Сэрца на далонi, частка 3
- Кiрыла Васiльевiч? - спытала яна ў Машы. - Вiдаць, правы яму аддалi - лысiна блiшчыць, што намаслены блiнец, пажартаваў Яраш. - На яго фiзiяномii - усе яго пачуццi. Зося вылезла з машыны i першая працягнула Шыковiчу руку. Ён асцярожна сцiснуў яе тонкiя, сухiя, гарачыя пальцы i доўга не выпускаў iх - разглядаў жанчыну з бесцырымоннай цiкавасцю. Яго прыемна ўразiла, што твар яе зусiм не спакутаваны, як яму ўяўлялася, крыху бледны, але бадай што прыгожы. Усё перажытае хiба што адбiлася ў вачах, вялiкiх, блакiтных, залiшне выразных, як ва ўсiх людзей пасля цяжкай хваробы, ды ў дробных зморшчынках каля куточкаў вачэй i ў адзiнай глыбокай маршчыне на высокiм белым iлбе. Зося збянтэжылася ад такога яго разглядання, апусцiла вочы, убачыла свае стаптаныя чаравiкi, пакамечанае ў бальнiчных капцёрках просценькае плацце i... засаромелася, магчыма, упершыню за многа год вось так. Да аперацыi гэта таксама здаралася рэдка. Была сарамлiвасць, але заўсёды з iншай прычыны. Бадай нiколi ад таго, што нехта разглядаў яе беднае адзенне, як i ад таго, што лекары i камiсii аглядалi i мацалi яе хворае цела. I вось - амаль дзявочая засаромленасць, хоць разглядае немалады ўжо, лысаваты чалавек. Проста апрануты: стаптаныя басаножкi, пакамечаны парусiнавы касцюм. Яна ўзняла вочы, усмiхнулася i спытала: - Аддалi вам правы? - О! - здзiвiўся Шыковiч. - Вам ужо расказалi? Аддалi, але замянiлi, чэрцi, талон. Аднак вiншую вас. Паверце, як я рады за вас! Гэтаму чарадзею трэба пры жыццi паставiць помнiк. Праўда? - кiўнуў ён на Яраша, якi зачыняў машыну на ключ. Яна, Зося, i Маша адказалi яму аднолькавымi ўсмешкамi любвi да чарадзея. А сам чарадзей сярдзiта нахмурыўся: - Пайшлi. Ад Кiрылы Васiльевiча вы пачуеце яшчэ нямала казак. - Чакай, - спынiў яго Шыковiч. - Соф"ю Сцяпанаўну правяду да кватэры я. Прашу, - ён жартаўлiва падставiў ёй локаць. I яна, на здзiўленне Машы, даволi грацыёзна абаперлася на яго руку i пайшла ўпэўнена, цвёрда, у нагу з iм. Па бальнiчным садзе яна так упэўнена не хадзiла яшчэ. Маша зiрнула на Антона Кузьмiча. Той кiўнуў галавой задаволена i, здалося ёй, упершыню з гонарам, як бы кажучы: "Вось што мы здольны зрабiць з вамi". На пляцоўцы другога паверха Кiрыла спынiўся, дастаў з кiшэнi тонкi ключык ад французскага замка, амаль урачыста перадаў яго Зосi. Усе ўбачылi, што рука яе задрыжала. Яна доўга глядзела на ключ. - Адчыняйце. Яна павярнулася i доўга не магла пацэлiць у замочную шчылiну. Потым, як бы ўзрадаваўшыся, што дзверы адчынiлiся, хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калiдорчык, павярнула налева i спынiлася ў шырокiх дзвярах, аслепленая бляскам мэблi, эстампаў на сценах, агнём букета, зiхаценнем бутэлькi шампанскага, пералiвамi яблык, груш, вiнаграду, торта i яшчэ многага iншага, чым быў устаўлены нiзкi стол на тонкiх ножках. Убачыла ўсё гэта Зося, i яе зноў апанаваў страх, можа, апошнi. Яна азiрнулася i як бы паклiкала на дапамогу: - Антон Кузьмiч! Яраш прайшоў мiма яе i, нi на каго не гледзячы, сказаў збянтэжана, а таму трошкi сярдзiта: - Ну, ну... без усяго... без здзiўлення. Пасля, пасля... Усё гэта ваша. Жывiце. А мы зараз вып"ем за ваша здароўе... За наваселле, Маша! - Ён, каб нечым заняць сябе, пачаў перастаўляць шклянкi, яны меладычна зазвiнелi. Падняў бутэльку з шампанскiм. - Чакай! Сапсуеш усю ўрачыстасць! - Шыковiч любiў эфекты. Яны, усе трое, замiтусiлiся каля стала, на нейкi мiг, вiдаць, забыўшыся на гаспадыню, якая ўсё яшчэ, аслепленая i аглушаная, стаяла ў парозе. А потым раптам ступiла ўперад, сапраўды як сляпая, выставiўшы перад сабой рукi. Падышла да Яраша, маленькая, просценькая, як дзяўчынка, у пакамечанай штапельнай сукенцы, палажыла рукi на шырокiя грудзi яго, зазiрнула знiзу ў вочы i раптам прытулiлася тварам да сэрца яго i... бязгучна зарыдала. Ён зусiм збянтэжыўся. Не ведаў, што рабiць. Шырока расставiў рукi, трымаючы ў адной бутэльку. Ён як бы баяўся да яе дакрануцца, не мог адарваць ад сябе. У вялiкай разгубленасцi паўтараў: