Сэрца на далонi, частка 3
Я спадзяюся, што на артыкул гэты адгукнуцца людзi, якiя здолеюць дапоўнiць факты i выяснiць тое, што няясна ў дзейнасцi Савiча i другiх савецкiх патрыётаў, жывых i мёртвых, гераiчныя справы якiх будуць натхняць многiя пакаленнi. К.Шыковiч". Артыкул спачатку выклiкаў буру. Спачатку - у рэдакцыi. Першы ўзвiўся Рагойша. - Гэта ж прыём жоўтай прэсы! - крычаў ён. - Шыковiчу захацелася набыць танную папулярнасць. Паласкатаць нервы абывацеля. Як сябра рэдкалегii, я катэгарычна супраць надрукавання. Чуткiм нюхам сваiм Рагойша адразу адчуў, у кiм шукаць надзейнага i аўтарытэтнага саюзнiка. Гукан, напэўна, выкажацца супраць, а ён - першы аўтарытэт у горадзе па партызанскай гiсторыi. Экземпляр артыкула тут жа апынуўся на стале ў старшынi гарвыканкома. Сямён Парфёнавiч чытаў, зачынiўшы дзверы, каб нiхто не перашкодзiў. Назву ён злосна падкрэслiў тоўстым карычневым алоўкам i паставiў напроцiў на полi тоўсты клiчнiк, як бы сцвярджаючы гэтым, што для яго няма пытання ў тым, хто такi доктар Савiч. На цытаце са сваёй кнiгi ён зламаў аловак i шыбануў яго ў кошык. Другi не ўзяў. Чытаў так, раптам сцiшаны, засяроджаны, уважлiвы. На твары яго не адбiвалiся больш нi гнеў, нi раздражненне. Толькi неяк дзiўна ўсё больш i больш аплывалi худыя шчокi i адвiсала нiжняя губа, нiбы iмкнулася дацягнуцца да паперы. Скончыўшы чытаць, ён згарнуў лiсты, паклаў у рэдакцыйны канверт, пераламаў канверт, сунуў у глыбокую кiшэню галiфэ i, шырока сiгаючы, выйшаў з будынка гарсавета. Гэтак жа шырока крочыў ён па кабiнеце сакратара гаркома, пакуль Тарасаў канчаў размову з загадчыкам аддзела. Тарасаў употай назiраў за iм i здзiўляўся: даўно ўжо ён не бачыў спакойнага Гукана такiм устрывожаным. Не зачынiлiся яшчэ дзверы за работнiкам - i Сямён Парфёнавiч нецярплiва i непаважлiва кiнуў канверт на стол: - Чытаў? - Што гэта? - Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: "Ах, вось што цябе..." I чамусьцi зманiў: - Не, не чытаў. А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком. - Пачытай. Хоць няма чаго чытаць. Дурная фантазiя безадказнага пiсакi. Знайшоў, ведаеш, нейкую бабу, знахарку, i на яе блытаным расказе хоча перагледзець гiсторыю ўсяго падполля... - Няўжо ўсяго? - як бы здзiвiўся Тарасаў, праглядаючы бегла артыкул. - Хоча абялiць таго, хто сам сябе счарнiў. Адкрывацель знайшоўся! Але ж не ў гэтым сутнасць... Гiсторыя ёсць гiсторыя. Шыковiч яе не рабiў. Не Шыковiчу яе i перарабляць. Тут небяспечная сама тэндэнцыя. Я табе папрок кiну, Сяргей Сяргеевiч. Патураеш ты яму. А ён з тых, хто лiчыць, што калi партыя развянчала культ Сталiна, значыцца, трэба ўсё перавярнуць дагары нагамi... - Тэндэнцыя, безумоўна, шкодная, - спакойна згадзiўся Тарасаў, праглядаючы апошнюю старонку артыкула, а потым узняў галаву, глянуў на Гукана i сказаў: Але я не бачу лагiчнай сувязi. Пры чым тут гэтая тэндэнцыя да таго, што Шыковiч хоча даказаць ды амаль даказвае, што ў бальнiцы была падпольная група. Ты цвёрда ведаеш, што яе там не было? Гукан шумна сеў з боку стала, ляпнуў сябе далоняй па грудзях. - Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевiч! Тут галоўнае - метад. Пры такiм метадзе пошукаў любы фашысцкi паслугач можа цяпер аб"явiць сябе падпольным дзеячам... - А хто тут аб"яўляе? - паклаў на артыкул рукi Тарасаў. - Ды хаця б баба гэтая... - Сухадол? - голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткi. - Дзе ж яна служыла? У заразнай бальнiцы?! - I рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запалiў i сказаў прымiрэнча: - Не гарачыся, Сямён Парфёнавiч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыi, якая таксама нямала шкоды нарабiла.