Сэрца на далонi, частка 3
Капiтан, мiж iншым, падумаў: "А следчы з цябе не надта. Каб ты быў больш уважлiвы, то ўбачыў бы, што папка расшывалася i адзiн дакумент з яе вынялi". - Не сакрэт, што вы намерваецеся рабiць далей? - У маёй працы сакрэтаў няма. Плюну на архiўны пыл, як раiў мой сябра Яраш. Буду шукаць жывых людзей, якiя ведалi Савiча, працавалi з iм. - Шыковiч падняўся, пацягнуўся, каб распрастаць самлелае цела. I раптам павярнуўся да капiтана, спытаў ва ўпор: - Скажыце, Сербаноўскi, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёмiўшыся са справай Савiча? Што падказвае вам чуццё старога чэкiста? Сербаноўскi падняўся, падышоў да сейфа, дастаў з кiшэнi ключы, адчынiў тоўстую дзверку. - Я пакажу вам маленькi дакуменцiк, якi мне ўдалося адшукаць. - I дастаў з верхняй палiчкi блакнотны пажоўклы лiсток, доўгi i вузкi, працягнуў Шыковiчу. Той у адзiн позiрк прачытаў: "Хведзя! Я абсалютна уверен, что аграбление аптечного склада не абышлося без Савича. О, ты не знаеш, какая эта хитрушчая лиса! Гарантируй тысячу марак - и я табе раскушу эты арех. Имею "ключик". Табе - слава и спасибо гестапо, а мне - грошы. Давай согласие. Не тяни Твой Кравец". Напiсана алоўкам, па-расейску, з памылкамi. Шыковiч прачытаў другi раз, трэцi, здзiўлены i ўзрадаваны. Потым з удзячнасцю паглядзеў на капiтана. Зачынiўшы сейф, Сербаноўскi круцiў на пальцы ключы i тлумачыў: - Гэта з "архiва" следчага палiцыi Хведара Швагерава. Яго судзiлi ў сорак пятым, далi пятнаццаць год. Я вось разбiраю судовыя матэрыялы. На жаль, тады нiхто не расшыфраваў гэтай запiскi. Хто пiсаў? Калi? З якой прычыны? Вiдаць, палiчылi, што намёк на Савiча - непаразуменне. Прыйдзецца расшыфроўваць цяпер. Яны глядзелi ў вочы адзiн аднаму, глядзелi з той шчырасцю i разуменнем, якое яднае людзей, робiць сябрамi. Сербаноўскi адчуў, зразумеў, як раптам змянiў сваю думку аб iм пiсьменнiк, i парадаваўся, хоць лiчыў, што яму не да твару выяўляць якiя б там нi было пачуццi. А Шыковiч, наадварот, адчуваў, што ён не можа, не мае права апусцiць вочы, пакуль не скажа гэтаму, на першы погляд, сухому чалавеку нейкiя асаблiвыя словы. - Слухайце, Анатоль Барысавiч!.. Каб мы з вамi былi ў больш блiзкiх адносiнах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такiя нецэнзурныя словы, якiя пры адпаведнай iнтанацыi лепш i мацней за любую пахвалу. - Мне не трэба пахвалы, Кiрыла Васiльевiч. Толькi, калi ласка, не думайце, што я i мае калегi заўсёды падбiралi толькi тыя дакументы, якiя абвiнавачваюць. "На месцы вашага калегi..." Эх, Кiрыла Васiльевiч! Паверце, што для мяне самая радасная работа - даказаць, пацвердзiць сумленнасць савецкага чалавека. Шыковiч працягнуў яму руку. Яны застылi ў моцным сяброўскiм поцiску рук. - Памажыце нам. А я памагу вам. - Дзякую, Анатоль Барысавiч. Шматтонная станiна павольна плыла ў цесным праходзе памiж станкамi, паўсабранымi i гатовымi, шэрымi i ярка пафарбаванымi для экспарту. Высока над дахам цэха сунулася шкляная будка крана. Дзяўчына ў сiнiм чысценькiм камбiнезоне, стракатай, як вясновы луг, касынцы пiльна сачыла за рухам станiны, за людзьмi ўнiзе, занятымi працай. Зараз нехта са зборшчыкаў возьме гэтую "дэтальку", павядзе па праходу i пакажа месца, дзе яе паставiць. Павiснуць аслабленыя тросы, лёгка адчэпяцца крукi. Яна падцягне iх на небяспечную для людзей вышыню, i тады кран з грукатам i звонам ад"едзе назад. Часам ёй доўга прыходзiцца сядзець без працы, чакаць, пакуль механiкi i зваршчыкi дадуць новую цяжкую дэталь. Яна азiрае цэх з вышынi i зайздросцiць слесарам - яны працуюць увесь час ад гудка да гудка. Сярод вялiзных машын маленькiя людзi - як мурашкi. Але машыны гэтыя, прыгожыя i разумныя, збiраюцца iх рукамi. Праўда, без яе працы, без крана, яны нiчога не сабралi б, бо не здолелi б падняць нават невялiкi "вузялок". Гэтая думка заўсёды суцяшае Нiну: не апошнi "вiнцiк" i яна ў цэху.