Сэрца на далонi, частка 3

- Не рвi каштанаў! Абшморгаў усё дрэва! Яны стаялi перад шырока адчыненым акном пустога пакоя, у якiм пахла фарбай i цэментам. Пакой быў на другiм паверсе. Але i адгэтуль памiж садамi вiднелася лукавiна ракi i зарэчныя, спачатку лугавыя, далей палявыя i лясныя прасторы. - Цудоўна! Малайцы рачнiкi! - ухвалiў Шыковiч пасля добрых пяцi хвiлiн маўклiвага любавання i далёкiмi прасторамi, i блiзкiмi садамi, i гонтавымi, шыфернымi дахамi дамоў, што густа, як ластаўчыны гнёзды, ляпiлiся на пакатым беразе. - Малайчына Кушнер! - адгукнуўся Яраш. - Ён вытрымаў галоўны бой. - А ты маўчаў? - Не маўчаў. Але калi пачалася бойка памiж старшынёй i намеснiкам за галасы сябраў выканкома, то цяжка ўставiць слова... - Не было мяне! - Ты хутчэй сапсаваў бы справу. Я думаў, ты - флегматык, а ты - афрыканец. Маша, якая стаяла крыху збоку ад iх, павярнула сваю залатую галаву, усмiхнулася Шыковiчу, як бы ўхваляючы, што ён вось такi, неспакойны. - Не, ты растлумач, Антон... Здаецца, усё разумею, а паводзiн яго зразумець не магу. Добра, дапускаю, што ён упэўнены, што Савiч вораг... Хоць зноў-такi, чаму такое нежаданне сур"ёзна, па-новаму разабрацца з фактамi? Чаму такая ўпартасць? Але мяне больш абурае другое: што ён мае да гэтай няшчаснай дзяўчыны? Ужо каму-каму, а яму-то ўбiвалася ў галаву формула, што сын цi дачка не адказваюць за бацьку. - Формула! Ты скажы, навошта яна патрэбна была, такая формула? Чаму, нарэшце, не адказвае? Тады па логiцы трэба iсцi далей: i бацька не адказвае за сына. Нiхто нi за каго не адказвае. А вось я, наiўны чалавек, хачу адказваць за ўсiх. I хачу, каб усе адказвалi за мяне. I радуюся, што гэта цяпер запiсана ў такiм дакуменце! Яраш выказаўся злосна - што стасавалася да мiнулага, i любоўна-горача - аб сваiм жаданнi i пра той партыйны дакумент, пра якi ў тыя днi гаварылi ўсе. Маша паглядзела на яго з захапленнем, як глядзела неаднойчы ў час аперацый i пасля iх. Не ўсю сутнасць размовы, якую яны пачалi яшчэ ў машыне i прадаўжалi тут, у толькi што атрыманай Зосiнай кватэры, яна адразу зразумела. Гiсторыю Зосi i яе бацькi яна ведала, але не здагадвалася, што гiсторыя гэтая не скончана, i не магла ўцямiць, чаму яны так абураны Гуканам. Асаблiва Шыковiч. Не хацеў даваць кватэры? А каму ён вось так, адразу, даў кватэру? Што-што, а кватэрныя справы, пажыўшы ў горадзе, яна добра ведала, штодня чула размовы пра гэта, у размовах часта ўпамiналася iмя Гукана: адны яго хвалiлi, другiя лаялi. Маша ўмела быць аб"ектыўнай. Думала, што каб яна прасiла кватэру i ёй не далi, то яна не рабiла б з гэтага такой трагедыi, як робяць другiя. Таму i абурэнне Кiрылы Васiльевiча яна спачатку не зусiм разумела. А пасля апошнiх слоў, якiя мужчыны сказалi, асаблiва пасля слоў Антона Кузьмiча, ёй усё праяснiлася. Галоўнае - не кватэра, галоўнае - адносiны да чалавека ўвогуле i ўзаемаадносiны людзей, усiх людзей. Маладой душой сваёй, усiм складам характару i жыцця дзяўчына была за тое, што сказаў Яраш. Яна зноў падумала пра мацi, брата, сясцёр, i ёй стала радасна, што на другi дзень пасля канцэрта яна паслала iм грошы, якiя збiрала на новае плацце, i напiсала доўгае i добрае пiсьмо. Ехаць глядзець i абсталёўваць Зосiну кватэру Маша папрасiлася сама. Кватэрка яе парадавала. Даволi прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: двухканфорная газавая плiтка, беленькая ракавiна, блiскучы кран, павярнулi - палiлася вада. Шыковiч, зайшоўшы, сказаў: - Каб трохi вышэй. Усё-такi нiзка. Час ужо адмаўляцца ад такiх габарытаў.