Сэрца на далонi, частка 3
- Самае страшнае, таварышы, калi людзi звыкаюцца са становiшчам, якое ёсць. Гэта называецца кансерватызмам, застоем. Ёсць хата, клуб, свiран, i добра. А якая гэта хата? Якi клуб? Цi можна з такiм бытам i такой культурай iсцi ў камунiзм? Вы мне прабачце, але скажу вам шчыра, сумна мне было сёння глядзець на ваша Загалле. Месца добрае. Прырода якая! А вось па выгляду сяла, па здабытках працы вашай не вiдаць, што гэта час, калi шырока абмяркоўваецца вялiкi план будаўнiцтва камунiзму. Грак раптам без прычыны закашляўся. На тварах тых, хто сядзеў на першых лаўках, Шыковiч убачыў хiтрыя ўхмылкi. На што яны рэагуюць так - на яго словы цi на старшынёў кашаль? Слухалi ўважлiва, а апладзiравалi стрымана. Шыковiча гэта не збянтэжыла, ён з вопыту ведаў, што ў вёсцы амаль заўсёды гэтак: сяляне не любяць лiшняга шуму. Грак адразу падхапiўся: - Дазвольце, таварышы, ад вашага iмя... - Можа, пытаннi ёсць? - перапынiў яго Шыковiч. - Пытаннi ў каго ёсць? - амаль злосна ўжо выгукнуў старшыня. - Ёсць! - падняў руку высокi мужчына сярэднiх год. - Што там у цябе, Казiмiр? - Тут вы нам, таварыш лектар, добра ўсё расказалi. Дзякуй вам. Але я вось наконт перабудовы. Вы нас папракнулi, што закапалiся мы ў гразi ды балоце i свету не бачым. Жывём, як пры цару Гароху, i лепшага не жадаем. А гэта няпраўда! Кожны з нас з радасцю збудаваў бы новую хату. Але як? Парайце нам! Я не кажу ўжо, што на наш працадзень не разгонiшся... Але матэрыялы - во дзе яшчэ загвоздка. Дзе iх узяць? Вось я, напрыклад, толькi ўлез у новы дом. Дык гэта ж можна цэлую кнiжку вам напiсаць, як я будаваўся. Паўгода хадзiў, пакуль лес выпiсаў. Не адну пару ботаў стаптаў. У лапцях жа не пойдзеш цяпер, нямодна. Больш тое хаджэнне сажрала грошай, чым сам лес. - Карацей, Казiмiр! - кiнуў нецярплiва старшыня. - Няхай скажа! - пачулiся галасы. - Ды я каротка. Адным словам, надумаў я накрыць свой дом шыферам, каб як у людзей. Дык зноў хадзiў-хадзiў я за тым шыферам, месяцы тры хадзiў, ды так нiчога i не выхадзiў. Надраў гонты. Дык вось вы скажыце, як будзе з лесам, цэглай, шыферам для сяла. Гэта ўсiх цiкавiць. Як будзе? Будзе з кожным годам лепш i лепш, мог адказаць Шыковiч. Гэта бясспрэчна. Аб гэтым напiсана ў Праграме. Але калi ён хоча быць канкрэтным i пераканальным, то, напэўна, яму трэба ведаць больш: як будзе развiвацца вытворчасць будаўнiчых матэрыялаў у вобласцi, у раёне? Нарэшце, што можна зрабiць у самiм калгасе? Шыковiч падумаў, як многа павiнен ведаць дакладчык па Праграме, як дэталёва ён павiнен рыхтавацца ў залежнасцi ад слухачоў. I шчыра сказаў пра гэта. Яго зразумелi. Ён гэта ўбачыў па добрых даверлiвых усмешках. А калi сказаў, што перабудова вёскi настолькi важная справа, што яна павiнна набыць дзяржаўны размах, стаць першаступенным клопатам калгаса, саўгаса, сельсавета, раённых арганiзацый, то стрыманыя сяляне нечакана для яго горача запляскалi ў далонi. - Раскажыце, што вы пiшаце цяпер! - выгукнуў з гушчы моладзi звонкi голас. Была гадзiна ночы, а людзi, здавалася, i не думалi разыходзiцца, нiбы чакалi, што ён скажа iм яшчэ нешта самае цiкавае. Нечакана пераключылiся на лiтаратуру. I гэта iм таксама цiкава. - Што я пiшу? Нядаўна я скончыў аповесць пра людзей сяла. Цяпер мяне захапiла барацьба падпольшчыкаў нашага горада ў часе фашысцкай акупацыi. Збiраю матэрыял для дакументальнай аповесцi. Мiж iншым, калi сказаць праўду, то з гэтай мэтай я i прыехаў да вас. Адна з былых падпольшчыц жыве ў Загаллi.