Сэрца на далонi, частка 3
А ў нiзiнах побач з соснамi раслi дубы, зрэдку - бярозы, яны згушчалi лес, i на зямлi ляжаў густы цень. Але пад дубамi часцей траплялiся грыбы. Можа, на нейкi час Яраш забыўся на здароўе сваёй напарнiцы i iшоў залiшне хутка. Ап"янелая ад хвойнага i грыбнога водару, ад сонца i шчасця, Зося раптам спынiлася, паставiла на зямлю торбачку i прытулiлася спiною да сасны. Антон Кузьмiч занепакоiўся: можа, ёй блага? Але яна заплюшчыла вочы i засмяялася, разводзячы вакол сябе рукамi: - Грыбоў! Колькi грыбоў! Гэты яе зусiм дзiцячы смех, уяўленнi i радасць, вiдаць, i сталi прычынай таго нечаканага ўчынку, якi зрабiў Яраш. Цi, можа, яго ўласная радасць i залiшняя дужасць? Яны стаялi перад самым крутым узгоркам. Сосны, агаляючы свае фантастычныя карэннi, здавалася, лезлi на самае неба. Можна было павярнуць назад, можна было абысцi па нiзiне. Але Ярашу хацелася прабрацца напрасцяк, узлезцi на гэтую лясную гару. Але ж не даваць такую нагрузку яе сэрцу! - Я ўзнясу вас туды, а назад мы пойдзем па лузе. Не паспела яна запярэчыць, як ён, укiнуўшы яе сумку ў свой вялiкi кош, лёгка, як колькi год назад малую Наташку, падхапiў яе на рукi. Яна войкнула, устрапянулася, але не вырвалася. Прыцiхла. З"явiлася пачуццё, якога яна не ведала, - яшчэ адна тайна жыцця, якая адкрывалася ёй. Нiколi не трымаў яе вось так мужчына, здаровую i шчаслiвую. Зрабiлася да неверагоднасцi хораша i страшна. Божа мой! Аказваецца, жанчыны, сёстры яе, маюць яшчэ i такое шчасце - блiзасць любага, дарагога мужчыны. А яна не мела гэтага i наўрад цi будзе мець. Навошта ён робiць гэта? Навошта абуджае ў яе гэтае пачуццё? Каб даць замест старых, фiзiчных, новыя, душэўныя, пакуты, магчыма, не менш цяжкiя? Яна думала пра гэта i, аднак, не рабiла спробы вырвацца. Яна раптам пачула яго сэрца i стаiлася, слухала яго ўсё часцейшыя i гучнейшыя ўдары. Ён узыходзiў лёгка i хутка. Яна адкiнула галаву i ўбачыла, што верхавiны сосен кружацца. I воблачка кружыць на адным месцы. Можа, гэта закружылася ў яе галава? Доктар Яраш ведаў усе таямнiцы чалавечага цела, ды i душы таксама. Яму здавалася, што для яго ўжо няма нiякiх тайн i загадак. Ён узяў Зосю, як санiтар бярэ хворую. Як лекар, ён клапацiўся пра яе сэрца, якое бачыў, трымаў на сваёй далонi. Яму было абсалютна ўсё адно - мужчына гэта цi жанчына. Але нечакана i ў яго з"явiлася загадкавае пачуццё, незнаёмае, невыразнае, дзiўнае. Нешта як бы ўсхвалявала яго. I сэрца забiлася не так, як, ён ведаў, павiнна было бiцца пры такiм пад"ёме, з такiм цяжарам. Выдатны спартсмен, ён вельмi добра ведаў сваё сэрца, дакладна ўмеў разлiчыць нагрузку яго. Што ж гэта яно выходзiць з-пад улады - пачынае грукаць не так, як яму належыць? "Старэю", падумаў ён i асцярожна апусцiў Зосю на зямлю. Каля дачы стаяла санiтарная машына. Яраш з трывогай падумаў: "Няўжо ў бальнiцы што здарылася?" Закрочыў шпарчэй. Але хутка ўбачыў, што на лавачцы сядзяць Шыковiч, Гаецкая i незнаёмая жанчына. Пачуў вясёлы смех Гаецкай i спахмурнеў: не хапала яшчэ яе тут! Зося адчула, як нечакана змянiўся яго настрой, зразумела, што яму не спадабалiся гэтыя нечаканыя госцi. Спытала: - Хто гэта? - Галоўны лекар трэцяй бальнiцы. У якой ты ляжала. Яна помнiла гэтую прыгожую поўную жанчыну, якая часам абыходзiла палаты i рабiла разнос сёстрам i санiтаркам. Настрой Яраша як бы перадаваўся ёй: Зося адчула сябе няёмка, быццам у нечым была вiнаватая. Яраш сказаў: - Дурная баба. I подлая. Гэта яшчэ больш збянтэжыла Зосю, быццам ёй даверылi тайну, ведаць якую зусiм не трэба, нават небяспечна. Угледзеўшы Яраша i Зосю, Тамара Аляксандраўна паднялася, пайшла насустрач, прыветлiва махаючы касынкай.