Сэрца на далонi, частка 3
Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёмiўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомнiць прозвiшчы i абставiны. "Ясна, Шыковiч узгадняў з iм. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымлiваць яго. З iм не дамовiшся. Трэба iсцi ў абком". - Ты пачытай уважлiва. Як ён будуе артыкул. Робiць надзьмутую позу аб"ектыўнага шукальнiка. А па сутнасцi, рэвiзуе рашэннi гаркома аб падполлi. - Сур"ёзна? - зноў як бы здзiвiўся Тарасаў. - Ну, гэта мы паправiм. "Паправiм? Няўжо ён збiраецца друкаваць?" - Ты што, лiчыш, што гэтую муру можна друкаваць? Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла блiжэй да Гукана, каб не было так афiцыйна, убок выпусцiў дым i, пранiклiва зазiраючы ў глыбокiя чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску iнтымна, каб выклiкаць на шчырасць: - А што цябе, Сямён Парфёнавiч, так усхвалявала? Жаданне Шыковiча рэабiлiтаваць Савiча? А калi ён сапраўды патрыёт?! - Сяргей Сяргеевiч, ты далёкi ад нашых партызанскiх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якiх мы вялi барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднiкi. Нарэшце, такiя зайцы, якiя баялiся вушамi паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на вiду ўсё: хто герой, хто баязлiвец. А вось тут, у горадзе... Я семнаццаць год разбiраюся з гэтымi справамi... "Нiчога ты не разбiраешся. Напiсаў за цябе IIIыковiч кнiгу, i ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную iсцiну", - падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай: - Памруць гiсторыкi, Сямён Парфёнавiч, калi ты захопiш манаполiю на ўсе даследаваннi. Гукан зразумеў iронiю сакратара, i яна моцна апякла яго. Ён ажно адхiснуўся. Але зрабiў выгляд, што адвалiўся на спiнку крэсла, прыгладзiў рэдкiя валасы, адпарыраваў амаль весела: - Ну, з Шыковiча гiсторык, як з мяне... паэт. Тарасаў патушыў у попельнiцы папяросу i адсунуўся разам з крэслам да стала. Быццам абодва работнiкi захацелi разгледзець адзiн аднаго з пэўнай адлегласцi. - А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамi. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволi. А вось мыслiць паэтычна, шырока i вобразна... - Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, i ён падняўся да акна з намерам трохi пафiласофстваваць. Але Гукан зiрнуў на гадзiннiк i таксама падняўся: - У мяне сустрэча з архiтэктарамi. Не хочаш папрысутнiчаць? Архiтэктура блiзкая да паэзii. - Не, дзякую. Ты ж казаў, вы самi не разабралiся яшчэ. Не буду перашкаджаць вам спакойна разбiрацца. - Дык што з гэтым? - зняважлiва кiўнуў Гукан на стол, дзе ляжаў артыкул. - Пачытаем. Падумаем. Памяркуем. - Жывiцкаму пазванi, а то, чаго добрага, пад нацiскам напорыстага аўтара... - Не бойся. Без нашай з табой згоды не дадуць. Застаўшыся адзiн, Тарасаў доўга, задумлiва палiў каля адчыненага акна, разглядаючы вулiцу, машыны, прахожых. Потым дастаў з сейфа нейкi дакумент, пачаў чытаць яго не сядаючы. Зайшла работнiца гаркома высветлiць нейкае пытанне - ён схаваў дакумент у шуфляду стала. Пагутарыў з ёй, падпiсаў паперы. Выйшла - павольна дачытаў гэтыя нейкiя паўтары старонкi на машынцы, прагледзеў дакумент яшчэ раз, схаваў яго ў сейф i зноў палiў каля акна. Сказаў сам сабе сярдзiта: - Этыка!.. Даволi такой этыкi! Эх, Сяргей, Сяргей, страхуешся. Пасаромейся! Не бойся шышак. Рашуча падышоў да столiка з тэлефонамi, набраў нумар. - Жывiцкi? Прывет. Што гэта ты марынуеш справаздачу аб злёце ўдарнiкаў камунiстычнай працы? Заўтра? Ох, аператыўнасць у вас! Шыковiч у рэдакцыi? Папрасi яго зайсцi да мяне.