Сэрца на далонi, частка 3

Схамянуўся Славiк толькi тады, калi пачуў, што яны iдуць на яго. Стала чамусьцi страшэнна боязна сустрэцца з iмi, ён кiнуўся ўцякаць. Павярнуў у нейкi завулак, выйшаў на другую вулiцу... А калi прыйшла злосць i прага помсты, ён вярнуўся назад, але не знайшоў iх. Згараючы ад рэўнасцi i крыўды, падумаў, што яна павяла яго да сябе. Кiнуўся да яе дома, загрукаў кулакамi ў зачыненыя аканiцы. Выйшаў гаспадар з добрым кiем у руцэ. - Паклiчце Машу. Гаспадар глядзеў на яго як на п"янага. Цярплiва i лагодна растлумачыў, што яе няма дома - пайшла ў кiно. Славiк не паверыў, хацеў праскочыць у фортку. Гаспадар паказаў кiй. Цэлую ноч ён блукаў па вулiцах. Пад ранiцу заснуў на лаўцы прывакзальнага сквера. Адтуль з"явiўся на завод у сваiм вячэрнiм модным гарнiтуры. Рабочыя ў прахадной скептычна азiралi яго. Тарас сустрэў у цэхавай раздзявалцы, здзiвiўся: - Ты дзе гэта быў, што не паспеў пераадзецца? - Дзе? - Славiк утаропiўся на яго сваiмi чырвонымi ад бяссоння вачамi. Тарас усмiхаўся. "Усмiхаешся? Радуешся? Чакай жа! Я табе пакажу радасць! Святымi прыкiдвалiся, гады! Дэмагогiю разводзiлi аб новай маралi!" Яго апанавала халодная разважлiвасць у пошуках помсты. Хацелася прыдумаць нешта такое, каб развалiць iх брыгаду, скампраметаваць Тараса i наогул нарабiць груку на ўвесь горад. Але разам з тым яму было ўсё-такi шкада пакiдаць завод. Гэта яго стрымлiвала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабiць вялiкага шуму. Проста нахулiганiць - пасадзяць. Садзiцца яму больш зусiм не хацелася. Праўда, ён зноў лез пад кран. Зноў пасварыўся з Нiнай. Запусцiў ключом у Косцю, якi паспрабаваў быў пакпiць з яго настрою. Мацюкнуў Галыгу, калi той мацюкнуў яго. Гэта такi нарабiла шуму. Начальнiк змены лаяў усiх. Але каб яго, ды яшчэ вучань!.. Пабялеў, затупаў нагамi: - Шчанюк! Малюска! Выганю! Сёння ж разлiчу. Тарас i хлопцы абаранiлi Славiка. Яны асцерагалi яго, як скулу. Пакуль ён сустракаўся з Машай, яго нельга было пазнаць: уважлiвы, старанны, дасцiпна-вясёлы. Хлопцы радавалiся: становiцца чалавекам. I раптам за адну ноч змянiўся, што яго нельга пазнаць, у другi бок, назад. Хлопцы мусiлi пагадзiцца з Косцевай думкай, што яны слаба ўплываюць на яго. Толькi на заводзе ды ў тыя вечары, калi iм удаецца ўтрымаць яго ў сваёй кампанii. А што ён робiць, калi застаецца адзiн? З кiм сустракаецца? З кiм сябруе? Яны выпрацавалi цэлы план актыўнай разведкi, размеркавалi ролi i абавязкi. Была якраз субота, кароткi рабочы дзень. - Што ты думаеш рабiць сёння? - спытаў у Славiка Косця. Ён паблытаў iм карты. - Паеду на дачу. Нашы едуць. Паблукаю па лесе. Можа, апошнiя цёплыя днi. -I раптам да Тараса: - Паедзем разам! - За дзень ён не мог прыдумаць нiякай помсты. А тут у яго нечакана блiснула думка. Тарас успомнiў, што Галiна Адамаўна неяк упiкнула, што ён пачаў забывацца на сям"ю. Ды i Косця маргаў: згаджайся! * * * - Асцярожна ж, хлопчыкi, - ласкава сказала Валянцiна Андрэеўна, калi яны выйшлi з дачы, абодва са стрэльбамi на плячах. Мацi радавалася, што Славiк пасябраваў з Тарасам, з рабочымi хлопцамi i, здаецца, бярэцца за розум. Цяпер яна згаджалася з мужам, што трэба было адразу ўладкаваць хлопца на завод. Валянцiна Андрэеўна доўга з замiлаваннем глядзела iм услед. Яны выйшлi на луг. Быў цiхi, але па-вераснёўску бадзёры ўжо адвячорак. На небе ляжалi пашматаныя воблакi, нiзкiя, высокiя, перыстыя i дажджавыя. Быццам нейкая цэнтрабежная сiла разагнала iх у бакi, да небасхiлу: у зенiце ясна, а з бакоў блакiт закрылi дагiстарычныя кашлатыя звяры, знясiленыя ветразi, што павiслi пасля буры. Сонца засланiў вялiзны аднагорбы вярблюд. Але праменнi прабiлiся паверх горба i пазалацiлi воблака-крыло.