Сэрца на далонi, частка 3
Сонца з-за ракi бiла ў вочы. Лёгкi вецярок шастаў лазнякi. Хацелася сесцi ў цянi пад стогам i пагутарыць. Блешня Ярашава, не зачапiўшы нават нiводнай водарасцi, зайграла на мелi. "Чорт!" - вылаяўся пра сябе Шыковiч. Яраш зноў гэтак жа прыгожа размахнуўся, далёка закiнуў блешню i зноў моўчкi вёў з той жа задумлiвай павольнасцю. Кiрыла больш не вытрымаў: - Чаму ты маўчыш? - Я думаю, - адказаў, не павярнуўшыся нават, Антон Кузьмiч. - Я, здаецца, пачынаю разумець сэнс таго, што ты робiш. Пасля твайго расказу... - Дзякуй Богу. Нарэшце дайшло да тваiх заспiртованых мазгоў. Ты павiнен заўтра ж дазволiць мне пагаварыць з Зосяй! - Не! - пагнаў Яраш блешню шпарчэй. - Не! Ты - як азартны iгрок. Табе абы хутчэй выйграць. А ў мяне - жыццё чалавека. Я нiколi не iграю жыццём. Кiрыла размахнуўся i што ёсць сiлы не кiнуў, а пляснуў блешню ў ваду. - Ты халодны, што той шчупак! - кiўнуў ён назад, дзе ў траве сутаргава раздзьмухваў жабры, задыхаючыся ад паветра, светлы рачны шчупак, злоўлены, як нi дзiўна, Шыковiчам. Нечаканая ўдача сябра распалiла рыбацкi азарт Яраша, а таму ён i не пераставаў кiдаць. - Не хвалiся ты сваiм шчупаком. Дрэнь шчупачок. А галоўнае - усё адно дома не павераць, калi я не пацверджу. - Пайшоў ты... Эскулап! Канавал! - Мыло, ошэнь мыло, - бяскрыўдна бубнiў Яраш, зноў закiнуўшы блешню. - А ты ведаеш, што канавал вельмi тонкая прафесiя? - Антон, ты мяне сваiм дурацкiм спакоем давядзеш, што я нап"юся сёння. - Выпi ракi. - А-а, чорт! Дулю ж ты ў мяне з"ясi, а не юшку. - I, шыбануўшы ў траву спiнiнг, Кiрыла з ваяўнiчым намерам рушыў да шчупака. Тады i Яраш кiнуўся яму наперарэз, схапiў за рукi. - Э-э! Што ты дурны - я ведаю. Але выкiнуць такога шчупака! Шыковiч хацеў падставiць яму ножку. Але Антон Кузьмiч лёгка падняў мяккi пяцiпудовiк, панёс да абрыву. - Астуджу я тваю гарачую галаву. - Чакай. Вунь на тым беразе людзi. Знарок патану - цябе пасадзяць. Яраш адпусцiў сябра. Яны селi на мяккую атаву, звесiўшы ногi з абрыву. I так, ужо сур"ёзна размаўляючы, прасядзелi, пакуль з неба не палiлося ў раку расплаўленае золата захаду. Маша, у якой у бальнiцы быў разлiчаны кожны рух, ускочыла ў палату, як гарэзлiвае дзяўчо, вясёлая, узбуджаная. Падбегла да ложка Зосi, прысела, асцярожна i мякка абняла яе. - Вiншую, Соф"я Сцяпанаўна. Цудоўная кардыяграма! Усе лысыя дзяды кансiлiум - горача вiншуюць Антона Кузьмiча. Блiскучая аперацыя! Рэдкая! Хутка мы будзем з вамi танцаваць. Вы любiлi танцаваць? Вялiкiя Зосiны вочы раптам напоўнiлiся слязамi. - Што вы?! - спалохалася Маша. - Я сказала што-небудзь не так? - Нiчога. Не звяртайце ўвагi. - Зося выцерла слёзы рагом новенькай прасцiны. - Гэта я так. Я любiла танцаваць. Але я была вучанiца. Мяне не пускалi на вечары. Толькi ў драмгурток. Яна сумна ўсмiхнулася. "Божа мой! Гэта ж дваццаць год яна як бы i не жыла, - жахнулася Маша, i ёй зрабiлася да болю шкада жанчыну. - I цяпер яшчэ ў яе такiя сумныя вочы. Каб я ведала, чым можна ўзрадаваць цябе!" - З заўтрашняга дня за вас возьмецца лекар лячэбнай фiзкультуры. Зося ў знак удзячнасцi ледзь прыкметна кiўнула галавой. Да аперацыi яна была больш гаваркая i цiкаўная. А цяпер быццам баiцца са словамi страцiць сiлу, якая павольна вяртаецца да яе. Сапраўды, Зося з дня ў дзень адчувала прылiў гэтай новай сiлы, даўно забытай, i ёй было хораша i... страшна. Нiколi, нi ў гестапа, нi ў лагеры, нi перад аперацыяй, у яе не было такiх прыступаў страху, якiя здараюцца часам цяпер. Часта снiцца, што ў яе зноў хворае сэрца, што яна зноў задыхаецца, i яна прачынаецца ў халодным поце i слухае сваё сэрца. Ну вось, зноў яно калоцiцца лiхаманкава. Але праходзяць хвiлiны - i сэрца пачынае бiцца поўна, спакойна, у рукi i ногi вяртаецца здаровая моц.