Сэрца на далонi, частка 3
"Пра што пiша Шыковiч? Народ абмяркоўвае Праграму пабудовы камунiзму, а Шыковiч у гэты час - глядзiце! - як паказвае калгас, як выказваецца аб працаднi, аб культуры сяла. Праз якiя акуляры ён глядзеў на свет - во што мы павiнны спытаць у камунiста Шыковiча". Рагойшу не падтрымалi: артыкулы не апублiкаваны, няма пра што гаварыць! Кiрыла паставiўся там, на сходзе, да гэтага чарговага наскоку Рагойшы з iронiяй, ведаючы, як шалее той ад яго спакою. А сёння яго апанавала злосць. "Не, чорт вазьмi, я даб"юся, што артыкулы будуць апублiкаваны! I адзiн, i другi. Бо гэта якраз пра тое, пра што запiсана ў Праграме. У абком пайду. У ЦК пашлю. Не можа лiчыцца лепшым такi калгас, як у Загаллi. I такi старшыня, як Грак! Ды i такi журналiст, як ты, доўбня!" Узрушаны, ён пачаў хадзiць па пакоi мансарды. Адна маснiца скрыпела, i гэта яшчэ больш раздражняла i злавала. Ён бязлiтасна разносiў сваiх працiўнiкаў. Рагойшу знiшчыў адразу, лёгка. Ударыў па Тукалу - дурняў трэба бiць. Дурняў! А хто Гукан? Ён быў замахнуўся i на яго, але рука павiсла. Не, гэта не дурань. Але хто? Успомнiў, як дзён колькi пазванiў яму. З выдавецтва прыслалi прапанову перавыдаць кнiжку Гукана, але прасiлi зрабiць некаторыя папраўкi. Шыковiч узлаваўся: у выдавецтве лiчаць, што папраўкi павiнен рабiць ён, "лiтаратурны пiсар". Не, даволi! Не трэба яму лёгкi ганарар! Ды, нарэшце, нiякiя папраўкi не палепшаць кнiжкi, прасякнутай духам культу асобы. Ён сказаў Гукану па тэлефоне: "Я пiшу ў выдавецтва: кнiга патрабуе карэннай перапрацоўкi, а таму аб перавыданнi яе ў наступным годзе не можа быць i размовы. Згодны, Сямён Парфёныч?" Гукан доўга не адказваў, але ў трубцы было чуваць яго цяжкае дыханне. Нарэшце ён сказаў далёкiм асiплым голасам: "Я вас прашу зайсцi да мяне. Нам трэба пагутарыць". Шыковiч не пайшоў: "Трэба табе - прыйдзi сам". Цяпер ён думаў, што яму варта ўсё-такi пайсцi i выклiкаць Гукана на шчырую размову. Але ён адчуваў, што пасля пiсьма, якое паказаў яму Тарасаў, i асаблiва пасля гiсторыi з кватэрай для Зосi яму цяжка будзе гаварыць з гэтым чалавекам. Ён адчуваў да Гукана не толькi непрыязь, нешта большае. Аднак даследчык у любых умовах павiнен заставацца аб"ектыўным, як добры следчы. Возьмуць пачуццi ўладу над розумам - да iсцiны не дакапаешся. "Трэба схадзiць, - вырашыў ён, стоячы каля зашклёных дзвярэй, што вялi на маленькi балкончык мансарды. Па жоўтай нахiленай падлозе балкончыка кацiлiся слёзы дажджу. Прастор лугу, старыца, лазнякi танулi ў дажджавой iмгле. - Не, спачатку трэба ўсё распытаць у Зосi. Чортаў Яраш! Як ён асцерагае яе!" Потым ён думаў пра жончыну скаргу: Iра закахана ў Тараса, а ён сустракаецца з гэтай рудой сястрой. Валя гаварыла пра Машу не надта прыязна, а ён, Кiрыла, падумаў i тады i думае цяпер, што Тарас зрабiў правiльны выбар. Каб выбiраў ён, Кiрыла Шыковiч, то таксама выбраў бы Машу. Ён не сказаў гэтага жонцы. А цяпер адчуў некаторую вiну перад уласнай дачкой за такiя думкi. Ён паспрабаваў адагнаць усе гэтыя думкi, прымусiць сябе працаваць. "Я вазьму цябе, Кiрыла, за каўнер i пасаджу за стол. Ты проста гультай. Ты дзiкi гультай, якiх павiнны выганяць з таго грамадства, якое мы пабудуем, бязлiтасна дакараў ён сябе i тут жа чапляўся да сваiх слоў: - А куды ты яго выганiш? Выганi прэч самога сябе. На дождж яго, сабачага сына!" I ён выйшаў пад дождж, стаяў, пакуль не намоклi валасы i струменьчыкi не пацяклi па твары, па шыi за каўнер курткi. Не, у такой дажджавой цiшынi працаваць нельга! Глянуў на гадзiннiк. Хаваў яго пад газеты, калi садзiўся працаваць, каб не заглядваць, не адцягваць увагу развагай аб часе. Прайшло гадзiны дзве ў гэтай бясконцай плынi думак. Мозг стамiўся, прасiў адпачынку. Пасля яешнi i кавы захацелася з"есцi што-небудзь больш грунтоўнае. Але ён вырашыў трымаць сябе на паўгалодным пайку i не захапiў нi каўбасы, нi вяндлiны, нi сала, нiчога такога. Думкi скiравалiся да яды. Жах! Як ён не можа авалодаць iмi, уласнымi думкамi!