Сэрца на далонi, частка 3

Ёй хочацца расказаць пра свой страх Антону Кузьмiчу цi Машы, але яна не адважваецца, прымхлiва баiцца - не спалохаць бы словамi гэтую дзiвосную сiлу. З удзячнасцю, улюбёна глядзiць Зося на Машу, любуецца яе залатымi вейкамi i такiмi ж незвычайнымi валасамi, i вельмi хочацца ёй сказаць гэтай дзяўчыне сардэчныя словы, сказаць, што палюбiла яе не як бальнiчную, а як родную сястру. Але чамусьцi i гэтыя словы яна баiцца сказаць. А Маша таксама заварожана, з замiлаваннем, як на дзiця, глядзiць на Зосю, думае, чым бы развесялiць яе, i пакутуе ад таго, што нiчога не можа прыдумаць. Зрэдку яны ўсмiхаюцца адна адной вачамi i позiркамi прызнаюцца ў любвi. - Соф"я Сцяпанаўна, хочаце, я пачытаю вам вершы Блока. Антон Кузьмiч любiць Блока, i ў яго кабiнеце ляжыць томiк. Яна згадзiлася, ледзь прыкметна кiўнуўшы галавой i заплюшчыўшы вочы. Узрадаваная Маша пабегла за кнiгай. Яна не ўбачыла, як Зося ўздрыгнула ад гэтай нечаканай прапановы. Блока любiў яе бацька i чытаў ёй, малой. Мацi не вельмi ўхваляла гэта, раiла Маякоўскага. Яны па-рознаму выхоўвалi яе, мацi i бацька. Мацi, напрыклад, каб навучыць яе плаваць, аднойчы выпiхнула з лодкi на сярэдзiне ракi i гэтым так напалохала бацьку, што ў таго ледзь не быў сардэчны прыступ. У дзевятым класе Зося таксама палюбiла Блока. Пасля вайны яна рэдка думала пра мацi. А ў той момант, калi Маша сказала пра Блока, яна чамусьцi ўспомнiла мацi, i сэрца яе, яшчэ не загоенае, сцiснулася i зашчымела забытым болем. Мацi загiнула ў Польшчы, у жонкi яе брата ёсць паведамленне, у якiм горадзе яна пахавана. Зося падумала: "Калi я зусiм ачуняю, то збяру грошай i з"езджу на яе магiлу. Я папрашу кветак з нашага саду. Работнiцы ясляў дадуць. - I раптам зноў страх: - Няўжо мяне не пусцяць на магiлу мацi?" Прыгадала, што, вярнуўшыся з Германii, яна не знайшла магiлу бацькi, хоць помнiла, дзе яго пахавалi, i ёй захацелася плакаць. Яна паспрабавала стрымацца i не здолела - заплакала па-дзiцячы, наўзрыд. Суседка, таксама пасляаперацыйная, слабым голасам спытала: - Чаго вы? У вас жа ўсё так добра! - Сама яна здагадвалася, што ў яе выразалi ракавую пухлiну, i з жахам думала, што гэта не збаўленне ад хваробы. - Калi ласка, не звяртайце ўвагi. - Зося ўсхлiпвала i выцiралася прасцiной. Вось i гэтага нiколi не было да аперацыi: хворае сэрца яе было чэрствым. Маша, вярнуўшыся i ўбачыўшы сяброўку ў слязах, спалохалася. Але тая заспакоiла яе: - Ды не, нiчога, Маша, слаўная вы мая. Я проста ўспомнiла. Мой бацька любiў Блока. Пра бацьку яе Яраш забаранiў гаварыць. I Маша, каб нiчога не адказваць, наўздагад разгарнула томiк i пачала чытаць: В сыром ночном тумане Все лес, да лес, да лес... В глухом сыром бурьяне Огонь блеснул - исчез... Опять блеснул в тумане, И показалось мне: Изба, окно, герани Алеют на окне... Адзiн верш, другi, i раптам убачыла, як азарыўся Зосiн твар. Не было ў яе яшчэ такой усмешкi. Невясёлыя вершы, а смутак з вачэй яе знiк. Дзiўна. Ды iм перашкодзiла суседка: заплакала яна. Усё адно Маша выскачыла з бальнiцы на вулiцу з надзвычай узнятым настроем. Свяцiла неспякотнае ўжо жнiвеньскае адвячоркавае сонца. Iшлi па вулiцы людзi, адны - павольна, другiя - спешлiва. Iмчалi аўтобусы, "Волгi" i "Масквiчы". Маша любiла свой горад. Любiла гуляць у парку, якi лiчыцца найлепшым у рэспублiцы. Але адной усё-такi сумна. Каб сустрэць каго-небудзь вясёлага! Яна ўспомнiла Славiка. Яна думала пра яго i раней. I пра Тараса. Пра абаiх. Употай чакала, што хтосьцi з iх захоча сустрэцца з ёй.