Сэрца на далонi, частка 3
Ён выходзiў з завода цераз шырока адчыненыя вароты ў натоўпе рабочых з нейкiм асаблiвым гонарам. Чамусьцi яму хацелася, каб у гэты мiг яго ўбачыў бацька. Шафёр гнаў па лясной дарозе як ашалелы, таго i глядзi, разаб"е. А дарогi такой - кiламетраў дваццаць. У некранутым сасновым бары - тоўстае карэнне, цэлыя карнявыя вузлы, як добрыя камянi; у дубовых гаях - старыя грэблi, на якiх мала засталося насцiлу, адны ямы, палiтыя ўчарашнiм дажджом. Шафёр нi на што не зважаў. А побач з iм у кабiне бестурботна спаў старшыня. Шыковiч праз шкло ў задняй сценцы бачыў, як з боку ў бок матлялася пляшывая галава. Яго i дзвюх дзяўчат-калгаснiц кiдала ў кузаве, як тыя кавуны, - ад борта да борта. Дзяўчаты смяялiся, хапалiся адна за адну, потым, асмялеўшы, пачалi хапацца i за яго. Кiрылу падабалася такая непасрэднасць i тое, што яго не лiчаць яшчэ за старога, калi падбiваюць на жарты. Неяк асаблiва хваляваў дотык маладых дужых рук, ад якiх пахла зямлёй i зернем. Ад мяшкоў, на якiх яны сядзелi, патыхаў цёплы водар збажыны. Але хутка Шыковiч адчуў, што ад такой вясёлай язды пачынае балець усё нутро. Не тыя гады, каб так трэсцiся. Нарэшце выехалi з лесу на асушанае балота. Дарога праз тарфянiкi - што коўдра, роўная i мяккая. I дзiўна - цi так здалося на раўнiне, дзе няма за што зачапiцца воку, цi на самай справе - шафёр павёў машыну асцярожней i павольней. Сцiхлi дзяўчаты, як бы засаромелiся сваёй лясной гарэзлiвасцi. Нават прачнуўся старшыня; з яго боку з кабiны пацягнула папяросным дымком. Кiрыла прылёг на мяшкi i паглыбiўся ў разважаннi. "Трэба будзе выяснiць, колькi служыць машына пры такiх дарогах i такой яздзе. Варта ўставiць дзе-небудзь пра тып старшынi, як з гадамi мяняецца iх знешнi выгляд. Такiх, як гэты Грак, я даўно не сустракаў. Вынырнуў быццам з сорак пятага года". Немалады - год пад пяцьдзесят - старшыня больш за ўсё нагадваў калгасных кiраўнiкоў таго далёкага пасляваеннага часу: непаголены, у зашмальцаванай, даўно, вiдаць, не мытай, гiмнасцёрцы з чорнага грубаватага сукна, у старамодным дыяганалевым галiфэ, у пажоўклых ботах i, галоўнае, з кiрзавай палявой сумкай, невядома чым туга напакаванай. Гэтая працёртая на вуглах сумка проста-такi прываражыла Шыковiча. "Няўжо з ваеннага часу?" - карцела спытаць. Убачыўшы каля складоў "Закупзерне" старшыню з Загалля, Шыковiч зразумеў, чаму сакратар райкома спрабаваў адгаварыць яго ад паездкi ў гэтую далёкую вёску, куды нават раённыя работнiкi рэдка заглядваюць. Беразоўскi - стары знаёмы Шыковiча, некалi працаваў у абкоме камсамола. Малады энергiчны сакратар. Сустрэў Шыковiча з радасцю: - Нарэшце ты заглянуў i ў наш забыты творцамi раён. Цяпер я цябе не выпушчу. - Мне трэба перш за ўсё дабрацца да Загалля. Сакратар насцярожыўся: - Чаму адразу ў Загалле? - Ды так. Кажуць, цiкавая вёска, - ухiлiўся ад тлумачэння Шыковiч. - Вёска за сямю лясамi, дзевяццю балотамi. Этнаграфiчны куток. Гэтым i цiкава. Але, скажу табе шчыра, калгас там не самы лепшы. - А мне i трэба не самы лепшы. - Значыцца, маеш намер пiсаць разгром? - А ты баiшся? - А хто не баiцца? Ваш брат настрочыць - а нас на бюро абкома па сiгналу газеты. Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велiзарнай рабоце, якую вядзём у апошнiя гады, i пры пэўных поспехах хапае i прарэхаў. Шмат якiя намаганнi тонуць, як у бяздоннай бочцы. То засушыла, то падмачыла. Працуеш-працуеш, а вынiкi... - Незадаволены вынiкамi? - Якая можа быць задаволенасць? Вышэй дзевяцi цэнтнераў нiяк не можам узняцца.