Сэрца на далонi, частка 3
- Колькi сёння, Антон Кузьмiч? - Сто дваццаць тры! Ды каб вы пабачылi якiя! - I пачынаў распiсваць, як сядзела сям"я грыбоў - дваццаць сем штук! - вакол аднаго маладога дубка. Небывалая з"ява! Варта напiсаць у "Огонек". I тут жа лаяў браканьераў, якiя вырываюць грыб з коранем. Напiсаў нават у газету: "Як трэба збiраць грыбы". Лаяў газету, якая выкiнула з яго допiсу расказ аб нараджэннi i жыццi грыба i пакiнула адны голыя парады. Траха не бiўся з Шыковiчам, якi сядзеў на дачы i цэлымi днямi пiсаў. Навокал дома, пад самым ганкам, растуць грыбы, а не выцягнеш яго - не выйдзе. Пакуль выканае норму, якую сам сабе ўстанавiў, зварыць абед, глядзi - i вечар. - Галава дубовая! Куды ты спяшаешся? Хто цябе гонiць у шыю? Хопiць у цябе часу. А грыбы - адзiн тыдзень, i не будзе iх. Якi ты да д"ябла пiсьменнiк, калi не адчуваеш такога хараства? - О, ты не ведаеш, якi я грыбнiк! Але мне здорава працуецца ў гэтыя днi. Пахаладае - зноў будзе крызiс, ведаю. Прыходзiцца выбiраць. - I, пахадзiўшы з сябрам гадзiнку, Кiрыла кiдаўся да рабочага стала. Аднойчы, калi Яраш у перадаперацыйнай расказваў пра сваю чарговую грыбную ўдачу, Маша нясмела папрасiла: - Антон Кузьмiч, вазьмiце нас з Зосяй як-небудзь. Узяць Зосю? Цудоўная думка! Ён жа думаў пра гэта сам, раней: трэба паназiраць, як паводзiць сябе адрамантаванае сэрца ў розных умовах. Да таго ж Зося, напэўна, даўно не бачыла лесу. Чаму не даць ёй гэтую маленькую радасць? У жыццi ў яе так мала было радасцi. Але тут жа мiльганула думка пра жонку: даведаецца - зноў будуць непрыемнасцi. Узяць i яе з сабой? З-за гордасцi не паедзе, а ўсё адно будзе хвалявацца, перажываць, падазраваць. Не, лепш няхай не ведае. Яму стала сорамна ад сваiх ваганняў, i ён сказаў Машы: - Ну, што ж. Давайце паедзем. Сёння ж. Зося села побач з Антонам Кузьмiчом на пярэднiм сядзеннi. У новай сукенцы, якую ёй пашыла Маша, у шарсцяным свiтэры гарчычнага колеру, са сваёй адмысловай двух"яруснай прычоскай (таксама Машына фантазiя), яна мела даволi прывабны выгляд. А Маша зусiм выглядала элегантна: вузкiя штаны, клятчастая куртка. Едучы па горадзе, Яраш падумаў з невясёлай iронiяй: "Не дай божа ўбачыць Галiна - загiнуў ты, Антон". Зося сустрэла прапанову аб паездцы з цiхiм, але прыкметна радасным энтузiязмам. А пры выездзе з горада яе пачало лiхаманiць ад хвалявання. Не, гэта быў не страх! Нешта iншае. Iмчала машына. Свiстаў вецер. I ёй здавалася, што яна вось-вось узнiмецца i паляцiць... Паляцiць у дзiвосны край, дзе здарыцца нешта незвычайнае, што яшчэ раз зменiць яе жыццё. Але ёй было хораша, лёгка, i яна не хацела больш нiякiх змен. Ад гэтага цi яшчэ ад чагосьцi яе апанавала хваляванне. Дробна задрыжалi плечы. Яна сцялася, уцiснулася ў сядзенне. - Зося, табе холадна? - спытала Маша, якая сядзела за яе спiной. - На маю куртку. - Не, не. Нiчога. Гэта так. - Зачынiм шкло, - сказаў Яраш, круцячы ручку. - Прастудзiцца вам нельга нi ў якiм разе. - Мне не холадна. Я проста хвалююся. - Чаму? - Не ведаю. Што ж, урэшце не так ужо цяжка зразумець душэўны стан чалавека, якi вярнуўся да жыцця i ўпершыню пасля такой хваробы i аперацыi выязджае за горад, у лес. Яраш пажартаваў: - Бачыце, ехаць па грыбы таксама трэба мужнасць. Далёка ў глыбiнi бароў яны не паехалi. Прыехалi да iх дачы. Паставiлi машыну. Шыковiча не было: вiдаць, усё-такi выбраўся ў лес. Маша, у якой з грыбамi звязаны i радасныя i горкiя ўспамiны - у першыя пасляваенныя гады грыбамi i за грыбы яна кармiла ўсю сям"ю, - адразу ж кiнулася ў лес, як у вiр. Яна не ўмела шукаць так павольна i разважлiва, як Яраш. У кожнага грыбнiка свой стыль i метад. Праворная, хуткая, яна шнырыла пад кожным кустом i дрэвам, кружыла, рабiла петлi, хутка трацiла ўсялякi кiрунак i часта блудзiла.