Сэрца на далонi, частка 3
- Не, не. Калi ласка, як можна больш падрабязна, - папрасiў Шыковiч. -Гэта не дробязi... Для мяне гэта асаблiва важна. - Яго позiрк мяне... абразiў... Пакрыўдзiў. З нейкай нядобрай падазронасцю ён агледзеў мяне. Я не ведаю, як вам сказаць... Але мне стала крыўдна. Чалавек даверыў нам сваё жыццё... Мы рызыкуем сваiм, хаваючы яго... Чаму ж ён глядзiць так? Нядобра. А можа, мне здалося? Я малая была вельмi крыўдлiвая. Мацi не так гляне, як мне хацелася, i я цэлы дзень залiваюся слязамi. Больш, праўда, ён так не глядзеў. Быў прыветлiвы, хоць не вельмi гаваркi. Тады, за першым снеданнем, ён распытваў, як я жыву, з кiм сябрую, куды хаджу, хто прыходзiць да нас, што за чалавек гэты Грот. Я разумела, што яму трэба ўсё ведаць, i падрабязна расказвала. Спытала, як яго iмя. "Навошта табе?" - сказаў ён без падазронасцi. "Неяк жа я павiнна да вас звяртацца". "Калi табе так хочацца, клiч мяне - дзядзька Сажань". Я здагадалася, што гэта мянушка, яна здалася мне смешнай, i я засмяялася. Ён таксама ўсмiхнуўся. Тады я адважылася i спытала, цi не з Вялiкай зямлi ён прыляцеў. Сажань нахмурыўся i адказаў, што я рана пастарэю, калi ўсё буду ведаць. Гэтыя жартаўлiвыя словы па-рознаму можна сказаць. Ён сказаў iх так, што мне расхацелася пытаць у яго пра што-небудзь яшчэ. Праўда, на другi дзень я не стрымалася i спытала пра вас, Антон Кузьмiч. Мне чамусьцi здавалася, што ён абавязкова павiнен ведаць вас. Не, ён не ведаў. "Што здраднiка Лучынскага пакаралi, пра гэта я чуў, а хто гэта зрабiў Вiктар, Антон цi Павел, - не мае значэння". Каб ён ведаў вас, я, напэўна, расказала б, як вы хавалiся ў нас. Але пасля яго слоў, што не мае значэння, хто забiў Лучынскага, мне зноў-такi расхацелася расказваць яму пра вас. Не падумайце, што я стаiла крыўду на яго. Не. Я вельмi паважала яго. Асаблiва калi бацька на маё пытанне: "Хто ён?" - адказаў: "Партыйны кiраўнiк". О, як ён вырас у маiх вачах! Я гатавала яму лепшыя снеданнi i абеды, чым нават бацьку. Мяне толькi здзiўляла спачатку адно, зноў-такi гэта, вiдаць, ад майго такога выхавання "мяккацелая iнтэлiгентка". Але ў нашым доме ўсе казалi адзiн аднаму дзякуй, жадалi добрай ночы. Я хадзiла за iм, як санiтарка за хворым. Ён нi разу не сказаў мне дзякуй. Не, здзiўляцца - гэта не тое я сказала. Мне зноў-такi трошкi крыўдна рабiлася. Не за сябе. За яго. Фашыст Грот такi ветлiвы, што бясконца, на кожным кроку: данке, данке, данке. Мне хацелася, каб наш чалавек, ды яшчэ такi кiраўнiк, быў у сто, тысячу разоў больш культурны i ветлiвы. Але на трэцi дзень Сажань даказаў, што не гэта галоўнае. Мне нават сорамна стала за свае такiя думкi. Ранiцаю я павiншавала яго са святам - з Першамаем. Як радасна блiснулi яго вочы! "Дзякую, Зося, дзякую. Дзякую табе, дарагi таварыш. Цябе таксама вiншую i жадаю дажыць да сапраўднага свята. Мы з табой станем побач i пройдзем пад сцягамi праз увесь наш горад". Ён моцна пацiснуў мне руку, i ў вачах яго, здалося, блiснулi слёзы. Я таксама ледзь стрымалася, каб не зараўцi ад гора i шчасця. Бацька ў першы дзень прыйшоў абедаць на гадзiну раней. Гэтую гадзiну яны гутарылi, зачынiўшыся ў маiм пакоi. У гэты ж час яны размаўлялi i на другi дзень. А на трэцi, Першага мая, прыехаў Вася, шафёр санiтарнай машыны. I Сажань паўгадзiны гутарыў з iм. Пра што - я не ведаю. Вася выйшаў з пакоя з добрай усмешкай, паказаў мне язык, як малой. Потым, кiўнуўшы назад на дзверы майго пакоя, выставiў вялiкi палец, маўляў, во якi чалавек. Тады паказаў на гарышча i секануў далоняй па горле; я зразумела: з такiмi мы хутка зробiм фашыстам чык-чырык. Але мяне рассмяшыла гэтая размова жэстамi - у доме ж нiкога больш не было. У адказ на мой смех ён уставiў вялiкiя пальцы ў вушы i вось так памахаў далонямi. Гэта, мабыць, значыла, што я несур"ёзная, дурнiца. Я пакрыўдзiлася i паказала, што ў яго пуста ў галаве. Ён зняў сваю замасленую кепачку i тэатральна пакланiўся. Але з ганка вярнуўся, працягнуў мне каробачку i сказаў сур"ёзна: