Сэрца на далонi, частка 3

- Не трэба... Не трэба... Што вы... Калi ласка... Зося... Соф"я Сцяпанаўна!.. Маша ўмiг злётала на кухню i вярнулася са шклянкай вады. Але Шыковiч кiўнуў ёй: "Не трэба. Не чапайце", - i асцярожна забраў ад Яраша бутэльку з шампанскiм. Машы падабалася гэтая гульня - сустракацца па чарзе то з адным, то з другiм. Яе калегi, напэўна, вельмi здзiвiлiся б, каб даведалiся, што яна, Маша Лiтвiн, сур"ёзная, разважлiвая, акуратная, сумленная i не такая юная ўжо дваццаць тры гады, - здольная на гэткiя жарты. Ды i не такая красуня, каб так млелi хлопцы. Сама яна таксама лiчыла сябе непрыгожай, пакутавала ад гэтага, старалася ўпрыгожыць сябе моднымi плаццямi i прычоскамi, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць "векавухай" (так у iх вёсцы называюць старых дзевак). Ды раптам гэтыя хлопцы, кожны па-свойму, адкрылi яе прыгажосць, адкрылi для сябе, а самае галоўнае - для яе самой. Яна асаблiва адчула гэта на канцэрце i пасля належным чынам асэнсавала. Канцэрт, праўда, выклiкаў цэлую гаму пачуццяў, самых супярэчлiвых, але ўсё-такi найважнейшым для яе было адкрыццё: яна можа падабацца. Гэта акрылiла яе. Яна была ўдзячна i Славiку, i Тарасу. Яны былi розныя, вельмi непадобныя, але шмат у чым дапаўнялi адзiн аднаго. Каб сплавiць iх характары, рысы i звычкi ў адно, то вельмi можа быць, што ў такога хлопца яна закахалася б адразу, такi наблiжаўся б да яе iдэалу. Тарас ёй здаўся спачатку сумным. Нават у кампанii сваiх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзiр, трымаўся неяк збоку, тон задавалi смяшлiвы Косця i не вельмi гаманкi, але надзвычай дасцiпны Генрых. Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькi ён глыбейшы i разумнейшы за Славiка, як многа ведае - так многа, што ёй зрабiлася боязна. Ён расказваў сур"ёзна, але цiкава. Ён да ўсяго ставiўся з цяжкаватай сур"ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька, якi ўмеў павесялiцца i пажартаваць. А Славiк, наадварот, падабаўся ёй за несур"ёзнасць, за лёгкасць, бесклапотнасць. I за iронiю. З усяго ён смяяўся. Разыдзецца - не дае лiтасцi нiкому: нi бацьку, нi сястры, нi сябрам, нi нават сабе. Праўда, да адных, як да Ходаса, iронiя злосная, да другiх - бяскрыўдна-паблажлiвая. Адну мацi, прыкмецiла Маша, ён нiколi не чапаў. Можа, таму Маша i даравала яму гэтыя насмешкi з усiх, нават з Яраша. З Тарасам было цiкава, са Славiкам - весела. На трэцiм цi чацвёртым спатканнi Тарас нарэшце пацалаваў яе, i яна не запярэчыла, не адштурхнула, як Славiка; яна з цiкавасцю чакала ўсе вечары калi ж ён адважыцца? Славiк зрываў пацалункi, як крадзеныя яблыкi. Знянацку. Яна не дазваляла. Яна вырывалася, давала яму лёгкiя аплявухi. Ён падстаўляў шчокi i казаў: - Бi, бi... Але май на ўвазе, я лiчу, за кожную аплявуху - сто пацалункаў. Ты не расплацiшся. Ён аднойчы напомнiў, што прасiў яе аб адной ласцы - пацалаваць край яе плацця. Яна засмяялася: - Пацалуй. Ён тут жа на вулiцы (добра, што час быў познi) укленчыў на тратуары, абняў яе ногi i... пацалаваў калена. Такой дзёрзкасцi Маша не чакала. Узлавалася, пайшла дадому. Клала слухаўку, калi ён назаўтра, напаслязаўтра, штодня званiў у бальнiцу. Славiк засумаваў. Яму ўсё абрыдла: пiжонiстыя сябры, модныя дзяўчаткi, лiпсi, пласцiнкi з мексiканскiмi песнямi, "Паплавок". Яму хораша было толькi з Машай. Таму ён надумаў падпiльнаваць яе. Зрабiў засаду на цiхай вулiцы, дзе яна жыла. Дачакаўся, калi, ужо добрым прыцемкам, яна выйшла з дому. Пайшоў назiркам. На суседняй такой жа цiхай вулiцы з прысадамi лiп Маша сустрэлася з хлопцам. Не, не проста сустрэлася. Яны пацалавалiся ў цянi старога каштана. Як малаткi застукалi Славiку ў скронi. Здрада! Чорная здрада! Ён сцiснуў кулакi, гатовы кiнуцца на сапернiка. Але аслупянеў, калi па голасу пазнаў Тараса. Гэта не было абурэнне, не было, бадай, i здзiўленне. Пачуцця свайго ён нiкому не мог бы пасля расказаць. Гэта - як удар моцнага электраразраду: нiякiх адчуванняў - i шок.