Сэрца на далонi, частка 3

- Нiкога нельга абавязаць быць шчырым i адкрытым, - падсумаваў Тарас. Славiк павiнен паверыць у нашу шчырасць. Ён сказаў гэта i спалохаўся: а як яму, брыгадзiру, праявiць сваю шчырасць пасля таго, што здарылася? Славiк таксама iшоў на працу са страхам: як яны сустрэнуцца? Не, нiчога. Працягнулi рукi адзiн аднаму, усмiхнулiся. Знешне як быццам нiчога не змянiлася. Знешне... А што рабiлася ў кожнага ў душы? Тарас стараўся перамагчы сваю непрыязнасць. Але пакутаваў ад рэўнасцi. Яму здавалася, што Маша сустракаецца з iм рэдка, неахвотна i сумуе, калi яны ходзяць па асеннiх вулiцах. Яму рабiлася таксама сумна. Ён падазраваў, што яна не перастае сустракацца са Славiкам, хоць яна запэўнiвала, што пасля таго нi разу не бачыла маладога Шыковiча. Але Тарасу ўспамiналася, як весела i легкадумна яна смяялася, калi ён расказваў ёй, што ў iх адбылося. Безумоўна, ёй падабаецца вось такi вясёлы, бесклапотны рызыкант i пазёр. То няхай бы сказала! Тарасу да болю было крыўдна: чаму яна, якая здалася яму такой разумнай, не хоча быць з iм да канца шчырай? Калi ў яе сэрцы няма кахання, ён згодзен застацца добрым сябрам. Абы была шчырасць. А Маша не хлусiла. Славiк званiў ёй, дамагаўся спаткання. Яна са смехам адказала, што баiцца яго: "Яшчэ застрэлiш". Рэўнасць яго патухла разам з "лiхтаром" пад вокам. Але такi яе адказ моцна закрануў самалюбства. "Ага, сабака, расказаў! Чакай жа!" - зноў узлаваўся ён на Тараса. Не верыў яго добразычлiвасцi. Ставiўся з падазронасцю. Чапляўся без усялякай прычыны. - Ты чаму глядзiш на мяне так? - спытаў ён аднойчы ў Тараса, калi яны выпадкова апынулiся ў цесным праходзе памiж станкамi-волатамi. Вось тут бы iм i пагутарыць па шчырасцi. Дык не - у кожнага гонар. - А як я гляджу на цябе? - Як? Як воўк на авечку. З такiм замiлаваннем. - Хачу з"есцi. - Паломiш зубы. - Дурны ты, Слава. - Ты вельмi разумны. Над iх галовамi з грукатам прайшоў кран. Славiк падскочыў, схапiўся за крук i ўскочыў на станок. Нiна спынiла кран, высунулася з будкi, махала кулаком. Славiк пасылаў ёй паветраныя пацалункi. За такую хлапчуковую выхадку трэба добра прабраць. А ён, брыгадзiр, не можа. Не можа сварыцца, каб не ўскладняць адносiны. Тарас упершыню падумаў, што, вiдаць, Ходас мае рацыю: такога не перавыхаваеш. Можа, усё было б добра, каб не яна, Маша. Стала яна памiж iмi. Нiнка спусцiлася са сваёй будкi, закрычала на ўвесь цэх: - Калi вы камунiстычная брыгада, дык i паводзьце сябе па-камунiстычнаму. Я праз дурняў у турму не хачу садзiцца. На гэты раз Косця i Генрых, якiя добраахвотна шэфствавалi над Славiкам, добра-такi намылiлi карак яму. А на другi дзень Славiк запрасiў Нiнку ў кiно. Яна доўга вагалася. Але яе нiхто яшчэ з хлопцаў нiколi не запрашаў. I яна не ўтрымалася ад такой спакусы. Хiба мала пiшацца ў кнiжках, паказваецца ў кiно, што любоў пачынаецца са сваркi? Канец верасня выдаўся надзiва цёплы. Здавалася, вярнулася лета, сапраўднае, не бабiна. Зацвiталi вiшнi. У лесе быў небывалы ўраджай грыбоў. Гараджане хлынулi ў лясы. Перапаўнялiся аўтобусы, рабочыя цягнiкi. Пачалася проста-такi грыбная лiхаманка - хто збярэ больш i лепшыя. Але калi многiя выязджалi толькi таму, што было чым пажывiцца, то такому старому палымянаму грыбнiку, як Яраш, гэта прыносiла сапраўдную асалоду, шчасце, лепшы адпачынак. Выкарыстоўваючы Шыковiчаву машыну, ён выязджаў у лес двойчы на дзень: на досвiтку, да работы, i адвячоркам, пасля работы. Звычайна стрыманы ва ўсiм, што датычылася яго асабiста, тут ён з хлапчуковай радасцю хвалiўся ў бальнiцы персаналу i нават хворым сваiмi грыбнымi зборамi. У яго пыталiся ў калiдоры, як толькi ён з"яўляўся акуратна без дзесяцi дзевяць, свежы, памаладзелы, прапахлы хвояй i грыбамi: