Сэрца на далонi, частка 3
У той момант ён узненавiдзеў кранаўшчыцу. I вось цяпер бравiруе смеласцю да парушэння правiлаў тэхнiкi бяспекi. За гэта яго не раз ужо лаялi: майстар, Тарас, хлопцы. Усялякiя маральныя павучаннi Славiка раздражнялi. Лаянка майстра Галыгi яму спадабалася: той па-кручаста мацюкнуўся i пагразiў, што выганiць з завода - без лiшнiх слоў i настаўленняў. Славiк, сам балбатлiвы, паважаў людзей немнагаслоўных i рашучых: сказаў - зрабiў. Пагроза майстра крыху падзейнiчала, днi два ён не выкiдваў нiякiх "конiкаў". Увогуле ўзаемаадносiны памiж людзьмi на заводзе яму падабалiся. Няма той iнтэлiгенцкай ветлiвасцi, як на студыi, але няма i прытворства. На студыi Славiк бачыў, як асобныя рэдактары, акцёры часам нават падхалiмнiчалi перад дырэктарам, перад галоўным рэжысёрам. На заводзе людзi ўвесь час заняты працай. Не збiраюцца, каб расказаць новыя анекдоты цi пагуляць у шашкi, як на студыi. Не пляткараць. Калi часам лаюцца, дык вось так, як Галыга: на ўсю моц, адкрыта i шчыра. А галоўнае - падабалася прадукцыя. Гэта табе не асвятляльны штатыў. А спецыяльны, па асобаму заказу Балгарыi, гарызантальна-працяжны аўтамат з цягай у шэсцьдзесят тон! Цi вунь другая "штучка" - вертыкальны станочак вышынёй з добры дом! Вiдаць, павiнна з"яўляцца нейкае асаблiвае пачуццё, калi ўласнымi рукамi збярэш такi станок, электрыкi ўставяць яму "душу", прыйдуць iнжынеры i пачнуць выпрабаванне. Хлопцы здалi ўжо адзiн такi станок, i Славiк прысутнiчаў на выпрабаваннi. Ён прыдзiрлiва назiраў за брыгадай i ўпершыню тады сур"ёзна падумаў, што недарэмна пiшуць у кнiгах пра асобую рабочую гордасць. Гэтыя мурзатыя чэрцi могуць ганарыцца! Не станок - цэлая паточная лiнiя. Аўтаматычная загрузка i разгрузка дэталей, аўтаматычная ачыстка стружкi i 300 трактарных утулак за гадзiну... Няхай радуюцца браты-балгары! Добра было б, каб пiсалi дзе-небудзь у пашпарце, хто збiраў станок. Глядзi, неўзабаве магло б з"явiцца: Уладзiслаў Шыковiч. Славiк падумаў пра гэта зусiм сур"ёзна, без звычайнай iронii над уласным жаданнем. Гэтак жа сур"ёзна прапанаваў у канцы змены: - За такi станок не пашкодзiла б... - i пацёр падбародак. Брыгада, як адна сям"я, iшла па заводскiм двары, любуючыся мяцелiцай тапалiнага пуху. Славiка быццам не пачулi. Гэта кранула яго самалюбства. "На мяне, значыцца, можна не звяртаць увагi? Чакайце ж!" Але праз хвiлiну адгукнуўся Лапацiн: - А можа, праўда, хлопцы? - Ты забыўся на ўмову? - спытаў Тарас. - Як лёгка ты iдзеш на спакусу, - зласлiва кiнуў Лапацiну Ходас. - Не спакушай мяне, галубка! - жартаўлiва праспяваў Косця. - Мяне чакае Зоя, - па-прафесарску паправiў акуляры Генрых. - Глядзi, як бы ён не перавярнуў цябе ў сваю веру. - Хто "ён"? У якую веру? Хто - "ён"? Я? Дык я - тут, жывы, здаровы. Iмя Уладзiслаў Шыковiч. - Хлопца заела, што Ходас сказаў "ён", нiбы яго, Славiка, няма тут цi ён не роўны iм. Але раскрычаўся ён знарок, каб другiя рабочыя каля прахадной пачулi, што не такi ўжо лад i дружба ў гэтай камунiстычнай брыгадзе. Тарас балюча сцiснуў яго локаць: - Славiк, сцiхнi! - А чаму ён увесь час глядзiць на мяне з завоблачных вышынь? Я што нiжэйшая iстота? - Што ты мелеш? Як я на цябе гляджу? - Калi чалавек залiшне высока ставiць сябе, яму ўвесь час здаецца, што другiя хочуць прынiзiць яго. Гэта - манiя, - сказаў Генрых, прыветлiва махаючы камусьцi рукой. Варэнiк быў заўсёды падкрэслена ветлiвы, i нечаканы фiласофскi вывад яго збянтэжыў Славiка, ён не адразу знайшоў, што адказаць. А тут яшчэ напорыста даводзiў Тарас: