Сэрца на далонi, частка 3
Гаспадыня выцерла пярэднiкам i без таго чысты ўслончык, падсунула яго да стала, без слоў запрашаючы госця сесцi. Сама стала пасярод хаты, сашчапiўшы рукi на грудзях. Спытала ўсё яшчэ з тайнай падазронасцю: - Дык вы з рэдакцыi? - Не верыце? - усмiхнуўся Кiрыла i дастаў з кiшэнi пасведчанне. - Калi ласка. Маё прозвiшча Шыковiч... - Ён пашкадаваў, што не захапiў кнiжкi. Але жанчына не кранулася з месца, каб паглядзець дакумент, i яму нават стала неяк няёмка. Ён паклаў пасведчанне на стол. - А што вы ведаеце пра Савiча? - Шмат чаго, але пакуль што рознае. Па некаторых дакументах Савiч - вораг. А людзi кажуць, што да апошняй хвiлiны свайго жыцця ён змагаўся з фашыстамi... - Хто кажа? - Хто ведаў яго. У тым лiку дачка. - Зося? - уся ўстрапянулася жанчына, хiснуўшыся наперад, i ў голасе яе чулiся здзiўленне, недавер, радасць. - Зося? Зоська жывая? Дзе яна? - У горадзе. - Шыковiч не стаў адразу тлумачыць, што дачка Савiча яшчэ ў бальнiцы пасля цяжкай аперацыi. - Зося жывая! Божачка мой! - зусiм па-старэчы не то ўсхлiпнула, не то засмяялася Клаўдзя Сiдараўна i зрабiла круг па хаце, як бы нечага шукаючы. Дакранулася рукой да печы, паправiла занавесачку на акне. Потым раптам села з другога боку стала, падперла далоняй шчаку i пiльна ўгледзелася ў Шыковiча. * * * Сабралiся, безумоўна, пазней дзевяцi. Шыковiч не здзiўляўся: летнi дзень, пакуль людзi вярнулiся з поля, памылiся, павячэралi, жанчыны падаiлi кароў, паклалi дзяцей. Але гадзiне а дзесятай, калi добра ўжо сцямнела, прасторная зала клуба, былой царквы, была паўнюткая - не працiснуцца. Перад самай сцэнай, на падлозе, размясцiлiся хлопцы-падлеткi (дзяцей не пускалi), на пярэднiх лаўках - пажылыя калгаснiкi i вясковая iнтэлiгенцыя, далей - усе тыя, без падзелу на ўзрост i становiшча, хто прыйшоў раней i захапiў месца. А з бакоў i ззаду стаялi жанчыны, дзяўчаты i тыя хлопцы, якiм няёмка ўжо было садзiцца на падлогу. Большасць стаяла. Таму Шыковiч вырашыў гаварыць нядоўга, каб не змарыць i так ужо стомленых за дзень людзей. Але тэма была проста-такi неабдымная. Ён упершыню вось так, вусна, расказваў людзям аб Праграме. А ён нiколi не быў бясстрасна-акадэмiчным дакладчыкам. Ён перш за ўсё выказваў свае адносiны да з"явы, i заўсёды без усялякiх шпаргалак. Тут яму хацелася перадаць людзям сваё захапленне велiччу тых планаў, якiя партыя вынесла на ўсенароднае абмеркаванне. Каб ён не адчуў у самым пачатку нейкай незвычайнай хвалюючай блiзкасцi слухачоў - таго, што лектары называюць тэхнiчным словам "кантакт", то, магчыма, гаварыў бы карацей. Але аўдыторыя была надзiва: розныя па ўзросту людзi - i ўсе такiя ўважлiвыя! Слухаюць - не варухнуцца. Вiдаць, не часта тут бываюць добрыя лектары. Шыковiч нават не прыкмецiў, як прагаварыў дзве гадзiны. Схамянуўся толькi тады, калi ўбачыў, што адзiн з тых падлеткаў, што сядзелi на падлозе, усё-такi змогся: захроп, адкiнуўшы галаву да сцяны. Сябры штурхалi яго са стоеным смехам. Шыковiч перапынiўся, глянуў на гадзiннiк: - О-о! Здаецца, аднаго я ўжо даканаў. Ад рогату залы хлопец адразу прачнуўся i, засаромлены, падхапiўся, пацiснуўся праз натоўп да дзвярэй. Грак, якi адзiнока сядзеў за сталом прэзiдыума, шырока пазяхнуў, памахаўшы перад ротам далоняй, як бы адганяючы злога духа. Шыковiч зразумеў, што гэта хiтры сiгнал: закругляйся. Але хацелася яшчэ сказаць аб перабудове вёскi. Не ўвогуле, а канкрэтна ў дачыненнi да iх Загалля. Сказаць так, каб гэта было папрокам самаздаволенаму Граку, якi дванаццаць год старшынствуе тут, выстаўляе гэта як сваю заслугу, а слядоў гаспадарання яго не вiдно.