Сэрца на далонi, частка 3
Спытаў адразу ж, як толькi прывiталiся: - Што будзем рабiць, Кiрыла Васiльевiч? - Трэба друкаваць, - пераканана адказаў Шыковiч. - Я ўпэўнены, адгукнуцца дзесяткi людзей, якiя дагэтуль маўчалi. Не разумею, Сяргей Сяргеевiч, чаго мы баiмся. - Мы нiчога не баiмся. Але, можа, варта яшчэ пашукаць? - Такая публiкацыя - даволi распаўсюджаны i плённы метад пошукаў. Тарасаў на хвiлiну як бы задумаўся. Потым энергiчна падышоў да сейфа, адчынiў яго, дастаў той дакумент, якi паўгадзiны назад перачытваў. - Хачу паказаць табе яшчэ адзiн дакумент. Гэта з той папкi, з якой ты знаёмiўся ў Вагiна. Але тады я параiў гэта выняць. Кiрыла амаль з хваляваннем узяў працягнутыя стандартныя лiсты, сашчэпленыя, i адразу чамусьцi глянуў на другую старонку, на подпiс. Дакумент быў копiя, i подпiс, як i ўсё iншае, надрукаваны на машынцы: "С.Гукан, былы камiсар партызанскай брыгады iмя Чапаева, сакратар Чыгуначнага райкома партыi". Дата: 16/Х 1945 г. Гэта была заява ў органы дзяржаўнай бяспекi. Яна пачыналася словамi: "Мне стала вядома, што ў горад з Германii, дзе яна прабыла каля двух год, вярнулася дачка ворага народа i здраднiка, фашысцкага прыслужнiка доктара Савiча С.А. - Савiч Соф"я Сцяпанаўна". Прачытаў гэта Кiрыла i адчуў, як кроў балюча ўдарыла ў скронi i ў цемя. Перасохла ў горле. Ён каўтнуў паветра. Тарасаў як бы ўглыбiўся ў газету, але ўпотай сачыў за выразам твару Шыковiча. У заяве характарызаваўся Савiч. Ён не толькi служыў у нямецкай управе, ён яшчэ, выходзiць, правакатар. Меў сувязь з некаторымi падпольшчыкамi. З адным з партызанскiх атрадаў, з якiм - не гаварылася. Але ў вынiку яго "падпольнай дзейнасцi" адзiн за адным правальвалiся i гiнулi нашы людзi, зрывалiся адказныя аперацыi. Падпольная арганiзацыя вынесла здраднiку i правакатару Савiчу смяротны прысуд. Далей Гукан пiсаў, што дачка жыла з бацькам, вяла яго добрую гаспадарку i "мела цесныя адносiны" з гiтлераўскiмi афiцэрамi, якiя ўвесь час кватаравалi ў "гасцiнным доме Савiча". - Подласць! - злосна кiнуў Кiрыла, скончыўшы чытаць. - Не абурайся. - Тарасаў падсунуў яму пачак з папяросамi. - Быў час усеагульнай звышпiльнасцi. - Але ж можна было даведацца, з якiм "камфортам" яны вывезлi яе ў Германiю i дзе трымалi там. - Гэта, бадай, можна было, але, вiдаць, не хапала часу. Мнагавата было такiх спраў. Шыковiч прыпалiў i прагна зацягнуўся дымам. - Дзякую, Сяргей Сяргеевiч. Для мяне ў гэтым дакуменце больш важна другое. Чаму Гукан нiчога не сказаў пра тое, што Савiч быў звязан з падпольшчыкамi? З кiм канкрэтна? I з атрадам... З якiм? Не сказаў нi тады, калi мы пiсалi кнiгу, нi цяпер, калi я хадзiў да яго з запiскамi Варавы. Чаму? - Вось i паспрабуй высветлiць чаму. У псiхалагiчным плане, - ледзь прыкметна ўсмiхнуўся сакратар гаркома. - Можна сказаць яму пра гэта? - спытаў Кiрыла, працягваючы заяву Гукана. - Лепш не адразу. Такi лабавы ход наўрад цi дапаможа знайсцi iсцiну. - Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволiць пагаварыць з Савiч. Можа, яна што праяснiць. Яраш шырока замахнуўся. Застракатала катушка. Блешня, зiхатнуўшы на сонцы, плёснула на сярэдзiну ракi. Яраш даў блешнi патануць, i плынь аднесла яе i леску яшчэ далей. Нарэшце ён пачаў круцiць катушку павольна-павольна. Катушка ледзь чутна папiсквала. Кiрыла стаяў крокаў за пяць. Мачаў з абрыву блешню свайго спiнiнга ў мелкую ваду, з цiкавасцю сачыў, як чырвона-срэбная пялёстачка то лажыцца на жоўты пясок, то выскаквае на паверхню. "Зараз зачэпiць", - думаў ён пра сябра, пазiраючы, як той павольна круцiць - блешня паўзе па дне. Чамусьцi хацелася, каб Яраш зачапiўся i адарваў усю леску. Яму абрыдла гэтае бясконцае кiданне.