Сэрца на далонi, частка 3
Ён так i сказаў - "наш". "А цяпер будзем палiць... Як гэта вы сказалi, Софа? - звярнуўся ён да мяне. - Лучыну? О, лучыну! Свечак i тых няма. Я ледзьве раздабыў дзесятак. Божа мой! Якое дзiкунства i фанатызм! Сёння ў нас арыштавалi сястру. Вашу. Мы далi ёй работу. Добрую работу з добрай аплатай. Яна магла жыць культурна, прыгожа. А яна шпiёнiла, карыстаючыся тым, што ведала нашу мову. Жахлiва!" "Сёння многiх арыштавалi, - сказаў бацька i таксама паўтарыў: - Жахлiва! Жахлiва!" "Я рад, пан Савiч, што вы разумееце, - узрадаваўся Грот. - Не, мы не жорсткiя. Мы мяккiя i добрыя". Ён жыў у нас год i з дня на дзень трубiў аб дабраце нямецкага характару. Я часам не магла вытрымаць i гаварыла, якую яны "дабрату" праяўляюць. Тады ён пачынаў чытаць цэлыя лекцыi, прыводзiў прыклады з нямецкай гiсторыi, чытаў на памяць Гётэ i Шылера. Аднойчы я незнарок знайшла ў бацькавай бiблiятэцы Гейнэ, прачытала, i мне зрабiлася весела. Я прачытала яму, Гроту, што пiсаў пра нямецкi характар Гейнэ. Грот разумеў крыху па-расейску, я - па-нямецку... Звычайна спакойны, ён узлаваўся. Сказаў, што Гейнэ жыд, а ўсе жыды злейшыя ворагi нямецкай нацыi. Забраў кнiжку i, напэўна, спалiў. А на другi дзень цэлы вечар капаўся ў нашай бiблiятэцы - шукаў крамолу. Але што я расказваю вам пра гэтага немца? Я пасля бачыла iх тысячы, розных, добрых i звяроў. О, каб вы ведалi, што такое эсэсаўцы! Зося заплюшчыла вочы i ўздрыганулася, прыцiснулася да спiнкi канапы, закрыла халацiкам горла, быццам ёй раптам зрабiлася холадна. I тут жа вiнавата ўсмiхнулася, просячы прабачэння. - Калi Грот, павячэраўшы, падняўся да сябе, бацька прыйшоў на кухню, дзе я мыла талеркi, абняў за плечы, прашаптаў: "Зося, дзiця маё, у нас у садзе хаваецца чалавек. Я пайду да немца гуляць у шахматы. Ты адсунь свой ложак, пасцялi за iм на падлозе. Адчынi акно. У твой пакой Грот нiколi не заходзiць". О, каб вы ведалi, што я адчула! Калi я схавала вас, Антон Кузьмiч, я хавала вас i ад бацькi, бо не ведала, як ён паставiцца, што зробiць, калi даведаецца. Гэта вельмi цяжка - любiць i не верыць. А верыць лёгка, калi людзi робяць адну справу, калi яны аднадумцы. Разумееце? Я няскладна расказваю, але вы зразумееце... I з вамi, i з Тарасiкам я вымушала бацьку нешта рабiць, ведаючы, што дзеля мяне ён зробiць усё, выканае i сур"ёзную просьбу i капрыз. А тут раптам усё мянялася. Ён даваў мне заданне. Як старэйшы. Як кiраўнiк. Давяраў такое... Хто гэты чалавек, думала я, калi адсоўвала ложак i сцялiла на падлозе пуховую коўдру, найчысцейшыя прасцiны. Наiўна, але мне захацелася, каб гэта зноў былi вы, Антон Кузьмiч... Прабачце. Дзверы ў мой пакойчык - пад лесвiцай на мансарду. Я пакiнула ў пакоi свечку, узышла на лесвiцу - цi не вiдаць ложак? Колькi пражыла, колькi хадзiла малая, я нiколi не зазiрала з лесвiцы ў адчыненыя дзверы - што вiдаць у пакоi?! Грот, якi бесцырымонна лазiў нават у кухонныя каструлi, у бочкi ў пограбе, нi разу не адчынiў дзвярэй майго пакоя. Гэта праўда. У гэтым ён быў iнтэлiгент. З радасцю i страхам я адчыняла акно. А потым стаяла ў калiдоры i слухала... Калi ён залезе... I баялася, каб у цемры не нарабiў грукату. Ён зрабiў гэта вельмi асцярожна, я пачула толькi, як рыпнуў незнарок закрануты ложак. Пасля гэтага я доўга яшчэ стаяла, потым сядзела на кухнi - думала, што рабiць далей. Бацька не сказаў: можна мне заходзiць у пакой цi нельга. Можа, чалавека трэба накармiць? Урэшце я рашуча са свечкай у руках увайшла ў свой пакой. Убачыла, што коўдру i прасцiну ён палажыў назад на ложак. Я заглянула за ложак.