкi iероглiф, толькi яму зразумелы. Маша скiнула чаравiкi i босая, на насочках, выйшла на кухню, вiдаць, паставiла чайнiк. А потым стала ў калiдорчыку i слухала адтуль. Шыковiч умеў i ўважлiва слухаць i ўсё прыкмячаць навокал. Ён знакам запрасiў Машу зайсцi i сесцi. Тая адказала яму таксама жэстамi. Гэтая iх незразумелая нямая размова збянтэжыла Зосю. Яна змоўкла. Шыковiч крутануўся ў крэсле, як гарэза-школьнiк, злоўлены настаўнiкам: - Прабачце, Соф"я Сцяпанаўна, я ўвесь - увага. Але яна ўжо свядома звярнулася да Яраша з усмешкай, якую дораць выпрабаванаму сябру: - Вы ведаеце, Антон Кузьмiч, мяне зноў выручылi трусiкi пана Грота. Помнiце? Я засунула аднаго за ватнiк i палезла ў суседскi сад. Абышла паўз паркан i знайшла дошку, якую можна было адсунуць без шуму. Выйшла гаспадыня, не тая, якая жыла да вайны, жонка нейкага белагвардзейца-эмiгранта, якi вярнуўся з Германii i займаўся камерцыяй. Я растлумачыла ёй, што ўцёк трусiк. "Я баялася, каб ён не папсаваў вашы дрэвы". Старая дурнiца пацалавала трусiка, якога я паказала ёй.