Сэрца на далонi, частка 3
- Ведаю, ведаю. Хто ў нас не ведае таварыша Яраша! Прыемна, вельмi прыемна. "Клюнула", - падумаў Кiрыла, падставiўшы крэсла сябру. Сеў побач сам i тут жа пайшоў у наступленне: - Справа такая, таварыш Грабар... У Антона Кузьмiча жанiўся сын. (Яраш уздрыгнуў ад нечаканасцi.) Хлопец узначальвае брыгаду камунiстычнай працы на станкабудаўнiчым. Яму даюць кватэру. Бацька ў падарунак хоча абсталяваць яе. Але, ведаеце, трэба прыстойнае што-небудзь... Сучаснае. Стыль. Каб не сорамна было. - Разумею. Усё зробiм, - чамусьцi ўзрадаваўся дырэктар. Яраша неаднойчы здзiўлялi нечаканыя выдумкi Шыковiча. Але гэтая яго проста ашаламiла. Ён спачатку абурыўся, пасля натужлiва стрымлiваў смех, каб не здацца гэтым людзям дзiваком. У цесным калiдоры ён даў сябру кухталя. - А што ты яму будзеш тлумачыць? Шукаем стыльную мэблю для хворай? Казка! Яны паклiкалi Машу. I сам Грабар, вырашыўшы, вiдаць, за тры хвiлiны, якiя яны чакалi яго, куды перавесцi Гаюнкову, павёў iх на склад. Праўда, перад гэтым ён здзiвiў Машу. Раптам спытаў: - Нявестка, таварыш Яраш? - i працягнуў руку, пачаў вiншаваць. У дзяўчыны бровы палезлi на лоб. Але Шыковiч мiргаў ёй так выразна, што яна зразумела: ён нешта выдумаў. На складзе яна адразу звярнула ўвагу на гарнiтур вытворчасцi адной з латышскiх фабрык, просты, прыгожы, з наборам рэчаў для аднаго пакоя: канапа-ложак, нiзкi стол, разборная кнiжная палiца, нiзкiя зручныя крэслы. - О, у вас густ! - усмiхнуўся Грабар. - Я мог бы ўзяць вас тавараведам. I пашкроб патылiцу. - Мы пакiдалi гэта для выстаўкi-продажу. Але калi такi выпадак - бярыце. У машыне, задаволеныя пакупкай, якую Грабар паабяцаў праз гадзiну прывезцi, яны рагаталi з выдумкi Кiрылы Васiльевiча. Асаблiва смяшыла, што "мэблевы начальнiк" палiчыў Шыковiча "заўхозам" Яраша. Потым Машу скаланула думка: магчыма, што гэты хiтры Шыковiч ведае, што яна сустракаецца з Тарасам, а таму i выдумаў такую прычыну. Не, не падобна. Хутчэй ён мог бы даведацца, што яна сустракаецца з яго сынам: Славiк балбатун. I ёй зноў стала весела ўжо ад iншай думкi: можа здарыцца, што некаму з iх сапраўды прыйдзецца купляць з ёй мэблю з такой прычыны - жанiцьба сына. * * * - Ну, Соф"я Сцяпанаўна, пара дадому. Словы Яраша, iх тон, не, як звычайна, афiцыйна-лекарскi, хоць i ласкавы, а нейкi вельмi ўжо сяброўскi, спалохалi Зосю. Зноў той жа незразумелы прыступ страху, ад якога яна душэўна пакутавала. Сапраўды незразумелы. Дзiўны. Чаго ёй баяцца цяпер? Многа год яна пераконвала сябе: не скардзiся на лёс, жывi, як жывецца, заўтра можа здарыцца горшае, i нiчога не баялася, нiякiх хвароб, нiякiх нягод. А прыйшло збаўленне ад цяжкай хваробы - яна адчувае, што сэрца яе не тое, з якiм яна жыла многа год, i ўсе лекары робяць такое заключэнне (яе слухала, можа, сотня лекараў i практыкантаў)... Прайшло многа добрага... Яраш яшчэ колькi дзён назад сказаў, што атрымалi для яе кватэру амаль у цэнтры горада. I Маша паведамiла з радасцю: "Такая сiмпатычная кватэрка. Сюрпрыз для вас". Вярнулася здароўе, знайшлiся шчырыя, чулыя сябры, чаго ж баяцца? Аднак страх не праходзiў. Збiрала рэчы, пераапранулася - i ў яе калацiлiся рукi, ногi. - Слабенькая ты яшчэ. Чаго ён цябе выпiсвае? - загаварыла бабуля-санiтарка. Зося сама з задавальненнем засталася б у бальнiцы. Тут яна хоць з усiмi i ўсiм звыклася, нават са сваiм страхам. А што там? Яна многа дзён ужо гуляла па садзе. А цяпер баялася глянуць на адчыненыя вокны, за якiмi шумеў вялiкi горад. Дзень быў не вельмi вясёлы - амаль па-асенняму хмурны, з дрэў злятала першае лiсце. Можа, i ад гэтага яшчэ незнаёмы боль у сэрцы?