Сэрца на далонi, частка 3
- Гэта не таго Савiча? - Таго, - жорстка адказаў Кiрыла. - Яна прапiсана ў нас? - спытаў Гукан абыякавым голасам. - Чатыры гады жыве. I працуе. Шчокi аплылi яшчэ раз - нiбы пад гладка паголенай скурай перакочвалiся нейкiя валiкi. "Чорт! - вылаяўся Сямён Парфёнавiч у думках. - Трэба мiлiцыi накруцiць, каб такiх без майго дазволу не прапiсвалi". Ён падняўся, выпрастаўся на ўвесь рост, быццам узлез на п"едэстал, засунуў рукi глыбока ў кiшэнi штаноў. Сказаў афiцыйна i катэгарычна: - Што ж... Паглядзiм. Можа, возьмем на чаргу. - Не будзь бюракратам! - амаль пагрозлiва папярэдзiў Шыковiч. Гукана ашаламiлi не столькi словы, колькi тон, тое, што "пiсака гэты" вось так да яго - на "ты". - Дзён праз дзесяць Савiч можна выпiсаць, - спакойна паведамiў Яраш i наском чаравiка наступiў сябру на нагу, каб той трымаўся спакайней. - Праз дзесяць дзён, Антон Кузьмiч, i размовы не можа быць. - Гукан звяртаўся цяпер толькi да хiрурга. - Што вы! Ды яшчэ асобная... Такiх i кватэр няма для аднаго чалавека. Ёсць дзяржаўная норма. - Тады яна зойме свой дом. Судовага рашэння аб канфiскацыi маёмасцi няма. Дом належыць ёй, - сказаў Шыковiч, гледзячы ў гэты раз не на Гукана, а на Яраша. - Яслi? - на мiг аслупянеў старшыня, а потым шырока махнуў рукамi, як журавель на ўзлёце крыламi, i закрычаў, здавалася, узрадавана: - Цудоўна! Цудоўна! - Да Кушнера: - Ты чуў? Выкiнем на вулiцу дзяцей! Сотню дзяцей! I аддамо дом, у якiм, дарэчы, амаль нiчога не засталося Савiчавага, ён перабудаваны i надбудаваны намi з табой... аддамо гэты дом - каму? Дачцэ... - Вiна Савiча не даказана! - злосна перапынiў яго Кiрыла. Гукан шырокiмi крокамi выйшаў з-за стала i стаў перад Шыковiчам у непахiснай паставе, з цвёрдасцю i жорсткасцю ў твары. - Не, таварыш Шыковiч, даказана! Вельмi добра даказана! Усiмi органамi. А вы не думайце, што калi знайшлi нейкую знахарку i яна напляла вам казак, дык вы ўжо ўсё даказалi, зрабiлi пераварот у гiсторыi падполля. Вы наiўны чалавек, Шыковiч. Для мяне цяпер ясна, чаму напiсаны ваш артыкул. Як толькi паявiлася гэтая асоба... - Пра асобу гэту ты памаўчы. - Кiрыла хацеў сказаць: "Хто, як не ты, загнаў яе ў Сiбiр?", але Яраш зноў штурхануў яго нагой. Антону Кузьмiчу хацелася патушыць гэтую нечаканую ўспышку. Цяпер галоўная мэта - кватэра. Ён даў сабе слова любымi сродкамi вырваць для Зосi пакой, i сварыцца з Гуканам зусiм не ўваходзiла ў яго планы. - Не прэтэндуе яна на дом, - сказаў ён. - Налiха ёй той дом! - А вось камунiст, работнiк рэдакцыi прэтэндуе. - Гукан адступiў ад Шыковiча, павярнуўся да свайго намеснiка. - Дзеля гэтага ён гатовы выкiнуць дзяцей... Чаго хочаш... Абы даказаць сваё... "Ох i дэмагог, сабачы сын. Выдаў бы я табе", - думаў Шыковiч, але пад выразнымi позiркамi i жэстамi сябра маўчаў. - А чаму, сапраўды, мы не можам даць кватэру гэтай жанчыне? - неспадзявана для Гукана спытаў Кушнер. Ён не ўсё зразумеў са спрэчкi, але, чалавек сумленны, просты i шчыры, адчуў, што праўда на баку хiрурга i пiсьменнiка, што жанчына гэтая мае ўсе правы на кватэру. Гукан аж крутнуўся на адной назе - да намеснiка: - Ты можаш даць? - Магу, - з добрай усмешкай адказаў Кушнер. - Роўна праз тыдзень рачнiкi здаюць дом па Элеватарнай. Напiшам iм гарантыйнае пiсьмо, i яны пазычаць адну кватэру. Такi выпадак! - Ну, ведаеш, я не магу адказваць за падобны шахер-махер. Ёсць партыйны i грамадскi кантроль. - Якi ж тут шахер-махер? Вынесем на выканком. Папросiм таварыша Яраша далажыць. А я тым часам дамоўлюся з рачнiкамi. Яны хлопцы добрыя, зразумеюць. - Спакойная разважлiвасць Кушнера неяк адразу ўтаймавала ўсiх. Нават Гукана. Але, забыўшыся, Кушнер нахiлiўся ў адчыненае акно i сарваў зялёны калючы плод каштана. I тады Сямён Парфёнавiч закрычаў вiсклявым, як у iстэрычнай бабы, голасам: