Сэрца на далонi, частка 3

"Трэба, кажа, Клаўдзя Сiдараўна, гэтага хлопчыка памясцiць у бокс у дзiцячае аддзяленне". А той смяецца: "Вы мяне коклюшам не заразiце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць". "Дайце, - кажа мне Сцяпан Андрэевiч, - на сённяшнi вечар якое-небудзь заданне вартаўнiку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабiце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самi падзяжурце за яе". Я ўсё зрабiла як трэба. У той вечар яны доўга раiлiся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевiч, Раiса Сяргееўна, Вася Адзiнец i яшчэ тры цi чатыры незнаёмыя мужчыны, якiх прапусцiў Лёша". Я хачу перапынiць расказ Клаўдзi Сiдараўны, каб паведамiць чытачам, што Пракоп Варава, камандзiр, пасля камiсар атрада iмя Чапаева, запiскi якога я знайшоў у архiве, быў лысы i вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабiста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамi прыходзiў не хто iншы, як Варава. Памер газетнага артыкула не дае магчымасцi прывесцi расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загiнулi Лёша i Ваня. Прозвiшча аднаго з iх было Калуноў, але каторага жанчына, на жаль, не помнiць, ды наўрад цi было гэта сапраўднае прозвiшча. Iх схапiлi на могiлках, яны вялi перадачу з каплiцы. Напэўна, гэта пра iх пiсаў у сваёй запiсцы Варава. Клаўдзю Сiдараўну ў той жа дзень папярэдзiў Савiч, каб у выпадку арышту i допытаў яна нiчога не гаварыла. Папрасiлiся хлопцы на работу - узялi iх, больш нiчога не ведаем, што яны рабiлi, чым займалiся. Яе не арыштавалi. Але праз два днi ў бальнiцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулi ўсё дагары дном. Нiчога не знайшлi. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лiчылi за фашысцкага агента, замест спiрту (да спiрту ён часта прыкладваўся) выпiў шклянку кiслаты. Знарок цi выпадкова - невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалi нiякiх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што i Савiч i Вакулава прыцiхлi, нават палонных больш не перапраўлялi за горад. Толькi Вася колькi разоў браў у яе прасцiны i марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сцiпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэннi: узяць да сябе дзяўчыну i выдаць за пляменнiцу, да некага схадзiць, нешта схаваць, нешта перадаць i г.д. Пасля забойства доктара яе не арыштавалi разам з другiмi, але тры разы выклiкалi ў СД i хiтра распытвалi пра ўсiх, больш пра Вакулаву i Васю, менш пра Савiча. Дзiўны лёс гэтай жанчыны пасля вайны. У наш час, пасля дваццатага з"езда, пра гэта нельга не сказаць. Пасля вызвалення горада яна зайшла ў адну ўстанову "да высокага начальнiка" i шчыра расказала яму ўсё, што ведала пра падпольную дзейнасць Савiча i Вакулавай. Яе ўважлiва выслухалi. А праз некалькi дзён яна была зволена з бальнiцы "за супрацоўнiцтва з фашыстамi". Цяпер жыве ў далёкай вёсцы без пенсii, нават без сядзiбы. Жыве за тое, што збiрае травы i лечыць хворых. За гэта мясцовыя медыкi абвясцiлi яе знахаркай. Прыглядзiцеся, таварышы, хто жыве з вамi побач, узнайце чалавека, яго справы, яго бiяграфiю. Колькi на зямлi нашай безыменных герояў, сцiплых i простых! Мы i дзецi нашы павiнны ведаць iх iмёны! Не ўсё яшчэ нам ясна i зразумела ў гiсторыi доктара Савiча. Невядома, хто яго забiў. Невядома, навошта акупантам i нацыяналiстам спатрэбiлася камедыя з пахаваннем доктара. Але тыя факты, дакументы i расказы, якiя маюцца, даюць мне права сцвярджаць: у iнфекцыйнай бальнiцы актыўна дзейнiчала падпольная група, пра якую пакуль што нiдзе не ўпамiнаецца ў нашых афiцыйных дакументах. Кiраваў гэтай групай доктар Савiч, якi меў сувязь з камандзiрам партызанскага атрада iмя Чапаева Пракопам Iгнатавiчам Варавам.