Сэрца на далонi, частка 3
Не расплюшчваючы вачэй, ён працягнуў руку па бутэльку... I раптам адчуў, што хтосьцi забраў бутэльку з-пад яго рукi. Ён падхапiўся з прымхлiвым страхам. Каля канапы стаяла мацi. - Мама?! - i зноў упаў на падушку. Валянцiна Андрэеўна паставiла бутэльку на стол. Падсунула крэсла, села побач, як каля хворага. Паглядзела ў яго здаровае вока. Моўчкi адгарнула ручнiк, разглядзела сiняк. - Не глядзi так, мама, - папрасiў Славiк. - Божа мой! Якi ты малы яшчэ i дурны. Калi ты ў мяне паразумнееш? Малы задзiра, ён крычаў не так даўно ў адказ на папрокi мацi: "А чаго яны самi лезуць?" Цяпер ён крыкнуў амаль гэтак жа: - А чаму яны не даюць мне жыцця? - Хто табе не дае жыцця? - Усе! - Хто "ўсе"? Усе жадаюць табе дабра. Усе хочуць, каб ты стаў чалавекам. - I б"юць па мордзе? - А ты хацеў, каб стралялi? Дурань! Скажы дзякуй. - Яна паднялася ў злосцi i пайшла на кухню, захапiўшы каньяк. Славiк зразумеў, што мацi ўсё ведае. Тарас расказаў. Гэта страшэнна ўразiла: выходзiць, Тарас мог адразу проста так вось пра ўсё расказаць. Можа, смяяўся нават? Смяялiся ўсе разам: Яраш, бацька, мацi, малая Наташка... Дуэль здалася цяпер да дзiкасцi наiўнай. Сорам пекануў жаркiм полымем. Славiк закрыў увесь твар мокрым ручнiком. Шыковiч не любiў восенi. Увосень яму дрэнна працавалася. Нават улетку лепш. Дзiўна! Большасць пiсьменнiкаў мiнулага пiсалi ў сваiх успамiнах, што найлепшы творчы перыяд - асеннiя месяцы. Раней Кiрыла тлумачыў гэта тым, што дзецi, пачаўшы вучобу, жонка - работу ў школе, заўсёды месяц-два пасля канiкул былi неарганiзаваныя, шумныя, завальвалi ўсе сталы падручнiкамi i сшыткамi, займалi лепшыя рабочыя гадзiны падрыхтоўкай урокаў i выцяснялi яго, выбiвалi з "творчай каляiны". Усё жыццё ён пакутаваў ад кватэрнай цеснаты i марыў пра цiшыню. I вось наладзiў яе, цiшыню: застаўся на дачы адзiн. Навокал - нi душы. А дзень асеннi, неба зацягнула нiзкiмi i цяжкiмi хмарамi з самай ранiцы. Пайшоў дождж, дробны, спорны, але цёплы яшчэ, - грыбны, кажуць у народзе. Дождж шамацеў у не кранутых яшчэ агнём восенi лiсцях дубоў, сыпаўся, як пясок, па шыферным даху. Гэта быў адзiны шум, якi парушаў цiшыню. Кiрыла смажыў сабе на керагазе яешню, варыў густую чорную каву i радаваўся дажджу i цiшынi. Думаў, з якой асалодай i натхненнем ён папрацуе. Iрваўся да стала. Ён пiсаў пра арганiзацыю падполля, першы гарком, непахiснага i мужнага Дубецкага, пра групы Ганчарова, Мурыгiна, пра Яраша - пра ўсiх тых, хто першы пачаў змагацца i пра дзейнасць каго была поўная яснасць i для яго i для тых, хто будзе бласлаўляць кнiгу ў свет. Ён пакуль што абыходзiў "белыя плямы". Iх нямала, найбольшая - група iнфекцыйнай бальнiцы, якую пакуль што нiхто не прызнае. Артыкул яго не друкуюць. А новыя дакументальныя доказы не знаходзяцца. Гэта яго злавала i перашкаджала паслядоўнаму разгортванню падзей у аповесцi. Але ў апошнiя днi ён знайшоў такi кампазiцыйны ход, якi дазваляў гiсторыю Савiча i ўсёй бальнiчнай групы напiсаць i ўставiць пасля. Работа зрушылася з месца. Ён iрваўся да стала. А сеў - i раптам адчуў, што не можа пiсаць. Магчыма, залiшне многа цiшынi i адзiноцтва. Нязвыкла. А галоўнае - многа думак. Яны, як марскiя хвалi, набягаюць адна на адну, разбiваюцца аб бераг яго iмкнення засяродзiцца на адным, i ў вынiку застаецца адна пена ды выпадковыя непатрэбныя для працы рэчы - шматкi ад самых розных успамiнаў. Прыгадаўся ўчарашнi партыйны сход у рэдакцыi. Новая вылазка Рагойшы. Ён раптам пад канец, калi быў вычарпаны парадак дня, узняў пытанне аб iдэйных пазiцыях Шыковiча. Чаму не пайшлi яго абодва артыкулы - пра Савiча i пра калгас у Загаллi?