Сэрца на далонi, частка 3
- Вы крыўдуеце на мяне? Я прашу прабачэння. Я не крыўдую на вас за аплявуху. Я гатовы атрымлiваць па аплявусе кожны дзень, абы быць з вамi. Хадзем пагуляем. - Каб вы зноў сказалi якую-небудзь брыдоту? - Клянуся. Я адкушу сабе язык, калi з яго сарвецца хоць адно непрыстойнае слова. Маша ўсмiхнулася. Усё-такi ён пацешны, гэты балбатлiва-галантны хлопчык. З iм не засумуеш. Гэта той вясёлы чалавек, якога ёй хацелася сустрэць пад свой сённяшнi настрой. - Веславаць вы ўмееце? На лодцы пакатаеце? - неспадзявана для Славiка, весела i проста, як малая, спытала Маша. Славiк не ўзрадаваўся, што яна згадзiлася. Ён пахаладзеў: у яго кiшэнi было ўсяго некалькi капеек. О, якiя эпiтэты паслаў ён у той мiг бацьку, якi не даваў яму цяпер нi капейкi. Ды i сяброў па брыгадзе ўспомнiў: "Самi, чэрцi, па дзве сотнi калупаюць, а мне далi ў аванс вучнёўскiх пятнаццаць рублёў. Вось табе роўнасць i брацтва!.." Ён ляпнуў далоняй па нагруднай кiшэнi сваёй моднай, навыпуск, жоўта-блакiтнай сарочкi. - Чорт, я забыўся захапiць грошы. I дакумент. Маша прыхавала ўсмешку, успомнiўшы яго прызнанне па тэлефоне ўяўнаму рабаўнiку. - У мяне ёсць грошы, - паказала яна сумачку i пажартавала, нечакана перайшоўшы на "ты": - Я буду эксплуатаваць цябе. - О, з вамi я згодзен плыць хоць да Чорнага мора. Вы былi б маiм сонцам i маяком. - Пайшлi, - сказала яна. - А то на нас звяртаюць увагу. Славiк толькi цяпер убачыў, што яны стаяць пасярод праходу ад плошчы да варот парку, што навокал многа людзей, i схамянуўся, што ён гаворыць залiшне гучна. Чоўны былi ў разгоне. Прыйшлося чакаць. Маша аддала яму сумачку, скiнула басаножкi i хадзiла па мелi. Зайшоўшы глыбей, яна ледзь прыўзняла сукенку, i Славiк любаваўся яе прыгожымi каленямi з залатымi кропкамi радзiмак. Ён стаяў на беразе паважны, сцiшаны, з сумачкай у руках i з нейкiм салодкiм страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчылiна i праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлiвыя словы, якiя былi запасены там на ўсе выпадкi i якiмi ён вельмi спрытна ўмеў адгароджвацца i ад сур"ёзнага i ад смешнага. Ён падумаў, што сябры, напэўна, кпiлi б з яго, каб убачылi ў такiм стане - вартаўнiком дамскай сумачкi, нiбы ён верны муж суровай жонкi. Але адчуваў, што, каб Маша сунула яму ў рукi i басаножкi, ён з прыемнасцю трымаў бы iх, не баючыся нiякiх кпiнаў. Чаго не зробiш для такой дзяўчыны! Яна пырснула на яго вадой. Ён адскочыў. - Здымай чаравiкi!.. Закасвай свае модныя штаны i лезь у ваду. Так прыемна! - Мы на лузе пакупаемся. Згода? - Я без купальнiка. Любой другой дзяўчыне ён, напэўна, адказаў бы: "Тым лепш". Або пачаў бы "фiласофстваваць": "Гэта ўмоўнасць. Чалавецтву пара выкiнуць сарамлiвасць, як шкодны перажытак мiнулага". А Машы ён не сказаў нi таго, нi другога. Не, не пабаяўся, помнячы аплявуху. Стрымала нейкае iнакшае, зусiм яшчэ не знаёмае яму пачуццё. Ён трохi ўжо пачаў злаваць на сябе за такую нязвыклую разгубленасць. З нецярпеннем чакаў чоўна i злаваў на ўсiх, хто праплываў мiма. "Якога д"ябла без патрэбы плаваць? Вунь тумба якая! Яшчэ за вёслы села. Каб ты перакулiлася!" Прыйшла маторка, i хвалi, пацалаваўшы Машыны ногi, пакацiлiся на пясок. Дзяўчына стала тварам да сонца, грацыёзна падняла рукi, папраўляючы капу залатых валасоў. - Паглядзi, якi прыгожы адгэтуль чыгуначны мост. I лёгкi-лёгкi. Здаецца, можна ўзяць яго на рукi i панесцi. Табе не хочацца падняць яго? - Не, мне хочацца ўзяць на рукi цябе. Яна пагразiла пальцам. - Дамовiлiся, што ты не будзеш крыўляцца. Я не люблю.