Сэрца на далонi, частка 3
Яраш не любiў гэтак пятляць. Ён хадзiў амаль проста. Але ў яго было незвычайнае чуццё, дзе ў гэты дзень мог вырасцi баравiк. Ён iшоў на грыб цi грыбную сям"ю, як на радыёпеленг. - Заглянем мы вось сюды, пад нашы дубы, - сказаў ён Зосi, як толькi яны адышлi ад дачы ў лес. Яна зразумела яго словы як запрашэнне хадзiць за iм. Сапраўды, Яраш хацеў, каб яна была побач. Яна iшла крокаў за дзесяць ад яго. Каля самага вогнiшча, дзе яны палiлi ўсё лета касцёр, на сцежцы пад дубам Яраш убачыў першы баравiк. Нявопытны грыбнiк нiколi не падумаў бы, што ён мог вырасцi ў такiм вытаптаным месцы. Баравiк быў надзiва прыгожы - як знарок вырашчаны напаказ. На тоўстым белым коранi - крамяная, цяжкая на выгляд шляпка; светлая бурштынавасць, што выцякала з-пад нiзу, залацiла кромку, паступова цямнела i пераходзiла ў маслянiсты цёмна-карычневы колер; толькi цераз самую макаўку праходзiла тоненькая пераламаная светлая палоска, мабыць, ляжала галiнка. Яраш спынiўся за два крокi з выглядам чарадзея. Моўчкi, пальцам, паклiкаў Зосю. Таямнiчым шэптам сказаў: - Вось ён! Бачыце? Яна ўгледзела, здзiвiлася: - Ах! - i папрасiла, як маленькая: - Дайце я... - Толькi - чур, падразаць! - папярэдзiў ён. Яна прысела, асцярожна падрэзала, падняла яго i, любуючыся, засмяялася, цiха i радасна, зусiм як дзiця. I Ярашу таксама зрабiлася надзвычай хораша ад гэтай яе маленькай радасцi. Ён азiрнуўся навокал i адразу ўбачыў другi грыб. Нахiлiўся, падрэзаў. - А во яшчэ адзiн. Трэцi дык быццам сам падскочыў пад руку. - А во яшчэ... - Ах! - ужо зайздрасна ахнула Зося. I яшчэ больш узрадавалася, калi нарэшце сама ўгледзела грыб. Падняла яго, паказала: - Глядзiце якi! Як хлопчык. Сапраўды, баравiчок быў маленькi i вясёлы, падобны на таго малога гарэзу, у якога заўсёды кепка ссунута набок. "Як хлопчык", - гэтыя словы запалi Ярашу ў памяць, i ён падумаў аб тым, што, акрамя ўсяго iншага, гэтая немаладая ўжо жанчына не ведала радасцi мацярынства. "Трэба будзе пазней паказаць яе Левiну i Шувалавай (яго калегi, лепшыя ў горадзе тэрапеўт - спецыялiст па сэрцу - i гiнеколаг). Няхай скажуць, можна ёй радзiць?" Ён падумаў гэта з бацькоўскiм клопатам, як пра дарослую дачку. I даў ёй, як малой, як часта даваў Наташы, калi браў яе з сабою ў лес, адной вытаптаць пятачок, на якiм нарадзiлася грыбная сям"я. Зося ўзяла яшчэ тры цi чатыры грыбы. Далей Яраш, верны свайму метаду, рушыў проста, затрымлiваючыся толькi ў тых мясцiнах, дзе нейкая асаблiвая iнтуiцыя падказвала: тут будуць грыбы. I амаль не памыляўся. Зося iшла збоку за колькi крокаў. Здаралася чамусьцi так, што ёй усё часцей i часцей пачалi трапляць грыбы. Бадай, больш, чым яму, Ярашу. Ён пажартаваў: - Дык вы грыбнiчка. Недзе далёка ззаду гукнула Маша. Яраш пачакаў, што адкажа Зося. Яна не адказвала. Ён адгукнуўся жартаўлiва - пiсклявым жаночым голасам. Маша, не пазнаўшы, пачала клiкаць настойлiва: - Ос-ся-а! То-он... Мi-iч!.. Яраш гукнуў сваiм сапраўдным голасам, i дзяўчына змоўкла. Яны шлi па прачышчаным бары. Месца тут, уздоўж лугу, узгоркавае. Магчыма, некалi, у дагiстарычны перыяд, у сто разоў больш магутная рака намыла гэтыя высокiя пясчаныя дзюны, на якiх пасля разумныя людзi пасадзiлi лес. На грэбнях узгоркаў раслi адны сосны, не дужа старыя, роўныя, высокiя, чыстыя - красунi, адна ў адну. Адвячоркавае сонца залацiла iх медныя ствалы. Лёгкi вецер гойдаў гнуткiя верхавiны, за якiя, здавалася, чаплялiся лёгкiя хмары, што плылi на ўсход - ад сонца насустрач ночы. На зямлi, укрытай сухой iглiцай, ляжалi дзiвосныя карункi святла i ценяў.