Сэрца на далонi, частка 3

Касцёр разгарэўся. Святло яго выхапiла з цемры ладны круг, колькi дубоў, сосен i дзiўна пафарбавала iх: кара сосен пачырванела, а мох на старых дубах стаў што снежны iней- сiвы-сiвы. Над галавой зашамацела лiсце - ад гарачага паветра. Страляў залатымi кулькамi-вугальчыкамi касцёр. Яраш, яшчэ больш пачырванелы, прыўзняўся на руках i адсунуўся далей ад агню. Шыковiч стаяў з другога боку вогнiшча, шырока расставiўшы ногi, заклаўшы рукi за спiну. - Тое, што ты расказаў, доктар, ёсць найлепшы сюжэт. Але я сюжэтаў не шукаю, май на ўвазе. Савiч абвешчаны здраднiкам. А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе i не герой. Дык што ж, па-твойму, пакiнуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабiлiтаваць яшчэ адно добрае iмя, як рэабiлiтаваны iмёны тысяч нi ў чым не вiнаватых людзей? Шыковiч пачакаў пярэчанняў. Але Яраш маўчаў. Ён згаджаўся. Больш таго, ён не разумеў самога сябе - чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай i высакароднай справы? Не, ён бадай што разумеў - чаму, бо думаў пра гэта яшчэ ў бальнiцы. Цяпер, калi Зосi зроблена, ён упэўнены, удалая аперацыя i яна, па сутнасцi, пачне новае жыццё - новае ва ўсiм (аб гэтым ён паклапоцiцца), яму чамусьцi не хочацца, каб хто-небудзь цi што-небудзь вяртала яе да мiнулага. Добра, калi Шыковiчу ўдасца даказаць тое, што хочацца даказаць. Ён, Яраш, упэўнены, што Савiч - сумленны чалавек, сумленны лекар. Але калi не будуць знойдзены дакументы, якiя пацвердзiлi б яго сувязь з падпольшчыкамi, з партызанамi, гэта застанецца толькi яго прыватным перакананнем цi гэткай жа прыватнай думкай Кiрылы. Зосi наўрад цi будзе лягчэй ад гэтага. - Маўчыш? - пераможна спытаў Шыковiч. - Май на ўвазе, што абыякавасць да лёсу людзей, якiх мы ведалi, з якiмi працавалi, якiя вучылi нас, прынесла вялiкую шкоду ў пэўны час. Так, я паставiў у цэнтры справу Савiча, бо нельга ахапiць усяго адразу. Але, знаёмячыся з дакументамi, я выяўляю ўсё новых i новых герояў. Хiба для гэтага не варта пачыхаць ад архiўнага пылу? Хiба пыл гэты такi шкодны? - наступаў Кiрыла так напорыста i рашуча, што ледзь не ўлез у агонь - наблiзiўся да кастра так блiзка, што яму прыпякло калена. Адступiў, нахiлiўся, каб пагладзiць калена, але як толькi прытулiў нагрэтую штанiну да цела - заенчыў: - Гару, ратуйце! Жанчыны засмяялiся. Антон ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. Такая раптоўная задумлiвасць яго сур"ёзна ўстрывожыла Галiну. "Залiшне ён думае пра гэтую Зосю", - падумала яна. У папцы было нямнога дакументаў. Фота ў памер паштоўкi. Спакойны i просты, з шырокiм iлбом i глыбокiмi залысiнамi хударлявы твар чалавека год шасцiдзесяцi. Вось ён якi, Савiч! Шыковiч доўга ўглядаўся ў рысы гэтага твару. Данясенне безыменнай разведгрупы аб здраднiках i нацыяналiстах, якiя займалi кiруючыя пасады ва ўправе i палiцыi. Бургамiстр Цiшчанка стаяў у гэтым спiсе першым. Лучынскi - другiм, Савiч - дзевятым, перадапошнiм. Вiдаць, данясенне перадавалася групай па радыё, а таму характарыстыкi былi вельмi лаканiчныя: адзiн-два факты. Толькi факты, без усялякiх тлумачэнняў. "Цiшчанка Мiкадзiм Фёдаравiч, бургамiстр. Пры арганiзацыi гета ўласнаручна страляў у жыдоў, забiваў дзяцей. Лучынскi (Склота, Усаў Iван Селiвонавiч), начальнiк палiцыi, шпiён, агент СД. Катуе арыштаваных. Кiруе расстрэламi. Павесiў дзевяць калгаснiкаў сяла Вялоцiчы, заложнiкаў". Самая разгорнутая характарыстыка давалася рэдактару фашысцкага лiстка, нацыяналiсту Хмару - на добры абзац. Супроць прозвiшча Савiча стаяла: "Загадвае аддзелам управы. Заражае людзей iнфекцыйнымi хваробамi!"