Сэрца на далонi, частка 3
Магчыма, што адчуваннi яе можна было б параўнаць з адчуваннем таго шахцёра, якога, не па яго волi, спусцiлi ў глыбокую шахту, завалiлi i пратрымалi там у цемры доўга-доўга. А потым другiя людзi, добрыя, адкапалi i паволi падымаюць наверх. I вось гэты мiг, калi ён павiнен ступiць на паверхню зямлi, убачыць неба i сонца, - самы страшны. Не аслепнуць бы! Правесцi яе выйшлi многiя лекары, сёстры, санiтаркi, хворыя аддзялення, якiя маглi хадзiць. Яны ведалi яе лёс, аперацыю. Некаторых, праўда, цiкавiла iншае: хворую выпiсвае i забiрае сам Яраш. Ёй выказвалi найлепшыя пажаданнi. "Колькi добрых людзей", - падумала Зося i, расчуленая, заплакала: даўно ўжо яна так не развiтвалася з людзьмi, з якiмi зводзiў яе лёс. Маша ўзяла яе за руку, сказала амаль жорстка да ўсiх: - Даволi! - да Зосi: - Вам нельга хвалявацца, - i павяла да цэнтральнай алеi, дзе iх чакаў сiнi "Масквiч". Яраш стаяў каля машыны. Зося зноў спалохалася, убачыўшы яго тут, без халата, у добра адпрасаваным шэрым гарнiтуры. Ён быў зусiм не такi, як той асiлак-чарадзей у белым халаце, якога ў бальнiцы ўсе любiлi i баялiся. Ён нават здаваўся не такi высокi i мажны i ўсмiхаўся не так, як у палаце, прасцей, цяплей. Яна раптам больш выразна, чым калi-небудзь раней, убачыла ў iм таго да дзёрзкасцi смелага, вясёлага "Кузьму", якога хавала на гарышчы дзевятнаццаць год назад. Усмiхаўся ён так, як тады, i амаль гэтак жа трохi збянтэжыўся. Яна таксама ўсмiхнулася, i дзiўна - страх яе як рукой зняло. Яна выйшла з падзямелля, расплюшчыла вочы, убачыла неба, сонца i... не аслепла. Антон Кузьмiч узяў з яе рук пакуначак, сказаў зноў-такi зусiм не так, як у палаце: - Вiншую. Бальнiца наша добрая, але лепш у яе не трапляць. Можаце паверыць, што я не буду сумаваць без работы. - Будзеце, - не згадзiлася Маша. - Не, не буду. - Ён адчынiў iм заднiя дзверцы. - Калi ласка. Сам пайшоў садзiцца за руль. - А Кiрылы Васiльевiча няма? - азiрнулася Маша. - У яго ўчора аднялi правы за перавышэнне хуткасцi. Сёння недзе дае тлумачэннi iнспекцыi. Маша засмяялася: - Гэта я накаркала. Помнiце, я сказала: "Аднiмуць у вас правы". А ён: "Цiпун вам на язык". Чамусьцi хораша зрабiлася Зосi ад гэтай жартаўлiвай iх размовы пра чалавека, якога яна ведала па расказах Машы, ведала, што ён хацеў пабачыцца з ёй, але Антон Кузьмiч пусцiў яго толькi на аперацыю, дзе той самлеў. Хораша ад iх вось такой дружбы. Машына павярнулася i выехала за вароты. Зося азiрнулася на бальнiцу, але без жалю, без жадання застацца там i без страху перад тым, што чакае яе наперадзе. Яраш вёў асцярожна, павольна. Зося залюбавалася горадам, амаль незнаёмым, новым. Хоць жыла яна тут ужо чатыры гады, але ёй цяжка было хадзiць па горадзе, рэдка яна выязджала са сваёй далёкай ускраiны на аўтобусе ў цэнтр. Са здароўем, з сiлай да яе вярталася разуменне прыгожага, замiлаванне хараством. Калi яе вывелi першы раз у сад, яна глянула на яблынi з рэдкiмi пладамi i, як дзiця, засмяялася ад радасцi. Там, у бальнiцы, i гэтае пачуццё яе палохала. А тут, на цэнтральнай вулiцы, яна глядзела на маладыя лiпы, каштаны, i сэрца яе поўнiлася здаровай, незнаёмай цi даўно забытай радасцю. Яна ўсмiхалася, не падазраючы, што Яраш бачыць яе ўсмешку праз люстэрка. Праўда, калi машына павярнула на вулiцу, на якой мала што змянiлася з таго часу i якую яна ведала лепш, чым любую другую вулiцу, Зося замерла - куды ён вязе? Але прамiнулi завулак, да болю блiзкi, - i яна зноў супакоiлася. Шыковiч чакаў iх каля пад"езда. Машына яшчэ не спынiлася, а Зося ўжо здагадалася, што гэта ён.