Сэрца на далонi, частка 3

Скончылася тым, што ён плюнуў на ўсё, завёў машыну i паехаў у горад. Па дарозе надумаў, на злосць Ярашу, заехаць адразу да Зосi i размовай з ёй кампенсаваць страчаны дзень. Кiрыла ведаў, што Яраш учора паляцеў у далёкi раён рабiць нейкую тэрмiновую аперацыю. А таму здзiвiўся, калi на бязлюднай Пушкiнскай убачыў адзiнокую мажную постаць у элегантным чорным плашчы, якi Яраш купiў у Бруселi, куды ездзiў на кангрэс хiрургаў. Чаму ён тут? Куды iдзе? Гуляе пад дажджом? У глыбокай задуме. Шыковiч добрую хвiлiну ехаў з iм побач - i Яраш не звяртаў увагi на машыну. Кiрыла абагнаў яго, спынiўся, вылез з машыны, выйшаў на тратуар. Яраш iшоў на яго як сляпы. Вось-вось саб"е з ног, раздавiць, як цяжкi танк. Спынiўся за два крокi. Паглядзеў, нiбы раптоўна разбуджаны. Спытаў: - А-а? Кiрыла засмяяўся: - Ты што, з пахмелля? Накачалi ў раёне? Яраш правёў мокрай далоняй па твары i злосна сказаў: - Дурань! У Кiрылы дрогнула сэрца: няўжо няшчасце з Зосяй? - Хадзем у машыну. Дождж. Яраш паслухмяна сеў на пярэдняе сядзенне. Машына пад цяжарам яго цела асела. Яраш павярнуў да сябра мокры твар. - Я даўно, Кiрыла, нiчога падобнага не перажываў, - сказаў ён даверлiва i з глыбокiм смуткам. - Што здарылася? - Яны памерлi ў мяне на стале. - Хто? - Дзецi. Абодва. Два хлопчыкi. Браты. Аднаму дзевяць, другому сем. Каб мне ўдалося прыляцець хаця б гадзiны на дзве раней. Аднаго, безумоўна, удалося б уратаваць. Непаваротлiвыя iдыёты i там, у раёне, i тут, у аблздраве! Дзве гадзiны арганiзоўвалi вылет. Я з iх душы вытрасу за гэтых дзяцей! - Ён скрыгатнуў зубамi. - Каб я прыляцеў раней, я зашыў бы артэрыю... - А што з дзецьмi? - Мiна. Выцягнулi з рэчкi. I, як водзiцца, разбiралi. Ведаеш, старэйшы, Мiша, быў у прытомнасцi. Усё пытаў: "Дзецi цэлы? Як Алёнка?" Там былi малодшыя, i яны адганялi iх ад сябе, адчуваючы небяспеку. Падазраю, што ў апошнi мiг ён сабою закрыў дзяцей. Яму разарвала жывот. Дзiму асколкам прабiла шыю. Засынаючы пад наркозам, Мiша сказаў: "Ох, будзе мне ад мамы!" - Яраш закрыў далонямi вочы, пакiваў галавой, паўтарыў: - Ох, будзе мне ад мамы! Жахлiва, Кiрыла! Нiколi я не быў яшчэ такi бяссiльны перад смерцю. Шыковiч маўчаў. Што гаварыць? Яго моцна ўразiла i сама трагедыя i тое, як яе перажывае чалавек, якi бачыў тысячу смерцяў, якi ўмеў перамагчы яе, бязлiтасную кастлявую. Яны доўга сядзелi моўчкi. Дождж барабанiў па кузаве. Зрэдку прабягалi з парасонамi i ў накiдках прахожыя. Зазiралi ў машыну не без здзiўлення. Яраш пакруцiў галавой, як бы страсаючы нешта: - У мяне ў галаве звiняць яго словы. Не магу. Напiцца, цi што? Крыўдна! У клiнiцы я мог бы ўратаваць iх абаiх. У Мiшы парвала кiшэчнiк. Трэба было ўдалiць парваныя ўчасткi i хутка сшыць. Хутка! А там, ва ўчастковай бальнiцы, прыйшлося ўсё рабiць дзедаўскiм спосабам. Асiстэнтка, раённы хiрург, маладая, нявопытная, яе лiхаманiла. Ды i ў самога мяне - сорамна прызнацца - дрыжалi рукi. Жахлiва! Можа, дваццаць гадоў праляжала яна на дне рэчкi, гэтая праклятая мiна. Уяўляеш? I вось - новыя ахвяры вайны. Дзецi! Дзецi! Ух-х! Паедзем куды-небудзь. - Куды? - Куды хочаш. - Можа, заедзем да Зосi? - спытаў Шыковiч. - Так, так... Да Зосi, - адразу згадзiўся Яраш. Яны зноў маўчалi, пакуль ехалi. Каля самага дома Яраш сказаў: - Толькi не будзем расказваць ёй пра гэта. Гаспадыня ўзрадавалася гасцям. А Маша, якая жыла цяпер у Зосi, спалохалася. Яна лепш, чым нават Шыковiч, ведала Яраша, i яе спалохаў яго выгляд. Увогуле, яна стала баяцца яго пасля нядаўняй размовы. Неяк ён паклiкаў яе ў кабiнет. Калi яна ўвайшла, ён сядзеў за сталом i чытаў Блока. Яна спынiлася каля дзвярэй, здзiўленая тым, што ён не паглядзеў нават. Гэта не яго манера: ён кожнага з персаналу, цi то галоўны лекар, цi то санiтарка, сустракаў заўсёды аднолькава - добрым позiркам, прыветлiвым словам.