Сэрца на далонi, частка 3

Старшыня выскачыў з кабiны i, нiчога не сказаўшы Шыковiчу, не запрасiўшы нават у праўленне, хутка пайшоў па сцежцы да дома, памахваючы сваёй сумкай. Калi машына адышла, Шыковiч застаўся адзiн на вулiцы. Ён нават не паспеў спытаць у дзяўчат, якiя таксама выскачылi з кузава, што ж там, у садзе: кватэра старшынi цi калгасная канцылярыя? Ён толькi беспамылкова вызначыў, што гэта былы папоўскi дом. На другiм баку вулiцы цi, хутчэй, цэнтральнай плошчы (тут перакрыжоўвалiся вулiцы) узвышалася былая царква. Шыковiчу хацелася адгадаць, што ў гэтай недарэчнай будынiне - клуб цi склад? Ды раптам з"явiўся Грак. Без сумкi. З прыветлiвай усмешкай на ўвесь шырокi загарэлы твар: - Таварыш Шыковiч? Кiрыла адразу здагадаўся, што адбылося: пакуль яны ехалi, пазванiў Беразоўскi. Усмiхнуўся ў адказ. - Кiрыла Васiльевiч! - Усё было высветлена. - Як жа можна так? Ай-я-яй... - Старшыня дакорлiва кiваў галавой, цмокаў языком, быццам дакараў малога. - Я разумею, ваш брат, iнжынер нашых душ, хоча глянуць на людзей так, каб яны не ведалi, хто на iх глядзiць. Але мне вы павiнны былi сказаць. Калi трэба, я нi гу-гу. - Ды не, я хавацца не думаю. Даклад буду рабiць. Можна сёння сабраць людзей? - На ваша iмя прыляцяць, як матылi на агонь. "Ого, - падумаў Шыковiч, - ды ён галантны мужчына. Можа i камплiменты выдаваць". Ветлiва адчынiўшы перад госцем дзверы ў кантору праўлення, Грак закрычаў з парога: - Трышка! Абвясцiць па ўсяму сялу: да нас прыехаў вядомы пiсьменнiк Шыковiч! У дзевяць гадзiн усе як адзiн у клуб, слухаць лекцыю! Хлапчына з надзвычай прыгожай чупрынай, белай, хвалiстай (лепшы парыжскi цырульнiк не зрабiў бы такой прычоскi, як зрабiла прырода), раней чым кiнуцца выконваць загад старшынi, шчыра i моцна пацiснуў Шыковiчу руку i паведамiў: - Я чытаў вашу аповесць. I фельетоны. Жанчына-бухгалтар, наадварот, чамусьцi скептычна ўсмiхалася. Вiдно было, што гэта маладая мацi: кофтачку на кнопках распiралi поўныя грудзi, з белага твару не сышлi яшчэ плямы. Пры паўнаце постацi твар гэты здаваўся худым, хваравiтым i, бадай што, быў бы непрыгожы, каб не вочы - вялiкiя, чорныя, хiтрыя i разумныя. Ды яшчэ валасы, такiя ж чорныя, скручаныя на патылiцы ў вялiкую куксу, рабiлi жанчыну прыгожай. Неспадзявана для Шыковiча агульны пакой канцылярыi аказаўся даволi чыстым i ўтульным - нават вазоны на падаконнiку. А сцены абклеены сельскагаспадарчымi плакатамi, падабранымi больш па яркасцi i прыгажосцi, чым па iх прапагандысцкаму значэнню. Плакат, на якiм з кукурузнага пачатка сыплюцца, як з мяшка, каўбасы, сала, масла, сыр, тканiна, гума i iншыя каштоўныя рэчы, аказаўся не на самым цэнтральным месцы, а ў куце каля грубкi. Грак адчынiў дзверы з шыльдачкай: "Старшыня праўлення", але Шыковiч зрабiў выгляд, што разглядае табель выпрацоўкi працадзён, i не пайшоў у кабiнет. Старшыня пачаў шаптацца з жанчынай. Шыковiч здагадаўся, пра што, i перапынiў iх: - Таварыш Грак, калi вы наконт абеду, то не турбуйцеся. Тры гадзiны назад я абедаў у раённай чайной. За вячэру буду ўдзячны. У нашыя з вамi гады i пры нашай камплекцыi многа есцi - самагубства. Грак засмяяўся: - Я думаю, ад яды нiхто не памёр. Можа, памiдорчыкаў, гурочкаў маласольных? А? - З прыемнасцю. Але пазней. На вячэру. - А палуднiчак павiнен быць. Цяпер ужо засмяялася жанчына. - Энергiя трацiцца ад усялякай работы, - глыбакадумна зазначыў старшыня, каб апраўдаць сваё жаданне паабедаць. - У мяне, ведаеце, акрамя даклада яшчэ адна справа ёсць. Скажыце, Сухадол Клаўдзя Сiдараўна жывая,здаровая?