Сэрца на далонi, частка 3
- Баптыстка гэтая? Яна сто гадоў пражыве! - кiнуў амаль злосна Грак. - Баптыстка? - здзiвiўся Шыковiч. - Ды не баптыстка яна! - запярэчыла бухгалтар. - Ну не ведаю, якому яна iдалу там кланяецца, але што шаманка, то шаманка. Больш хiтрая, чым тыя, якiх я бачыў у якутаў. Адным словам, дармаедка. Абвясцiла сябе знахаркай. Варажбiткай. - Ды не варожыць яна. Травамi лечыць. - Ты, Кацярына, не абараняй. Ты сама туды ж. Сорам! Культурная сiла! кiнуў ён жанчыне з дакорам. - А што? Яна вылечыла мяне. - Вылечыла. Лекарка! Прафесар! Дурнота ваша бабская ёй кiшэню набiвае. Хочаце напiсаць пра яе, таварыш Шыковiч? - Ага. - Дайце добранькi фельетон. Я вам факцiкаў падсыплю. Можа, пракуратура тады дацягнецца. А то я колькi разоў казаў нашаму пракурору, ды ён усё рукамi разводзiць: "Няма падстаў, трэба блюсцi законнасць". Я ёй, праўда, крыллi падрэзаў - сядзiбку па самыя вуглы адшахаў. Але, не такой уяўляў Кiрыла гэтую жанчыну, калi пасля доўгiх пошукаў з дапамогай Яраша даведаўся нарэшце, куды знiкла з горада былая сястра iнфекцыйнай бальнiцы Клаўдзя Сухадол. "Медсястра - i раптам знахарка, сектантка нейкая. Лiха ведае што такое!" разважаў ён, незадаволены, ужо трохi расчараваны, iдучы па доўгай вулiцы ў край сяла. Прыгадваў, як адразу варожа насцярожылася бухгалтар, калi пачула, што ён хоча пiсаць пра Клаўдзю. Што пiсаць - тлумачыць не стаў, бо раптам страцiў веру, што ўвогуле прыйдзецца нешта пiсаць у вынiку размовы з гэтай жанчынай. Знайсцi яе хацiну было лёгка. Па-першае, яна стаяла трэцяй з краю, каля самага лесу, а па-другое, адзiная такая ў сяле: маленькая мазанка, пабеленая на ўкраiнскi лад. Высокi лазовы пляцень, якiм з усiх бакоў быў абгароджаны цесны дворык, здаўся Шыковiчу крапасной сцяной, за якой нехта як бы хацеў схавацца ад людзей i свету. Дзе ў суседзяў былi садкi i агароды, тут, адразу за плятнём, шапацела надзiва высокая кукуруза. "Каралева палёў", дзiця сонечнай Украiны як бы цягнулася да мазанкi. Спалучэнне натуральнае, нават прыгожае. Але Шыковiчу ўспомнiлiся словы Грака: "Я ёй крыллi падрэзаў", i ён упершыню падумаў аб крыўдзе, якую, напэўна, мае жанчына на мясцовую ўладу i вельмi можа быць - нават на гэтую цудоўную кукурузу. Ад веснiц паўз хату iшла вузенькая i чысценькая, пасыпаная жоўтым пясочкам сцежачка. Уся астатняя плошча дворыка была разбiта на малюсенькiя акуратныя градкi, засаджаныя гароднiнай i кветкамi. Безумоўна, не хадзiла па гэтым двары нi карова, нi каза, нават слядоў курэй не было вiдно, хоць невялiчкi хляўчук, таксама абмазаны i пабелены, тулiўся ў кутку за хатай. Шыковiч разгледзеў усё гэта, пакуль, прасадзiўшы руку ў шчылiну, шукаў адмысловую "зачынялку", каб адчынiць веснiцы. Ды так i не знайшоў, хоць дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыi сялянскiх замкоў - круцёлак, засовак, зашчэпак. I тут з"явiлася сама гаспадыня. Яна, нахiлiўшыся, выйшла з дзвярэй, шырокiмi крокамi падышла да агароджы, цераз пляцень глянула, хто там, адчынiла веснiцы, але загарадзiла сцежку сваёй постаццю, акiдваючы няпрошанага госця дапытлiвым позiркам: што ты за птушка? Шыковiча адразу ўразiў яе выгляд. Жанчына была на добрую галаву вышэйшая за яго i значна старэйшая, чым яму ўяўлялася, зусiм сiвая ўжо. Па-мужчынску кастлявая, крыху ўжо ссутуленая, але, вiдаць, даволi дужая яшчэ, яна стаяла з пучком сухой травы ў руцэ, як вартавы са зброяй. Глядзела так, што Шыковiчу здалося: вось-вось сцебане яго гэтым венiкам па твары. Ён адчуваў, што не вытрымае яе позiрку, i паспяшаўся загаварыць першы: