Сэрца на далонi, частка 3

"Хвалюецца... Няўжо хвалюецца?" Адказала весела, гучна: - Дзякую, Тарас. Я з прыемнасцю пайду з вамi. Дзе мы сустрэнемся? Ён задыхнуўся ад шчасця: - Дзе хочаце. - На пераходным мосце. А палове восьмай. Добра? Яна паклала слухаўку i вясёлымi вачамi пераможна агледзела сваiх калег маладога лекара i дзвюх сясцёр. - Хто гэты Тарас? - спытала адна, старэйшая, замужняя i незадаволеная сваiм замужжам. - Ярашаў сын. - Антона Кузьмiча? О-о! - Нiшто сабе! - Цэлiш правiльна! Маша засмяялася. Яна, напэўна, зарагатала б, каб ведала, што адбылося на заводзе. Славiк з"явiўся на працу такi шчаслiвы, нiбы за ноч ён засвоiў усе таямнiцы зборкi i заняў месца брыгадзiра цi нават начальнiка цэха. Да гудка частаваў хлопцаў "Казбекам". - Ого! Цi не атрымаў ты спадчыну? - пажартаваў Косця. Славiк кiнуў Тарасу мiж iншым: - Табе прывет. - Ад каго? - Адгадай. - Што мне гадаць! - Ад Машы. - Ад той? - Ад той. - Дзе ты яе бачыў? - Сустрэў на вулiцы. Яна пыталася пра цябе. Ён не схлусiў. Маша сапраўды пыталася ў яго пра Тараса. Косця адразу ж, як толькi адышлi ўбок, накiнуўся на свайго брыгадзiра: - Ну што, не казаў я табе? А ты - вось. - Ён моцна i злосна стукнуў сябе кулаком у лоб. - Я ж бачыў, што яна не зводзiла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэцца! Аблавух! А яшчэ ў армii служыў. Памрэш ты халасцяком. Тарас не крыўдзiўся i не адбiваўся. Ён думаў пра Машу. Яму вельмi хацелася сустрэцца. Але як гэта зрабiць? - Ведаеш што? - не адставаў мiж тым Косця. - Я аддаю табе свой бiлет на сённяшнi канцэрт. Запрасi яе. - Як? - У дваццатым стагоддзi iснуе тэлефон, майстар. Калi ты баiшся, я пазваню ад твайго iмя. Рэдка калi Тарас адрываўся ад работы. А то раптам знiк да абеду на добрыя паўгадзiны. У яго, як у намеснiка сакратара, быў другi ключ ад пакоя камiтэта камсамола. Падпiльнаваўшы, калi сакратар пайшоў на чарговую нараду ў райком, ён нырнуў у пакой. Можа, дзесяць разоў падымаў тэлефонную слухаўку i клаў назад, часам набраўшы тры лiчбы з чатырох. Па-першае, баяўся наскочыць на бацьку. Кнiжка i даведачная станцыя паведамлялi той жа нумар, па якiм ён званiў Ярашу. Урэшце адважыўся, вырашыўшы, што калi нават слухаўку возьме i бацька, то ён усё адно папросiць паклiкаць Машу. Што тут такое? Бацька - гэта нават лепш, бо ён, на жаль, не ведае прозвiшча дзяўчыны. Адгукнуўся жаночы голас. - Паклiчце, калi ласка, аперацыйную сястру Машу. - Лiтвiн? Яна на аперацыi. Так, так, гэта яна Лiтвiн, ён бачыў гэтае прозвiшча ў Ярашавых паперах апiсаннях аперацый. Другi раз ён званiў смялей, чамусьцi ўпэўнены, што яе не паклiчуць. Трэцi раз, пасля абеду, зусiм смела. Але калi пачуў i пазнаў яе голас, то спалохаўся, пачаў заiкацца. З"явiўся ў цэх як удачлiвы змоўшчык. Прашаптаў аднаму Косцю: - Запрасiў. - Згадзiлася? - Ага. - А што, не казаў я табе? Заяц! Будзеш тыдзень паiць мяне пiвам. Але самае смешнае, што Косцю не прыйшлося ахвяраваць у iмя дружбы сваiм бiлетам. Ад канцэрта адмовiўся Славiк. У канцы змены ён з посным выразам твару сказаў: - Нешта мацi званiла, прасiла прыехаць на дачу. Хлопцы, хто прадасць мой бiлет? - Дай мне, - падскочыў Косця. - Да мяне сястра прыехала. Сама ў калгасным хоры спявае. У хлопцаў былi дарагiя месцы, у другiм радзе. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнiтурах. Косця i Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха i гальштук - бабачка; блiшчалi манжэты накрухмаленых сарочак, зiхацелi дарагiя запанкi. Iшлi па зале ўсе разам. Яна сярод iх - як вогненная кветка. Менш бачыла вачамi, больш адчувала аголенымi рукамi, шыяй, патылiцай, спiною, што яе працiнаюць позiркамi, разглядаюць усе: мужчыны - з захапленнем, з цiкавасцю, жанчыны - з рэўнасцю, асуджэннем, скептыцызмам, пагардай. Гiпноз соцень вачэй моцна i незвычайна хваляваў: радаваў i страшыў.