Сэрца на далонi, частка 3

"Мужайся, дзетачка. Бог мiласэрны, ён усё бачыць. Партызаны забiлi твайго бацьку". Я не закрычала. Здаецца, нават не заплакала. У адзiн мiг я ўсё зразумела. У той мiг я пасталела, можа, на дваццаць гадоў. Шаптала сабе: мужнасць, толькi мужнасць. Прасiла Бога, у якога не верыла, каб ён даў мне яе, гэтую мужнасць, каб я здолела ўсё перажыць. I маўчаць. Маўчаць, маўчаць! Ашалелая ад жаху баба ўгаворвала мяне ў тую ж хвiлiну ўцячы з ёй на край свету, у манастыр, яна ведае такi манастыр. "А то яны ўсiх нас заб"юць". Я маўчала. Два агенты гестапа везлi мяне на рамiзнiку па горадзе. Выказвалi спачуванне. Я маўчала. Дадому мяне не павезлi. Бацька ляжаў ужо ў вестыбюлi гарадской управы. Калi толькi яны паспелi перавезцi i ўбраць яго? Ён ляжаў у сваiм вячэрнiм гарнiтуры, у сарочцы, якую я за дзень да таго памыла. Толькi гальштук чужы, бабачка, тата нiколi не насiў бабачкi. Да вайны гэта было нямодна, i мама, напэўна, першая пасмяялася б. На твары яго застыў спакой, не было нi пячацi страху, нi пячацi пакут. Вiдаць, ён памёр адразу. Толькi чамусьцi пасiнела левая скроня. Я спытала ў начальнiка палiцыi Магнатава, куды трапiла куля. Ён пацiснуў плячамi. "У сэрца. У самае сэрца, - адказаў адзiн з тых, што не адыходзiлi ад мяне нi на крок. - Бандыты стралялi ва ўпор". Да мяне падыходзiла ўся здраднiцкая сволач, выказвала спачуванне. Раней яны здавалiся мне смешнымi i дурнымi, гэтыя людзi. У той дзень я адчула, што такое нянавiсць. О, як я iх ненавiдзела! Мне хацелася пляваць на iх, бiць па мордах. Але я маўчала. Я мусiла маўчаць. Калi з"явiўся фельдкамендант, пстрыкалi фотаапараты. Ён не падышоў да мяне. Спачуванне паднёс перакладчык. Мне запомнiўся позiрк афiцэра-гестапаўца. Ён доўга сачыў за мной, i я адчула гэты позiрк. Глянула на яго. Якiя ў яго былi вочы! Ён усё ведаў i смяяўся, злосна, нахабна, пераможна. Вочы яго смяялiся. Скажыце, навошта iм спатрэбiлася гэтая камедыя з пахаваннем? Зося змоўкла i чакала адказу ад Шыковiча: на яго глядзела. Адказаў Яраш: - Правакацыi былi розныя. У залежнасцi ад фантазii таго, хто iх арганiзоўваў. Бругер быў з фантазiяй, я ведаю. - У маi сорак трэцяга Бругера ўжо не было, - удакладнiў Шыковiч. Начальнiкам гестапа быў Гiльберт, штурмбанфюрэр. - Вы таксама былi ў падполлi? - здзiвiлася Зося. - Не. Я пiшу кнiгу, а таму мне трэба дакладна ўсё ведаць. Маша, выкарыстаўшы паўзу, прапанавала: - Я вам падам каву. - Але, але, - падтрымала Зося. - Стамiлася? - ласкава спытаў Яраш. - Дай руку. Можа, ад таго, што ён нечакана сказаў ёй "ты", яна зардзелася, засаромелася. - Не, не. Антон Кузьмiч падняўся з крэсла, палiчыў пульс. Шыковiч убачыў, што доктар застаўся давольны яе пульсам. А Зося, як бы iмкнучыся даказаць, што ёй гэта няцяжка, пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзiла, звiнела шклянкамi. - Я думала, што мне будзе ўсё адно - як пахаваюць. Хто пахавае, што будуць гаварыць... Я ведала, што гэтым не скончыцца. I рыхтавалася, збiрала сваю мужнасць. Але калi бацьку неслi на могiлкi, я ўбачыла, як глядзяць людзi... рабочыя. "Туды яму i дарога!" - вось як яны глядзелi. Мне зрабiлася балюча. Страшэнна балюча. I крыўдна. I страх апанаваў. Сэрцам я прадчула тое, што пасля здарылася. На могiлках я страцiла прытомнасць. Днi тры ляжала ў Цiшчанкаў, знясiленая, прастуджаная, разбiтая. З кватэры не выходзiлi тыя двое - "апекуны" мае. Яны, Цiшчанка, уся зграя дамагалiся, каб я падпiсала пiсьмо ў рэдакцыю, у якiм гнеўна кляймiла, як бандытаў, партызан, што забiлi майго бацьку, невiноўнага чалавека, лекара, якi займаўся толькi тым, што пазбаўляў людзей ад цяжкiх хвароб. "Чаму вы не хочаце падпiсаць, панна Зося?" - здзiўлялiся яны.