Сэрца на далонi, частка 3

Кiрыла пачаў расказваць пра свае пошукi, пра размовы ў КДБ i гаркоме. Яраш здзiвiўся: - Ёсць справа на Савiча? На мёртвага? - Ты ж сам казаў, што ў твае абавязкi падпольшчыка ўваходзiла вывучаць тых, хто супрацоўнiчаў з акупантамi. Я думаю, не дзеля спартыўнай цi мемуарнай цiкавасцi гэта рабiлася. - Але, - згадзiўся Яраш задумлiва. Галiна Адамаўна падала яму мiсачку з юшкай. - Дзякую, - сказаў, як чужой, паспытаў варыва з лыжкi, паставiў мiсачку на край лавачкi. - Горача. - I да Шыковiча: - Слухай, Кiрыла, а цi варта варушыць такiя архiвы? Каб узняць пыл, ад якога нехта будзе чыхаць? - Хто? Ты? Я? Я не буду чыхаць ад такога пылу! - Шыковiч ажно падхапiўся. Яго абурыла, што Яраш, якi быў загарэўся таксама, як i ён, раптам зноў дае адбой. Чаму? Сам жа падпольшчык! На самога ж былi забылiся i колькi год нiхто не ўспамiнаў! - Чакай. Я лiчу, што гэта трэба было рабiць або раней, адразу ж па гарачых слядах... Мы не здолелi тады разабрацца ва ўсiм, наадварот, шмат што заблыталi... Няхай даруюць мне, але я не веру ў аб"ектыўнасць спраў, якiя заводзiлiся ў той час... Або гэта трэба рабiць пазней, калi загояцца ўсе раны... Найдаражэйшая якасць памяцi - забыўлiвасць... Каб нiчога не забывалася, чалавецтва загiнула б. Забыўлiвасць лечыць i раны душы, i раны цела. - Дзiўная ў цябе фiласофiя! Ведаеш, з якога арсенала? - Давай, Кiрыла, без арсеналаў. Я думаю пра жывых людзей, пра iх сэрцы, а не пра адносiны памiж дзяржавамi. Хоць у палiтыцы таксама забываюць i варта забываць... Iнакш нiколi б не канчалася варожасць. - Ты думаеш пра Зосю. Галiна ўстрапянулася, балюча ёкнула сэрца: "Але, ён думае пра яе. Чаму ён так хвалюецца за яе?" I ў гэты мiг у душу яе ўпала зерне раўнiвай падазронасцi - упершыню да пацыенткi мужа. Яраш узяў сваю мiсачку, пачаў сёрбаць юшку. Кiрыла кiнуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашлялiся, але з лавачкi не сышлi. Агонь прытух, i ў цемры нiхто нiкога не бачыў. - Дык вось што я табе скажу! - гучаў быццам здалёк голас Шыковiча. - Можа, ты забыўся цi хочаш забыцца. У цябе праца не менш гераiчная, чым у падполлi. Навука, ад якой ты шкадуеш адарваць адну хвiлiну на што iншае. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нiчога не забыла i нiколi не забудзе. I мiльёны не забудуць. I ты не асцерагай яе ад мiнулага. Яна не баiцца яго. Галлё з боку Яраша разгарэлася, i агонь асвятлiў яго постаць. Чырвоны ад водблiску полымя, вялiкi i нерухомы, з мiсачкай у руках, ён нагадваў правадыра невядомага племя надзвычай дужых i прыгожых людзей. Галiна, убачыўшы мужа ў такой паставе, адчула новы прыступ страху ад думкi, што можа страцiць яго. Валянцiна Андрэеўна глядзела на Яраша з захапленнем i патаемнай жаночай зайздрасцю. Ён варухнуўся i няўлоўным рухам чараўнiка кiнуў пустую мiсачку ў цемру. - Дык i я табе скажу. Слухай. Ты ж не даследуеш падполле ў поўным аб"ёме. Ты - як дэтэктыў. Цябе захапiла гiсторыя аднаго чалавека, яго загадкавая смерць, i ты ўзрадаваўся выпадку знайсцi востры сюжэт. - Яго ўвесь час хiлiла да дэтэктыва, - сказала Валянцiна Андрэеўна з iскрынкамi смеху ў голасе. Ёй было хораша, весела i хацелася, каб мужчыны паспрачалiся больш горача. - Але ты нiчога такога не знойдзеш. Цяпер я больш, чым раней, упэўнены, што Савiч не быў нi ворагам, нi героем. Ён звычайны стары лекар, якi хацеў памагаць людзям у любых абставiнах. Iнфекцыянiст, ён баяўся эпiдэмiй, якiя заўсёды прыносiць вайна. Каб сачыць за санiтарным станам роднага горада, пайшоў на службу да акупантаў. Вось табе ўвесь твой дэтэктыўны сюжэт.