Сэрца на далонi, частка 3
Але хлопцы не праяўлялi iнiцыятывы. Славiк, безумоўна, несур"ёзны суб"ект, балбатун i нахабнiк. Але Маша не магла забыцца, як ён з першага позiрку захапiўся ёю. Нiхто яшчэ так адразу не захапляўся. Часцей за ўсё яна чула: "Глядзi, якое рыжоцце пайшло!" Гэта яе абражала. А вось Славiк, той адразу: "Вы ж незямная". А яна зямная, звычайная дзяўчына з палескай вёскi, i ёй, як усякай дзяўчыне, было прыемна пачуць такi шчыры камплiмент. Акрамя ўсяго, яна адчувала сябе вiнаватай - за аплявуху. Не такая ўжо яна "кiсейная паненка", каб так абражацца за яго дурную балбатню. Так, ёй хацелася сустрэцца. Але дзявочы гонар не дазваляў ёй першай шукаць гэтай сустрэчы. А тут ёй раптам захацелася зрабiць нешта незвычайнае, гарэзлiвае. Паабедаўшы ў кафэ, яна пайшла ў парк. Размянiла ў прадаўшчыцы газiроўкi пяцiкапеечную манету, папрасiла "дзве па дзве". Шчыльна зачынiла дзверцы будкi аўтамата. Даведалася па 09 тэлефон Шыковiча. - Ало! - пачулася ў трубцы. Яна пазнала голас Славiка i не адказвала. - Ало! - крыкнуў ён. - Што? Правяраеш, цi ёсць хто дома? На жаль, браток, ёсць я, верны вартавы бацькавых мiльёнаў. I май на ўвазе - узброены атамнай пушкай. Але калi ты пазычыш мне пяць рублёў, мяне тут не будзе. Залазь, рабуй. Хрэн з iмi, з мiльёнамi! Маша ледзь вытрымала, каб не зарагатаць ад гэтай Славiкавай тырады невядомаму абаненту. Праглынуўшы смех, яна пiскнула: - Уладзiслаў Кiрылавiч! - О-о! - Вiдаць, яго здзiвiў жаночы голас i такi нечаканы зварот. - Хм... сапраўды, гэта, здаецца, я - Уладзiслаў Кiрылавiч. Я слухаю вас. - Адна ашоба чакае ваш каля ўвахода ў парк, - па-старэчы прашамкала Маша. - Колькi ёй год, ашобе гэтай? - Шэмдзешат. - Самы мой любы ўзрост! - засмяяўся хлопец. - Калi вы не будзеце праз пятнаццаць хвiлiн, многа страцiце, - сказала Маша звычайным голасам i павесiла слухаўку. Славiк быў упэўнены, што знаёмыя дзяўчаты хочуць з яго пажартаваць. Але ён нiколi не баяўся апынуцца ў смешным становiшчы. Ён сумаваў у пустой кватэры, без грошай i ўзрадаваўся выпадку хоць чым-небудзь забавiцца. Праз дзесяць хвiлiн Маша ўбачыла яго на пляцоўцы каля ўвахода ў парк. Яна стаяла па той бок агароджы за кнiжным кiёскам i ўпотай назiрала. Ён iшоў павольна, засунуўшы рукi ў кiшэнi блакiтных штаноў. Трошкi насцярожана азiраўся. Прайшоў раз да варот i назад, заглядаючы спачатку ў твары дзяўчат, потым - пажылых жанчын, нарэшце i бабуль не стаў мiнаць. Машу гэта смяшыла. На яе з цiкавасцю пазiралi: адна, а такi гарэзлiвы выраз яе твару, такiя чорцiкi ў вачах. Так яна памучыла яго хвiлiн пятнаццаць. I толькi калi ўбачыла, што цярпенне яго вычарпалася i ён энергiчна рушыў у парк, яна пайшла насустрач на выхад. Iшла спешлiва, глядзела ўбок - на партрэты перадавiкоў вытворчасцi. Была ўпэўнена, што мiма яе ён не пройдзе. Сапраўды, хутка пачула яго радасны воклiч: - Маша! Яна спынiлася, зрабiла здзiўленыя вочы, нiбы не пазнавала яго. Ён працягнуў руку. Яна не падала сваю. Але Славiк не збянтэжыўся. - Гэта ты званiла мне? - Я званiла вам? I не думала! Многа ў вас самаўпэўненасцi, таварыш Шыковiч. - Нейкая бабуля назначыла мне спатканне. - То i чакайце вашу бабулю. - На д"ябла мне яна! Я рады, што сустрэў... вас. - Славiк раптам страцiў сваю смеласць i не адважваўся казаць "ты". Тут яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым там, на дачы. Вельмi захацелася, каб Маша засталася з iм, пайшла ў парк. Няхай бы паглядзелi яго даўнiя сябры i пазайздросцiлi: якая дзяўчына з iм! Але Маша глянула на ручны гадзiннiк так, быццам давала зразумець, што яна спяшаецца. Ён нясмела ўзяў яе за руку, каб утрымаць.