Сэрца на далонi, частка 3
"Яны заб"юць мяне". "Мы вас схаваем у такiм месцы, куды не дабярэцца нiводзiн бандыт. Не бойцеся". А Цiшчанчыха шаптала: "Не падпiсвай. Заб"юць", - i ўсё ўгаворвала ўцячы разам з ёй у манастыр. Дурная, яна не бачыла, як мяне ахоўвалi. Яны перавялi мяне ў iх, нямецкi, гатэль. Памясцiлi з нейкай немкай. Па-расейску яна гаварыла дрэнна, але "апрацоўвала" мяне моцна. Нават пiльнавала ўначы - што я кажу ў сне? Пасля нават адпусцiлi дадому. Яны былi яшчэ ветлiвыя: "Не будзеце баяцца адна?" "Не буду". Спадзявалiся, што да мяне нехта прыйдзе. Можа, паспрабуе вывезцi ў лес. У iх нямала было клопату - сцерагчы мяне. Але нiхто не прыходзiў, i хутка iм абрыдла гэта. Тыя ж два "апекуны" адвезлi мяне ў гестапа. Спачатку допыт, колькi дзён пра адно i тое ж: хто прыходзiў да бацькi, з кiм ён сустракаўся, як ён жыў i гэтак далей. На другi дзень тое ж самае ў iншым парадку - каб заблытаць. Потым вочныя стаўкi. Каго я пазнаю з гэтых людзей. Прыводзiлi чалавек пятнаццаць. Я пазнала толькi адну жанчыну, сястру з дзiцячай бальнiцы. Але яна глянула на мяне вельмi варожа, i я не прызналася, што ведаю яе. Калi прывялi Васю, я не магла адмаўляць наша знаёмства. Сказала, што гэта шафёр бальнiчнай машыны. Вася, збiты, сiнi ўвесь, прыветлiва кiўнуў галавой: ён ухвалiў маё прызнанне. "Ён часта прыязджаў да вас?" - спытаў следчы. "Не вельмi часта", - адказала я. "Чаму ў той дзень, перад забойствам, ён прыязджаў тройчы?" "Прывозiў бацьку. Потым бульбу. Мяшок". "А яшчэ каго?" "Тры мяшкi партызан", - засмяяўся Вася. Гестапавец ударыў яго па твары. Я заплакала. Вася крыкнуў: "Нiчога, Зоська! Не гаруй. Мы яшчэ патанцуем на тваiм вяселлi!" Я пачала пратэставаць. Чаму мяне трымаюць у гестапа? Завошта? Гэта бесчалавечна! Такое гора, а мяне дапытваюць, як злачынцу. Я буду скардзiцца! Тады з"явiўся той афiцэр, што глядзеў так на пахаваннi. "Яна не ведае, чаму яе трымаюць тут? Няшчасная дзяўчынка!" - здзеклiва кiнуў ён па-нямецку. Потым сеў за стол, палажыў перад сабой пiсталет. Злосна сказаў цераз перакладчыка: "Даволi гэтай дурацкай камедыi. Ты добра ведаеш, чаму цябе трымаюць. Твой бацька быў звязаны з партызанамi. Ты памагала яму. У вас хаваўся камiсар. Мы злавiлi яго. Ён ва ўсiм прызнаўся". "Хто ж забiў майго бацьку?" Ён падскочыў: "Шкадую, што гэта зрабiў не я!" "А хто?" "Яна што, вырашыла дапытваць мяне?" - спытаў афiцэр у перакладчыка. Я сказала па-нямецку: "Я хачу знаць, хто забойца майго бацькi. А камiсара вы выдумалi. Калi Грот, хiрург шпiталя, i ёсць той камiсар, тады так, ён хаваўся ў нас". Ён наблiзiўся да мяне, доўга i пранiклiва глядзеў у твар, у вочы. Потым расцёр у мяне на шчацэ запаленую цыгарэту. Працадзiў праз зубы: "Ах, з якой асалодай я распяў бы цябе, сучка, на крыжы. Але сёння мне не да цябе. Табой я займуся пасля. Падумай над сваiм лёсам", - i двойчы моцна ўдарыў па твары. На шчасце маё цi на няшчасце, гэты больш мной не займаўся. Дапытваў другi афiцэр. Я ўсё адмаўляла. Бiлi. Не, не моцна. Адзiн раз толькi драўлянымi абцугамi цiснулi пальцы. Гэта балюча. Пальцы i цяпер баляць. Зося падняла левую руку, паварушыла пальцамi. - Што ж вы не сказалi мне? - дакорлiва пакiваў галавой Яраш. - Яны баляць, калi ўспомню. А так нiчога. У лагерах таксама бiлi. Бiзунамi. Гумавымi палкамi. Мяне нядоўга трымалi ў турме. Тыднi два. А потым лагер пад Баранавiчамi. Потым Майданак... Пасля... Я ўжо нават не помню iх, усiх лагераў, у якiх была. Мяне чамусьцi часта пераводзiлi. Апошнi - жаночы лагер пад Гiсенам. Нас вызвалiлi амерыканцы...