Сэрца на далонi, частка 3
Добрая палавiна залы - музыкальная публiка, яны калi не былi знаёмы памiж сабой, то помнiлi адзiн аднаго па сустрэчах на канцэртах, у тэатры. Натуральна, што iх зацiкавiла група добра апранутых маладых людзей, якiя прабiраюцца да пярэднiх радоў. - Хто? Адкуль? - пыталiся шэптам сусед у суседа. - Ды гэта з кiнагрупы, што фiльм на рацэ здымаюць, - адказаў адзiн з тых, што ведаюць усё на свеце. - Актрыса? - Як прозвiшча? Маша пачула гэта. I Косця, якi iшоў побач, пачуў. Дакрануўся да яе рукi: - Чулi? Маша нервова засмяялася. Ёй зрабiлася яшчэ больш весела ад таго, што яе прымаюць за кiнаактрысу. Але чамусьцi боязна, быццам перад адказным экзаменам. Яна так навучылася трымацца сярод людзей, самых розных! I ў тэатры - хiба ўпершыню! А вось жа хвалюецца. Чаму? Перад канцэртам яна з хваляваннем, першы раз у жыццi, iшла ў лепшую цырульню горада, каб зрабiць прычоску. I нечакана для самой сябе выявiла такую патрабавальнасць, што малодшая майстрыца мусiла перадаць яе старшай, а тая пакрыўджана сказала: - Ляцiце, мiлая, у Маскву рабiць сваю прычоску, калi вам не падабаецца ў нас. Толькi сеўшы ў крэсла памiж Тарасам i жонкай Лапацiна, схаваўшы плечы i рукi, Маша супакоiлася. Адкрылася заслона. Ва ўсiм белым, як лебедзi, стаялi праз усю сцэну паўсагнутай шарэнгай спявачкi. Над iмi ўзвышалiся ў два ярусы спевакi, у нацыянальных кашулях, у чорных сурдутах. З-за кулiс выйшаў стары. Сiвыя валасы, сiвая, прыгожая, на клiн, бародка, высакароднае iнтэлiгентнае аблiчча i зусiм маладая пастава каранастага цела, зацягнутага ў чорны фрак i белы камiзэль. Iшоў ён лёгка, ступаў мякка. Пакланiўся зале. Яму горача запляскалi. Маша падумала, што сам выгляд гэтага чалавека абяцае штосьцi харошае, прыгожае. Ён павярнуўся да хору. Падняў дзве рукi, i на нейкi мiг усё замерла. Ён лёгка павёў правай рукой - i палiлася песня. Машы нават спачатку здалося, што спявае не хор, што спяваюць недзе там, за сцэнай, на вулiцы, у полi. Яна ўпершыню чула капэлу - спеў без музычнага суправаджэння. Калi песня нарасла, наблiзiлася i было бачна, што спяваюць усе харысты, Маша слухала заварожаная, але не бяздумная. Думкi ляцелi, як iскры: то па адной, то роем, згасалi адны, успыхвалi другiя. То вясёлыя - яна ўспомнiла Славiка. То сумныя - i яна не бачыла сцэны, хору, а праз затуманены зрок убачыла мацi: вось яна, вярнуўшыся з калгаснага поля, гне спiну на сваiм гародзе. Бясконца ў працы! На нейкi момант дзяўчыне стала сорамна, што яна заплацiла гэтулькi за сваю шыкоўную прычоску. Мацi жахнулася б, каб даведалася, што яна столькi плацiць за такую непатрэбшчыну. Якая панi! "Рыжоцце такое!" "Заўтра я пашлю вам грошы, слаўныя мае, - звярталася яна да мацi i малодшых сястры i брата. - Не крыўдуйце на мяне. Я добрая. Я люблю вас". Потым падумала, што яна разумее рухi гэтага дзiвоснага чалавека на сцэне. Яны - як у Яраша. Такiя дакладныя. Адзiн няправiльны рух, адна памылка, i смерць: там - чалавеку, тут - песнi. - Бачылi, якi чарадзей? - нахiлiўся да яе Тарас. - А? Але, - яна ўдзячна паклала сваю руку на яго. Яна тут жа, з новай песняй, забылася на гэта. А ён баяўся паварушыцца. Ён нiчога не чуў i нiчога не бачыў, толькi адчуваў яе халаднаватую руку. На перапынак яна выйшла трохi як бы засмучаная - задумлiвая, маўклiвая. Хлопцы, яе спадарожнiкi, круцiлiся вакол i рознымi спосабамi памагалi Тарасу развесялiць яе. Ажно Вера прыраўнавала свайго Лапацiна i адцягнула ўбок. У буфеце яны частавалi яе шампанскiм, лепшым марожаным i самымi дарагiмi цукеркамi.