Сэрца на далонi, частка 3
Зала варухнулася. Зашапталiся, пытаючы адзiн у аднаго: - Хто? - Хто? Шыковiч схамянуўся. Адказваючы шчырасцю на шчырасць сваiх слухачоў, ён выдаў тое, чаго, магчыма, гаварыць не варта было, тым больш без згоды чалавека. "Сказаць цi не сказаць?" - у разважлiвасцi Кiрыла выйшаў з-за трыбуны, наблiзiўся да краю сцэны. Не, не сказаць нельга. Ды i ўсё адно здагадаюцца, калi даведаюцца, да каго ён хадзiў адразу, як прыехаў. - Сухадол, Клаўдзя Сiдараўна. Зала ў адзiн голас ахнула ад здзiўлення i загудзела, як разварушаны вулей. Такiя сустрэчы не забываюцца! Яшчэ больш кранула Кiрылу, калi пасля таго, як незадаволены Грак посна падзякаваў яму за даклад i людзi пачалi разыходзiцца, яго раптам акружыла моладзь, i чалавек, можа, дваццаць працягнулi кнiгi - яго, Шыковiча, кнiгi - з просьбай напiсаць на памяць. - Гэта ў вашым сельмагу пылiлася столькi маiх кнiг? - пажартаваў аўтар. - Не. У нас не было. Трышка ў раён з"ездзiў i там знайшоў, на базе. - У раён? Сёння? Калгасны касiр i бiблiятэкар, хлапчына хваравiты (у маленстве перанёс паралiч), як пасля даведаўся Шыковiч, кiнуўся ў чарговую машыну, якая везла збожжа, тросся трыццаць кiламетраў туды, трыццаць назад, каб знайсцi на базе райсаюза i прывезцi ў вёску два дзесяткi кнiжак. Шыковiчу нават нiякавата зрабiлася. А цi варта яго кнiга, каб за ёй так ездзiлi? А раптам прачытаюць гэтыя юнакi i дзяўчаты i будуць шкадаваць патрачаных грошай, якiя нялёгка зарабляюцца, часу? Начаваць яго запрасiў стары. Iшлi па начной вулiцы, маўчалi. Кiрыла падумаў, што стары, мабыць, выконвае павiннасць, даручаную яму старшынёй, i не вельмi задаволены начлежнiкам. Але прыйшлося яшчэ раз здзiвiцца, калi хату iм прыветлiва адчынiла тая самая бухгалтарка, што так непрыязна глянула, калi ён сказаў, што хоча пiсаць пра Сухадол. На стале стаяла позняя вячэра i пляшка вiшнёвай настойкi. Перад дакладам ён так i не паспеў павячэраць - прасядзеў у Клаўдзi Сiдараўны. - Хведара няма? - спытала жанчына. - Пакрыўдзiўся твой Хведар. Далi яму перцу. Ажно чмыхнуў, - весела i задаволена засмяяўся стары. Шыковiч зразумеў, што размова iдзе пра старшыню. Гаспадар хаты - нiзкi ростам, хударлявы, з паголенай барадой, але пышнымi рудаватымi вусамi. Вусы гэтыя, аднак, не старылi, а, наадварот, маладзiлi яго. Цяжка было сказаць, колькi яму год. - Сядайце, Кiрыла Васiльевiч, - ласкава запрасiла гаспадыня. - Прабачце, але мы нават не пазнаёмiлiся там як мае быць, - збянтэжыўся Шыковiч. - Кацярына маё iмя. А гэта мой бацька, Халiмон Дзям"янавiч. Стары, не трацячы часу, разлiваў настойку ў чаркi. А Кацярына палiвала госцю на рукi. Але за перагародкай заплакала дзiця, i яна ўмiг забылася на ўсе свае абавязкi гаспадынi. - Сядайма, таварышок, яе не дачакаешся. Халiмон Дзям"янавiч быццам спяшаўся без дачкi выпiць. Перакулiў чарачку i загаварыў сцiшаным голасам: - Ета мая малодшая, Кацярына. Два сыны, Павел i Дзям"ян, з вайны не вярнулiся. Дужа гаравала старая. Усё чакала Дзям"яна. Не верыла, значыцца... Тут адзiн у нас гадкоў, можа, пяць як з"явiўся... Там, у iх, быў... Старая, царства ёй нябеснае, тры гадкi, як праставiлася. Яшчэ сын ёсць, Iван. Дык той пасля армii ў Данбас паехаў. Не хочуць, таварышок, у калгасе... Во бяда. Я тут сваруся з каторымi. Хто хлеб будзе вырошчваць, чортавы дзецi? Закусвайце. Памiдорчыкi, гурочкi. Свае. О, на ента я масцер. Яшчэ ў пана Пячэгi гароднiкам служыў... - Колькi ж вам год? - зацiкавiўся Шыковiч. Стары задаволена засмяяўся i зноў налiў чаркi: