Сэрца на далонi, частка 3
Знешне грубаваты i цынiчны, Славiк быў уражлiвы i па-дзявочы сентыментальны. Застаўшыся каля станка адзiн з цяжкiм ключом у руках, ён раптам адчуў сябе прынiжаным i абражаным. Рукi дрыжалi - ключ зрываўся з гайкi, i яму хацелася плакаць. I работа здалася ненавiснай, прынiжаючай яго чалавечую годнасць. Якi здзек лёсу! Столькi найвышэйшых мар, i раптам завiнчваць гайкi. З"явiлася жаданне кiнуць усё да д"ябла, пайсцi з завода i нiколi больш не вяртацца. Але за апошнi тыдзень, як ён працуе ў брыгадзе, у яго з"явiлася новая рыса - нейкi своеасаблiвы гонар: дакажу, што i я не горшы за вас - за Тараса i яго брыгаднiкаў, за бацьку, за Яраша. Разам з тым ён працягваў сваю ранейшую лiнiю: пераконваў самога сябе, што ўсе другiя не лепшыя за яго, што яны проста па-ханжаску прытвараюцца, iграюць, як акцёры, высакароднасць i высокую свядомасць. Сябра брыгады, ён радаваўся, калi ў брыгадзе нешта не ладзiлася цi нехта дрэнна гаварыў пра яе. У першы дзень да яго падышоў стары рабочы. Славiк адразу адзначыў, што чалавек худы, i падумаў: "Не дужа сыта, вiдаць, харчуецца". Рабочы спытаў з хiтраватай усмешкай, кiўнуўшы ў той бок, дзе хлопцы збiралi станок: - У брыгадзе будзеш? - Ага. - Вучнем? - Хацеў за iнжынера - не бяруць. - Як пралез? Па блату? - Куды? - У брыгаду. "Ага, значыцца, i ў гэтую брыгаду могуць пралазiць па блату", - амаль узрадаваўся Славiк i адказаў: - Па блату. Я - сваяк Ганчарова. - Ясна. Сваяк сваяка... - Ага. Славiку хацелася, каб рабочы пачаў ганiць брыгаду i нават Тараса, хоць у душы быў удзячны Тарасу за сяброўскую падтрымку. Але рабочы сказаў iншае: - Ганчароў - чалавек правiльны, але дзiвак. Лепшы зборшчык. Пяты разрад. Працуй - заганяй манету. Дык не - хочацца яму вучыць такiх смактункоў, як ты. Няхай у фазаў iдуць. А ён - у брыгаду. Не было на зборцы брыгад. Яны перайначылi. Даюць сто пяцьдзесят працэнтаў. Але што ён мае ад гэтага, Ганчароў? Вось чаго я не магу зразумець. У яго пяты разрад, у Косцi - другi, а прагрэсiўку дзеляць пароўну. Дзiвак! - У Тараса бацька багаты, - вырашыў падыграць Славiк. - Яраш? Ён жа не родны. - Але ўсё адно грошай дае - колькi хочаш. - Манiш, - усмiхнуўся рабочы. - Навошта ж яму тады жылiцца так на зборцы? - Свядомасць. - Але, ёсць такiя людзi, - уздыхнуў чамусьцi стары, можа, пашкадаваў, што ён пражыў сваё жыццё не зусiм так. Сказаў: - Ну, Ярашу не шкада. Залатыя рукi мае чалавек. Люблю людзей умелых. Такiм i тысячу можна плацiць. - А колькi вы выганяеце? - Ды як калi. Паўтары-дзве. Славiк свiснуў. - Што ж гэта па вас не вiдно? - I, уцягнуўшы шчокi, сцiснуў iх пальцамi, разявiў рот, маўляў, чаму ж такi худы? Рабочы ў адказ мазануў Славiка па твары намасленай веташшу. - Вытры нос. Стары, вiдаць, пакрыўдзiўся. I Славiк абразiўся таксама. Каб хто ў iншым месцы гэтак зняважлiва пэцнуў па твары - не паглядзеў бы нi на ўзрост, нi на пасаду, нi на што. А тут прыйшлося змаўчаць. Увогуле, у першы дзень яму не пашанцавала. Як пэцнулi па твары - гэтага хоць нiхто не бачыў. А вось другое яго ўнiжэнне бачылi многiя. Ён стаяў i з цiкавасцю разглядаў вялiзныя станкi. Раптам - званок угары. Ён задраў галаву i жахнуўся: на яго паўзла агромнiстая станiна. Ён не ведаў яшчэ тады, якая паслухмяная машына кран i як спрытна i лёгка можа пранасiць па цесным праходзе шматтонныя дэталi беленькая хударлявая дзяўчынка-кранаўшчыца. Здалося, што нiхто не здолее спынiць iнерцыю гэтай махiны i яна вось-вось раздавiць яго. I ён адскочыў, як спалоханы заяц. Моцна выцяўся аб станок нагой i ледзь не распластаўся на чорнай прамасленай зямлi. Калi ж убачыў, што станiна нерухома павiсла, а з вышынi, з будкi, выглядае дзюбаты тварык i весела смяецца, Славiку захацелася правалiцца скрозь зямлю.